— Что такое Советская власть?
— Гатова! — вырвалася адразу зь некалькіх глотак, і актор Бурых, уваходзячы ў ролю, ступіў крок наперад і з картавінкай у голасе прамовіў:
— Очень... очень хаашо!
Рабацягі, што стаялі вакол трыбуны, загаманілі, зарагаталі, але калі на трыбуну ўзышоў жывы Ленін, разам аціхлі.
— Что такое Советская власть? В чём заключается сущность этой новой власти, которой не хотят или не могут понять ещё в большинстве стран? — грымнула над людзкімі галовамі, «газон» скрануўся зь месца, і ўсе, хто знаходзіўся на заводзкім двары, міжволі рушылі сьледам. Сьцяпан Кузьміч рушыў таксама і, глытаючы халодны камяк у горле, дараваў актору прапітыя трыццаць пяць рублёў.
У ноч напярэдадні сьвята Сьцяпана Кузьміча апанавала бяссоньне. Ён доўга круціўся на ложку, два разы піў валяр’янку, а калі, у рэшце рэшт, заснуў, сон прыйшоў трывожны і замарачны. І прысьніўся Сьцяпану Кузьмічу п’янюга Гасьцюгін, які махаў перад ягоным носам разьлівачным каўшом, прысьніўся актор Бурых, які бегаў вакол вогнепырскай вагранкі, дэклямуючы «Чарговыя задачы Савецкай улады», і нават калі ён прачнуўся і прыўзьняў голаў над падушкай, шум дажджу знадворку і далёкі лямант рэпрадуктараў падаліся яму галасамі гэтых п’янюг.
Ранак зеўраў цёмнымі вокнамі. Сьцяпан Кузьміч крыху папесьціўся ў ложку і, пералезшы праз сонную жонку, пасунуўся на кухню гатаваць сьняданак.
Трывожныя прадчуваньні не давалі спакою і потым, калі ён ехаў на завод, і калі выводзіў сьвяточную калёну на месца збору.
«І собіла ж мне зьвязацца з гэтым акторам», — круцілася ў галаве назойлівая думка, і галава ад тае думкі рабілася ўсё болей цяжкою і тлумнай.
Яшчэ ўчора ідэя правесьці па горадзе «жывога Леніна» здавалася геніяльнаю, а сёньня... Сёньня халодныя сумненьні кроілі збалелае сэрца. «Узгадніць трэба было гэты маскарад. У тым жа абкаме. Усё ж ня Несьцерку павязем, а Леніна», — з гэтаю думкаю Сьцяпан Кузьміч сышоў на ўзбочыну праспэкта – паглядзець, ці рушылі пярэднія калёны, і ногі ягоныя адчулі лёгкае ўздрыгваньне. Па галоўным пляцы пайшла ваенная тэхніка.
Парывы волкага ветру валілі з ног. У майстра Карозы, які стаяў паперадзе калёны, трымаючы ў руках пераходны Чырвоны сьцяг, вецер зьдзер з галавы капялюш, камсамольскай сакратарцы Аўдошцы ўзьняў спадніцу, а ў партрэта члена Палітбюро Далгіх абламіў дзяржальна, на якім той партрэт трымаўся.
«Як тое будзе?» – уздыхнуў Сьцяпан Кузьміч і, гнаны ў сьпіну парывамі ветру, пашыбаваў у канец калёны даваць апошнія настаўленьні актору.
Актор сядзеў у кабінцы «газону», а побач зь ім, выставіўшы ў акно няголены твар, сядзеў сьлесар Гасьцюгін.
— Як вы тут... не ўжываеце? — гукнуў Сьцяпан Кузьміч, скочыўшы на прыступку кабінкі.
— Кузьміч... крыўдзіце... – не зусім цьвёрдым голасам азваўся сьлесар Гасьцюгін, а актор Бурых, памацаўшы бародку, заклапочана вымавіў:
— Юркі няма.
— Якога Юркі?
— Ну... манцёра... які павінен магнітафон уключыць, — Бурых вінавата пасьміхнуўся і, тыцнуўшы пальцам у лабавое шкло, дадаў: — Вунь, ужо ідуць!
Дэманстранты бязладным натоўпам рушылі наперад, шафёр машыны крутнуў ключ запальваньня, а Сьцяпан Кузьміч спалохана крыкнуў:
— Дык чаго вы седзіце?!
Часу на роздум не было. Сьцяпан Кузьміч адчыніў дзьверцы, ухапіўся рукою за рукаво гасьцюгінскага плашчу:
— Гасьцюгін, лезь у трыбуну... Магнітафон уключыш.
Сьлесар замармытаў штосьці пра адгулы, зь неахвотаю вылез з машыны, а сьледам скочыў на асфальт і актор.
— Ленін! Ленін! — закрычалі навокал, і Сьцяпан Кузьміч, азірнуўшыся, увабраў голаў у плечы.
«Газон» тузануўся, актор з Гасьцюгіным на хаду залезьлі ў кодаб – балазе барты былі адкінутыя – і вокраччу папаўзьлі да бутафорскай трыбуны. Такія паводзіны «жывога Леніна» разьвесялілі публіку. Публіка зашумела, зарагатала, а нехта нават сьвіснуў. Некалькі чалавек з ачапленьня кінуліся ў той бок, адкуль пачуўся сьвіст, і ў Сьцяпана Кузьміча ад такой праявы затрэсьліся паджылкі.
— Левая клявіша! Другіх не чапай... – гукаў Бурых, нахіліўшыся да цёмнай адтуліны, зь якой тырчэлі абцасы стаптаных гасьцюгінскіх чаравікаў.
Адтуліна асьвятлілася на імгненьне кволым сьвятлом – Гасьцюгін чыркнуў запалкай, у трыбунных нетрах штосьці бразнула, а за сьпінаю Сьцяпана Кузьміча прагучалі словы, ад якіх ногі сталі ватныя і сьвет перакуліўся дагары нагамі.
— Таварышы, гэта ж блюзьнерства!
Ня памятаючы сябе, ён кінуўся наўздагон машыне, махнуў рукою, загадваючы актору дзе—небудзь схавацца, але той, па—свойму зразумеўшы такую адмашку, схапіўся за поручні і сьпехам узьлез на трыбуну.
Читать дальше