I Васілевіч, i Нямкевіч аж застылі ад узрушэння: сапраўды Баравік i іншыя ўжо змагаюцца супраць Саўнаркома Заходняй вобласці.
— Пераканаліся, як той-сёй стрымлівае сваё слова? — запытаў Ландар.
Яны змаўчалі. Не маглі нічога сказаць.
— Сітуацыя, таварышы, цяпер паганая. Адбылася павальная дэмабілізацыя старой рускай арміі. Цяпер на Заходнім фронце засталося ўсяго каля 250 тысяч жывой сілы, з ix страявых — 70 тысяч. Многія пазіцыі зусім аголеныя. Значыць, шлях немцам на Мінск, Смаленск, Маскву i Петраград, лічы, адкрыты...
— Дык што думаў Троцкі, зрываючы мір i заяўляючы пра дэмабілізацыю рускай арміі? — не выцерпеў, усклікнуў Васілевіч.
— Як вы можаце здагадацца, у нас, на вялікі жаль, наконт міру ці вайны з немцамі няма адной думкі,— апусціў вочы Ландар.— Што датычыць мяне, то я — не прыхільнік міру з імі... Але...— Уздыхнуў.— Цяпер мы ўсе чакаем экстраннага Сёмага з'езда РСДРП (б), услед за ім — Надзвычайнага чацвёртага Усерасійскага з'езда Саветаў, дзе пойдзе размова пра гэтую сітуацыю. Па-другое, ёсць ужо дэкрэт, каб утварыць нашу, Чырвоную Армію. Адпаведна, трэба як мага хутчэй...
— Пачакайце,— запаліўся Васілевіч.— Як я зразумеў з вашага намёку, немцы могуць не чакаць, пакуль вашы ў Петраградзе будуць палемізаваць, утвараць новую армію, а пачаць наступаць?
— Якраз так, дарагія браткі-беларусы,— пахмурна прамовіў Ландар.— Сёння яны перадалі: паслязаўтра, 18 лютага[ 2 2 1918 года. Тут i далей даты па новым стылі.
] у 12 гадзін, узновяць тут баявыя дзеянні...
Ландар замаўчаў. Пакутліва зацяліся i яны, моўчкі, але цяжка перажываючы гэтую не такую ўжо неспадзяваную, але вельмі непрыемную вестку, што грувасткім каменем прыціснула ix.
— Дык што — на днях мы можам апынуцца пад акупацыяй? — разгублена запытаў Васілевіч.
— Можаце...
— А вы? Саўнарком Заходняй вобласці?
— Мы,— не падымаючы галавы, паныла прамовіў Ландар,— рыхтуемся да эвакуацыі...
— А край? Мінск? Увесь люд?
— Сітуацыя такая, што вы, на жаль, мусіце трапіць у сферу кайзераўскага ўплыву...— развёў Ландар рукі.— Мы ўжо не зможам стрымаць агрэсара.
— Дык што ж гэта такое, Карл Іванавіч? — падхапіўся Васілевіч.— Сапраўды, як кажуць, нібы існуе нейкая змова Троцкага, а праз Троцкага i Савецкага ўрада з кайзерам?! Нібы наўмысна адчынены ўсе шлюзы немцам!
— Змовы няма, ёсць толькі амбітны ход Троцкага ды цяжкая для Савецкай улады сітуацыя...
— Хтосьці красамоўнічае, спрачаецца, гуляе, а нам — пад чужаземнае ярмо?
— Я думаю: усё гэта будзе часовае.
— Не ведаю, Карл Іванавіч. Але іншае знаю добра: усім гэтым вы не заваюеце новай сімпатыі. Наадварот, можаце шмат страціць з таго, чаго дабіліся.
— Я згодзен з вамі,— адказаў Ландар.— Але... Не мы з вамі самадумам рашылі так, не нам з вамі на сіле штосьці змяніць...
Замаўчаў на хвіліну, пасля рэзка перамяніў гамонку:
— Трэба, таварышы, даверліва пагаварыць. Пра дужа далікатныя рэчы,— Прамовіў, прыкусіў ніжнюю губу.— Значыць, вы пачулі ўжо: на днях мы пакінем Мінск i на днях тут ужо могуць быць немцы. Вашы, канечне, адразу выйдуць з падполля i паспрабуюць спажыць сітуацыю ў сваю карысць.
Ландар адышоў ад стала, стуніў раз-другі, а пасля рэзка павярнуўся.
— Яны, канечне, хацелі б не выпусціць нас жывымі,— сказаў ён.— Ды толькі мала сілы счапіцца з намі. Яны вылезуць на паверхню, калі ў горад увойдуць немцы. Могуць сустрэць тых з абдымкамі, паплакаць i папрасіць задаволіць іхнія амбіцыі. Нямецкае камандаванне, ясна, паспрабуе іграць на вашых нацыянальных пачуццях, як іграе ўжо ў Вільні з літоўцамі. Як ведаеце, там яшчэ летась яно згадзілася ўтварыць Літоўскую дзяржаву. Але толькі пад кайзераўскай апекай. I літоўскія сепаратысты дзеля сваіх эгаістычных мэт згадзіліся, каб Германія анексіравала іхні «любімы родны кут...». Дарэчы, літоўцы ў сваю чаргу загульваюць з вашымі. Каб далучыць да сябе i вашы землі...
Усміхнуўся, пацёр падбародак. Запытаў:
— Адчуваеце, куды хілю?
— Не зусім,— адказаў Васілевіч, запыніўшыся каля Нямкевіча i паклаўшы рукі на спінку суседняга крэсла.
— Мы просім, каб вы вярнуліся да сваіх i здолелі трапіць у іхняе ядро...
— Чаго?
— Для разведкі i для падпольнай работы ў нашу карысць.
Яны абодва апусцілі галовы, замаўчалі. Што ні кажы, незвычайная просьба!
— Калі баіцеся сваіх альбо па перакананнях не можаце згадзіцца на такую адмысловую просьбу, дык бог вам бацька,— сказаў Ландар.— Тады я вам нічога не гаварыў, а вы нічога не чулі. A калі згодныя памагчы Савецкай уладзе, то я звяду вас з кім трэба, i вы ўжо сёння атрымаеце інструкцыю.
Читать дальше