- Ну што ж, сходзім, Сузі, калі ты гэтага хочаш. Толькі ж рэстаран каштуе грошай!
- Кінь, Элі, гаварыць пра грошы. Не мы для іх, а яны для нас... Урэшце маю я права пачаставаць хоць сёння маю слаўную Элі?..
Жонку кранулі гэтыя словы. Гэта ж ён гаварыў так даўным-даўно, можа, гадоў пяць назад, калі познім вечарам у гарадскім парку прызнаваўся ёй у каханні.
І яны пайшлі.
Ён доўга, з выглядам добрага знаўца, выбіраў меню. Раіўся з ёй, якое віно ёй больш даспадобы, каліфарнійскае ці замежнае, французскае. А можа, яна хоча што-небудзь больш моцнае?
- Я ніколі не піла французскае... - ціха прызналася яна.
- Ну добра, французскае дык французскае...
За сталом Элінора пераканалася, што муж яе сапраўдны гурман. Усё, што ён заказваў, доўга раючыся з афіцыянтам, было наўздзіў смачнае, і яна зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, незадаволены. Тое, што рыхтавалі яна і яго маці, не было такім смачным. Вядома, справа тут у грашах... Успомніўшы пра грошы, яна не магла не напомніць яму:
- Сузі, ты, аднак, транжырыш грошы! Можа, не трэба...
Ён падаў ёй непрыкметна знак рукой: нязручна ж гаварыць аб такіх рэчах, калі ён раіцца з афіцыянтам, той жа можа падумаць аб іх ліха ведае што...
І яна змоўкла. Кіслы настрой - каму прыемны праводзіны, развітанні? - хутка прайшоў, з кожнай чаркай рабілася весялей. Усё, што было такім шэрым, звычайным, нудным, неяк адыходзіла прэч. Жыццё здавалася цудоўным, прыгожым, нават Элі не хацелася ўжо хутка пакідаць гэты ўтульны рэстаран.
Калі Сузан запрасіў яе прайсціся які круг у танцы, яна спачатку запярэчыла, але тут жа згадзілася:
- Ну добра... Раз ты хочаш, я згодна.
Яны прайшліся некалькі кругоў. Як гэта прыемна - кінуцца, задыхаўшыся ад танца, у зручнае крэсла і паволі пацягваць кактэйль. Спецыяльны дамскі кактэйль, як кажа Сузі! О, ён вялікі спец на ўсе гэтыя віны, кактэйлі! Канечне, яно было б лепш, каб ён не дужа разбіраўся ў гэтых справах. Але раз ужо гуляць, дык гуляць... Можна, урэшце, хоць раз за некалькі год дазволіць сабе такое...
Зноў танцавалі, адпачывалі, слухалі музыку, час ад часу перабіваемую паведамленнямі аб адлёце і прылёце рэйсавых самалётаў.
У Эліноры кружылася галава, яна нешта весела гаварыла, не змаўкаючы і смеючыся з Сузана, які завельмі марудна выбіраў марожанае, і ў гэты час яны пачулі паведамленне, якое на кожнага з іх зрабіла рознае ўражанне.
«Самалёт семдзесят пяты, які спазніўся з вылетам на гадзіну з прычыны дрэннага надвор'я на трасе ў гарах, зараз пайшоў у паветра».
- А мы і не ведалі, што маці яшчэ тут. Мы гуляем з табой, а яна сумавала там, у самалёце. Каб ведалі, то і яна пасядзела б з намі, - выпаліла адным махам Элінора, якая была ўжо ў самым добрым настроі і для якой увесь свет цяпер уяўляўся ў самым ружовым святле.
А Сузан чамусьці сядзеў, нібы прыбіты да крэсла. Ён многа выпіў, але ап'яненне адразу прайшло, ён тупа глядзеў у акно рэстарана, але нічога не бачыў. Перашкаджалі назойлівыя думкі. Ён толькі сказаў амаль што шэптам:
- Божа мой, Божа, гэта ж дзве гадзіны...
Элінора перапытала:
- Пра што ты гаворыш, Сузі?
Сузан зрабіў такі рух, нібы папярхнуўся, сутаргава схапіў недапітую чарку, асушыў яе. І толькі тады адказаў:
- Я ж гавару, куды гэта варта, калі самалёт спазняецца аж на цэлую гадзіну. Гэта называецца - парадкі...
- А што тут асаблівага, Сузі? Ну, прыляціць маці на гадзіну пазней, і толькі... Падумаеш, такая ўжо бяда, калі твая сястра лішнюю гадзіну прабудзе на аэрадроме, чакаючы маці. Вось мы прасядзелі ўжо тут цэлую гадзіну і не заўважылі, як прайшоў час.
- Не верашчы! - кінуў Сузан, і ў голасе яго пачуліся зласлівыя ноткі. - Гэта ж так непрыстойна, на нас глядзяць людзі.
Элінора разгублена азірнулася па баках.
- Чаго ты крычыш на мяне? Ніхто не глядзіць на нас.
Сузан наважыўся быў агрызнуцца, але махнуў рукой і, наліўшы адну, другую чарку, залпам асушыў іх. Элінора пакрыўдзілася:
- Вось ты заўсёды так: на хвілінку станеш добры, а потым зноў за старое... Не напіўся яшчэ?
- Няхай, выпі і ты... - прымірэнча прамовіў ён і наліў ёй і сабе па чарцы, чокнуўся з ёй. - А цяпер паехалі! Чаго мы будзем сядзець тут...
Дома ён зноў зрабіўся пануры, маўклівы. Другім разам пасля такой выпіўкі ён заваліўся б спаць, а цяпер сноўдаўся па кватэры, не ведаючы, чым жа яму заняцца, да чаго прыкласці рукі. Не раз і не два падыходзіў да радыёпрыёмніка, уключаў яго і тут жа раздражнёна выключаў. Шум і грукат джаза, рэкламныя абвесткі так абрыдлі, што хоць ты ўцякай ад іх на край свету. Толькі затрымаўся быў каля прыёмніка на колькі хвілін, калі будаўнічая кампанія рэкламавала продаж гатовых дамоў разам з зямельнымі ўчасткамі ў працяглую растэрміноўку.
Читать дальше