— Хто ўбачыць? У такую цемень!
Усё ж наважылася ісці.
Пакрочылі. Поплеч. I болей Зося не вырывалася.
— Людзі i ўночы ўсё бачаць...— сказала.— Ды яшчэ як!
I толькі ён крыху аслабаніў яе руку, як яна рванулася. Утрымаў. Абхапіў рукамі яе за стан.
— Не ўцячэш сёння...— прамовіў, прыціснуўся грудзінай да яе спіны, ткнуўся носам да яе хусткі, што пахла яе валасамі, відаць, учора вымытымі ў настоі з мяты.
Яна ж раптоўна наструнілася, папрутчэла. Усё яе цела, здаецца, было мігам падрыхтавана да абароны. Янка аж сам збаяўся сваёй такой смеласці. Адчуваў: зараз будзе нешта страшнае. Зося не тая дзяўчына, каб не абараніцца, дазволіць некаму вялікую смеласць. Яна як агонь. Даць хлопцу аплявуху — для яе нічога не значыць.
— Янак! — паклікала да разважнасці. Але не злосна, а з хваляваннем.— Далібог жа, убачаць i смяяцца будуць.
— Ну i што?
— Як — што? Хіба табе сяроўна, што людзі брахаць будуць?
— Сяроўна ж кажуць...
— Што — кажуць?
— Ну, што мы з табою... любімся...
— Дурны!— усклікнула i раптоўна замалаціла абоімі локцямі яму ў рэбры, стараючыся выцерабіцца з яго рук.
— Хай сабе i дурны,— усміхнуўся, пад'юшчваючыся, што яна неяк па-добраму сярдзітая.— Але адпускаць цябе ўжо больш не буду. Буду кожны вечар падводзіць дадому.
— А я тады на вячоркі не заяўлюся. Нават з хаты не выйду.
— А я да вас прыйду. У хату.
— Папробуй толькі! — прыстрашыла.
— Нe збаюся.
— Смелы!
— А вот i смелы! — сціснуў, аж адчуў далоньмі яе пруткія грудзі.
— Мядзведзь! — войкнула, уздыхнула.— Адпусці хоць крыху. Усе косці паломіш. Не дзіва, што можаш замест каня плуг цягнуць...
— Хіба ты пані, што ў цябе косці гэтакія слабыя? — ткнуўся шчакою да яе шчакі. Яна ўся ўздрыгнула, нібы да яе шчакі даткнуліся гарачым вуглём. Зноў ірванулася, але ён не адпусціў. Зацішылася. Аж было дзіва: чаму стала гэткая пакорлівая?
— Ну i калючы! — неўзабаве прамовіла з папрокам.— Правёў падбародкам, дык шчака, як ад агню, гарыць.
— Нейкая ты пані, далібог,— усміхнуўся.— Надта ж далікатная!
— Далікатная, далікатная! — перакрывіла.— Галіцца кожны дзень трэба, дык i не будзе падбародак як тарка.
— Няўжо мой падбародак як тарка? — пажартаваў, зноў прытуліў шчаку да яе шчакі. Яна адварочвалася. I зусім ужо не рэзка.— I хіба рукі мае такія благія?
Душою адчуў: трэба цяпер жа пераступіць мяжу асцярогі да смеласці, пралажыць след да новага між ім i Зосяю — трэба яе пацалаваць. Кажуць жа мужчыны: дзяўчаты надта баяцца, каб ix не пацалаваў хлопец, але заадно i надта любяць пацалункі. Аж млеюць ад ix. Надта тады, калi ix цалуюць у шыю ці ў грудзі. У шыю ці ў грудзі цяпер не пацалуеш, дык ён i не будзе туды цалаваць, а вось у губы —
трэба было б. Але як нi з таго ні з сяго пацалаваць? Сорамна ж. Падумае: нейкі лізун! Як кабета! Гэта ж яны, кабеты, любяць цалавацца.
Адчуваў: не асмеліцца цяпер, дык не асмеліцца i пазней. Ізноў будзе тое ж: нясмелыя позіркі, без'языкасць. Вялікім намаганнем волі перамог сваю нерашучасць. Цмокнуў. Хутка i далікатна. У шчаку.
Miгам адхінуўся, адпусціў яе: чакаў злоснага штуршка ў грудзі, а то i горш — удару локцем у нос. Але Зося не рванулася, не напалохалася, як чакаў.
— Ці не здурэў? — нібы здзівілася i ўжо, здаецца, не збіралася ўцякаць. Стаяла па адным месцы.
— Здурэў... I даўно ўжо...— прамовіў ціха. З перарывістым хваляваннем. Адчуўшы яе паблажлівасць, павярнуў яе, зноў абняў, прыткнуўся ўжо грудзінай да яе грудзіны i смела пацалаваў у шчаку, а пасля пачаў шукаць яе вусны.
Зося па-ранейшаму не вырывалася, але гулліва адварочвала галаву і, адштурхоўваючы яго рукамі, не давала свае вусны. I — дзіва! — гарэзна ўсміхалася. Ці ад таго, што ён такі няўмека, ці ад таго, што яна гэтак спрытна ўхіляецца ад пацалунку. I сорам, i яе гарэзнасць пад'юшчылі, i ён мацней сціснуў яе, што яна абвяла. Цяпер напраўду, можа, забалелі яе косці. Але маўчала. Дык ён урэшце ўпершыню дакрануўся да яе халодных i нібы шорсткіх вуснаў. Засаромеўся, аж запалалі вушы. Цалуе ж! Дзяўчыну! Зосю! А яна, усё гарэзуючы, сціснула вусны. Схавала. I ціха, не адкрываючы рот, пасміхоўвалася. Аж, здаецца, трапяталася нешта ў яе горле. Пацалаваў раз, другі. Недзе каля яе рота.
Адчуў: ніякай радасці ад гэтых пацалупкаў. Зусім не тое, як думаў раней. Адзін толькі сорам.
Зноў папрутчэла, пачала выкручвацца з рук. Ён не адпускаў.
— Ідуць! Блізка ўжо! — прашаптала.— Пайшлі. Каб не дагналі.
Рушылі. Хутка-хутка. Зося, сама ўжо несучы вузельчык, не ўцякала. I тое, што яна нядаўна гэтак прашаптала пра небяспеку для ix абаіх, што ідзе побач, трывожна хвалявала: між імі змова!
Читать дальше