- Мы яшчэ пакажам усім! - уголас гаворыць ён, мнучы ў попельніцы недакурак цыгарэты.
- Што ты пакажаш і каму? - чуе ён голас. Ён нездаволена азіраецца назад, на дзверы. Хто гэта выбівае яго з прываблівага свету мар і спадзяванняў?
У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у бляклых вачах нямое запытанне.
- Гэта я так... - нехаця адказвае ён і, спахапіўшыся, дадае: - Вось кніжачку адну чытаю... - і ляным жэстам паказвае на дэтэктыўную аповесць, разгорнутую перад ім.
- Дык нешта ж уголас? Зноў, відаць, пасварыўся з жонкай. Нядобра гэта, сынок, нядобра. Яна цярплівая жанчына, трэба толькі здзіўляцца, як яна яшчэ трымаецца ў нас. Я б на яе месцы даўно разышлася з табой, такім слаўным мужам...
- Кіньце, маці, абрыдла слухаць!..
- Табе слухаць, а мне абрыдла глядзець на цябе і на твае паводзіны.
- А вы і не глядзіце, будзе вам спакайней.
- Добра, кінем. Адно, што я хацела б сказаць, каб вы жылі ў ладзе і спакоі. Хаця б тыя дні, на якія я адлучуся з хаты.
- Куды вы думаеце адлучацца? - механічна перапытаў Сузан, рады ўжо таму, што тэма гутаркі некалькі мяняецца.
- З'езджу да Беці дзён на дзесяць. Я не бачыла яе даўно. Гэта ж ужо дзесяць год мінула, як яна з мужам прыязджала да нас. Тады тваёй пляменніцы, маленькай Караліне, было ўсяго шэсць год. Памятаеш, як яна заліла соўсам твой святочны касцюм?
- Гм... Чаму ж не памятаць! Тады мне здорава ўляцела ад бацькі. Ён жа не ведаў, што прычынай усяму тая свавольніца, капрызуля, і ўсыпаў мне добрую порцыю гарачых...
- Знайшоў што ўспамінаць... А цяпер, як бачыш, той свавольніцы праз два тыдні будзе шаснаццаць год. Беці з мужам запрашаюць мяне на гэтую сямейную ўрачыстасць.
- Як жа ты паедзеш, а служба?
- Фірма згадзілася даць мне цяпер мой гадавы адпачынак.
- Ну што ж, едзь, маці. Мяне, нябось, не запрашаюць у госці?
- Паспееш яшчэ з'ездзіць... Мне-то, старой, не так ужо лёгка выбраць час для паездкі, ды і не люблю я доўгія дарогі...
- Цяпер жа не так ужо дрэнна ў цягніках, за якія суткі - паўтара будзеш і на месцы.
- А я думаю самалётам. І хутчэй, і пару дзён сэканомлю.
- Ты ж не ахвотніца лятаць на самалётах. Памятаеш, як у мінулым годзе праклінала адну сваю службовую паездку?
- Гэта не так ужо і страшна. Перасадкі з поезда на поезд - вельмі нудная справа, ды і часу траціцца зашмат.
Яны даволі мірна пагаварылі аб некаторых справах, успомнілі мінулае, калі жыў быў бацька і маці вяла толькі хатнюю гаспадарку. Успомнілі, што бацька ўсыпаў гарачых сыну не толькі за сапсуты касцюм, але і за дрэнныя поспехі Сузана ў школе, з-за якіх бацьку даводзілася не раз і не два весці не зусім прыемныя размовы з настаўнікамі. І як бяжыць час: прыязджала маленькая Караліна, усяго год чатырнаццаць было Сузану, а цяпер у яго ўжо дзеці, двое дачок... Усё было б так добра, каб не гэтыя сямейныя згрызоты. А з-за чаго? З-за якога-небудзь няшчаснага долара... Ну гуляе, ну выпівае часам... Падумаеш, якія страхі! Не мільёны ж прапівае ён...
Маці паволі рыхтавалася да сваёй паездкі. Купляла сякія-такія падарункі дачцэ, яе мужу і самы лепшы - унучцы Караліне. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Схадзіў на аэрадром, прынёс дахаты акуратна выпісанае распісанне самалётных рэйсаў да горада, у якім жыла сястра ў Канадзе. Гадзінамі праседжваў вечарамі з маці, выбіраючы сумесна з ёй найбольш зручны для яе маршрут. Дастаў нават карту гэтых маршрутаў. І за пяць дзён да адлёту купіў маці білет. Купіў нават за ўласныя грошы, чым вельмі расчуліў маці, і яна, упершыню за колькі год, пацалавала яго і нават сказала:
- Вось бачыш, ты ж можаш, калі захочаш, быць такім харошым чалавекам... і... добрым сынам...
- Ну што вы, маці... Я заўсёды такі... Калі што і бывае, дык гэта ж выпадковыя з'явы, ці варта звяртаць на іх увагу!
- Вядома, сынок... Магчыма, я часам і памылялася, калі думала аб табе толькі блага...
Яна нават змахнула слязу, першую за апошнія гады слязу радаснага замілавання сваім адзіным сынам...
Сузан хацеў быў сказаць, што ён збіраўся купіць ёй у аўтамаце на аэрадроме спецыяльныя страхавыя полісы. Каштуюць яны вельмі танна, усяго які-небудзь долар ці паўтара, а выплачваюць па іх... здорава выплачваюць... Справа тут пахне тысячамі, калі купіць некалькі полісаў. Але тысячы толькі ў выпадку... Ну, ці будзеш жа гаварыць роднай маці, у якім выпадку выплачваюць тыя тысячы. І ён палічыў, што гаварыць ёй аб такіх справах было б ужо зусім нетактоўна... Ён жа сын, а не хто іншы. І ён прамаўчаў пра гэтыя полісы, якія каштуюць так танна, так танна...
Читать дальше