А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі.
* * *
Доўгія сумёты ляглі ўпоперак дарогі, і людзі стараліся патрапіць след у след, каб лішне не ісці цаліной. Суха шархацела маразявае голле прыдарожных бяроз, парыпвалі хвоі. Вецер шалёна налятаў на дрэвы, нібы намагаючыся паваліць іх з разгону, шкуматаў іх вяршыні, дзіка завываў у голлі і кідаў у падарожных цэлыя гурбы снегу.
- Ну і надвор'е! - вымавіў чалавек з перавязанай рукой, папраўляючы каўнер шыняля. - Няйначай дзе чэрці вяселле спраўляюць...
Ён аказаўся гаманкім і вясёлым чалавекам. Нягледзячы на непагоду і недалужную руку сваю, ён сыпаў пытаннямі, усё дапытваўся, ці хутка канец дарозе, як там у партызан...
- Ды неяк жа прыйдзем, а там пабачыце самі... - неахвотна адказваў дзед Астап, часцей за ўсё адрабляючыся няхітрымі адказамі: не, не ведаю... самі пабачыце...
А чалавек усё сыпаў пытаннямі: а колькі там партызан, ды як яны там, разам ці па групах, ды ці добра яны ваююць, а ці ёсць у іх хаця добрая зброя?..
- Добрая зброя? - абярнуўся Астап і скоса пазірнуў на чалавека. - Не лічыў я, але ж на немцаў хопіць... А ці добра ваююць, то ты запытайся, чалавеча, у немцаў, яны ж гэта ведаюць... А калі не яны, дык іхнія спіны... Але ж і язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка... Ды што мянташка! Не раўнуючы, як памяло ў старой бабы, аж пыл курыць з-пад яго...
Чалавек з перавязанай рукой кісла ўсміхнуўся.
- Ды я ж на радасцях, родны, з сваім жа чалавекам як не пагаварыць...
- Язык прастудзіш - вось і ўся твая радасць будзе...
І дзед Астап замоўк. Замоўк і чалавек з перавязанай рукой. Яны ішлі лесам. І хоць тут было зацішней, але снегу наваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, сыпучы. Людзі ледзь выцягвалі ногі, правальваючыся па пояс. Прайшлі, відаць, кіламетраў з дзесяць, пятнаццаць. Некаторыя аж узапрэлі, параспускалі шынялі, другія нават скінулі іх, неслі ў руках. І дзіўная рэч: ніхто з гэтых людзей больш не накульгваў, пазнікалі бінты, якіх дужа багата было панаверчана на некаторых. Пад дзіравымі, абшарпанымі шынялямі аказаліся дабротныя кажушкі ці звычайныя мундзіры. Гэтыя мундзіры былі чамусьці нямецкімі.
Дзед Астап скоса прыглядаўся да бліжэйшых з іх. Скрозь завыванне завірухі да яго даносіліся паасобныя словы, і ён не разумеў іх: людзі гаварылі па-нямецку. Раней яны не ўсе мелі зброю, цяпер кожны чамусьці ішоў з вінтоўкай ці з аўтаматам. Прыкмеціў ён нават некалькі кулямётаў, якія неслі пазадзе.
Хоць гэта востра занепакоіла яго, але ён меў усё той жа спакойны выгляд і ішоў не спяшаючыся, лёгка перастаўляючы бярозавы кіёк-папірашку. Яшчэ на сярэдзіне дарогі адчуў ён няладнае. Ён ішоў, і мянялася дарога, а ён і не ведаў нават добра, колькі прыйдзецца яшчэ прайсці з імі, калі прыйдзе канец гэтаму падарожжу. Падкошваліся ногі ад стомы, сударгавы кашаль забіваў яму грудзі, усё часцей чапіўся з адным і тым жа запытаннем чалавек з перавязанай рукой:
- Ды ці хутка мы дапаўзём, урэшце, чорт бы браў гэтую праклятую дарогу?..
- А ты не спяшайся... Ту-у-ды... заўсёды дапнём... - І дзед Астап цяжка прадзіраўся праз сумёты, праз густыя лесавыя зараслі.
Неўзабаве яны выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп'ё, лазнякі ды чараты, чараты, як акінуць вокам. Насоўвалася ноч. Ісці стала вальней. Завея павыдзьмула снег да самага льду, да прамёрзлай зямлі. Але сіберны вецер валіў з ног, пранізваў да касцей сваім лютым подыхам. Людзі прыпынілі чалавека з перавязанай рукой і дзеда Астапа, аб нечым пыталіся ў таго чалавека, пыталіся па-свойму, па-нямецку. Адзін, відаць, з нейкага начальства, строга дапытваўся ў чалавека і нешта паказваў на Астапа. Тыя, што згрудзіліся, цёрлі вушы, пабялелыя шчокі, спрытна падскаквалі, каб сагрэцца як на гэтай сібернай выдзьме. Дзед Астап зорыў вокам за імі з-пад заснежаных брывей, і ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў. Чалавек з перавязанай рукой звярнуўся да яго:
- Яны пытаюцца...
- Хто - яны?
- Ну, нашы... пытаюцца, ці не заблудзіўся ты?..
- Скажы: не...
- Яны яшчэ пытаюцца, ці няма дзе месца заначаваць...
- Няма...
- І ці доўга ісці?
Астап задумаўся на хвіліну, адказаў:
- Скажы: нядоўга... Яшчэ з паўгадзіны, не болей...
Чалавек з перавязанай рукой глядзеў на яго халодным, пранозлівым позіркам. На яго пабялелым твары перакатваліся жалвакі, і ўвесь ён стаў нейкім вострым:
- Ты-ы... не брэшаш мне часам, чорт стары?
- Што ты, душа ласкавая... Навошта ж мне брахаць... Калі не вераць, няхай самі ідуць... Вялікі то мне інтарэс гібець тут з вамі... Так і скажы гэтым самым... вашым...
Читать дальше