— Аж да Масквы! — пакпіў Мяснікоў.
Сталін, якому яны ўжо гаварылі пра гэта і не толькі пра гэта, нібы нічога не чуў і ні на што не зважаў. Быццам скідваў з сябе ўсё на плечы Леніну ці чакаў ад яго загаднага слова. А то, здаецца, усім выглядам паказваў сваю стомленасць, а то і не такую ўжо вялікую важнасць таго, пра што тут гаварылі.
— Мы цвёрда лічым, таварыш Ленін: у Беларусь найперш павінны ўвайсці Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, беларускія паветы Віленскай і Ковенскай ды заходнія паветы Смаленскай са сталіцаю ў Мінску,— не зважаючы на пачуты кпін апанента, дадаў Жылуновіч.
— Іосіф Вісарыёнавіч,— зірнуў Ленін на Сталіна,— я вас прашу: вельмі асцярожна, тактоўна і на павуковай глебе падыдзіце да фарміравання ўрада Беларусі, вызначэння яе меж. Бо, прадбачу, часамі нават з-за адной нейкай воласці можа ўспыхнуць сыр-бор паміне маладымі рэспублікамі. Вы, таварыш Жылуновіч, таксама, калі ласка, праявіце тут цвярозасць і розум. Бо, адчуваю, сапраўды якраз вам як камісару Белнацкома, віднаму грамадскаму і культурнаму дзеячу, прыйдзецца рыхтаваць маніфесты да свайго народа, фарміраваць і, відаць, узначаліць беларускі ўрад. Калі, канечне, гэтае наша прадбачанне супадзе з думкай камуністаў на Першым з'ездзе Кампартыі Беларусі.
Ленін падняўся, выйшаў з-за стала.
— Хачу спадзявацца, таварышы, што вы пераадолееце чыста чалавечыя непаразуменні, будзеце дружна працаваць дзеля такой важнай справы, як утварэнне новай савецкай рэспублікі,— сказаў падаючы кожнаму руку. А калі падаў Сталіну, дадаў некалькі слоў і яму: — Іосіф Вісарыёнавіч, яшчэ раз папрашу: прасачыце, каб усё было як след.
— Ёсць, Уладзімір Ільіч,— пачціва прамовіў, усміхнуўся той.— Не хвалюйцеся. Падыдзем да ўсяго гэтага вельмі сур'ёзна і адказна.
Калі выйшлі з ленінскай прыёмнай і ішлі па калідоры, задаволены, нават шчаслівы як ніколі, Жылуновіч нібы падляцеў да Сталіна:
— Дык калі, таварыш Сталін, пачнём работу?
І тут жа асекся. Сталін паволі павярнуў да яго галаву і холадна, непрыступна, як кажуць, стаўляючы на сваё месца, працадзіў скрозь зубы:
— Чакайце. Вам пазвоняць.
І пайшоў з Мясніковым і Калмановічам.
Ледзь толькі Жылуновіч, перакінуўшыся словам-другім з Чарвяковым пра сустрэчы ў ЦК, пра прыём у Леніна, вярнуўся ў свой рабочы пакой у Белнацкоме, як яму сапраўды пазванілі з Наркамнаца.
— Таварыш Жылуновіч,— сказаў яму Сталін.— Прыходзіць сёння не трэба. Рыхтуйце спіс беларускага ўрада. Заўтра-паслязаўтра мы паклічам вас.
— Добра,— адказаў ён і адразу ж пачаў абзвоньваць, склікаць калег з калегіі Белнацкома, Цэнтральнага бюро беларускіх камсекцый і Маскоўскай беларускай секцыі РКП (б).
6.
Паклікалі яго да Сталіна назаўтра. Сёння той, пастрыжаны, у белым кіцелі з радком карычневых гузікаў пасярод і па гузіку на шырокіх нагрудных кішэньках, выглядаў молада і жвава.
— Прынеслі спіс свайго ўрада?
— Прынёс. Учора тры гадзіны засядалі і выбіралі з 70 чалавек...
Сталін, уведаўшы, што яны не пераспрачаліся, зрабілі ўсё хутка і ў згодзе, не захацеў слухаць пра ўсе для іх важныя, а для яго лішнія падрабязнасці:
— Калі ласка, спіс.
Жылуновіч падаў.
Сталін, жмурачыся ад дыму, яшчэ болей звузіў вочы, і на яго, можна сказаць, непрывабным твары яшчэ болей абазначыліся паўмангольскія рысы.
Сталін. Міхаіл Фаміч Драка-Дракон — нарком па ваенных справах. Чуў. Мільгала прозвішча ў вашых, белнацкомаўскіх, справаздачах.
Жылуновіч. Драка-Дракон — паліткамісар 1-га беларускага Полацкага палка Заходняй стралковай дывізіі, таварыш Сталін. Адданы...
Сталін (не даслухаў, перапыніў). Іосіф Сцяпанавіч Няцецкі — нарком шляхоў зносін. Таксама трапляла на вочы гэтае імя.
Жылуновіч (уражаны, што нарком Наркамнаца мае ўчэпістую памяць, але цяпер вядзе нейкую адмысловую гульню). Загадчык аддзела друку Вікжэдора і старшыня чыгуначнага саюза Палескіх чыгунак.
Сталін. Якаў Аляксеевіч Рыбак — нарком коштаў і тэлеграфаў. Помню прозвішча, але не ведаю, што за чалавек.
Жылуновіч. Механік Маскоўскага галоўпаштампа.
С т а л і н (ухмыльнуўся). У Маскве — механік, а ў вас — нарком... Вось што значыць свая рэспубліка!
Жылуновіч (стрымана, але смела). Рабоча-сялянская рэспубліка! Не ў прыклад цэнтральнаму ўраду ў нас будзе шмат рабочых і выхадцаў з вёскі.
Сталін (уздрыгнуўшы ад ягонай папраўкі, як ад удару токам). Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў — нарком асветы. Гэтага ведаю, сустракаліся, размаўлялі... Ён на сваім месцы. Восіп (Язэп) Лявонавіч Дыла — нарком фінансаў. Чуў. Ён адзін час узначальваў ваш Цэнтральны бежанскі камітэт.
Читать дальше