П е р ш ы г р а б а р
Спрачаюцца, даводзяць, наракаюць,
учора большы гэты, сёння той,
а праўда — быццам коўш — усё між імі,
а праўда — у няведанні: пры іх...
Не ведаю якраз і роўна столькі,
як гэта ведаю, а болей не магу
цяпер не ведаць,
некалі, магчыма,
калі, напрыклад, коўш апаражню
або наадварот — калі напоўню,
змагу не ведаць болей...
А пакуль
апаражняць напоўненае мушу
і напаўняць парожняе...
Ні мне,
ні іншым не ўдаецца абысціся,
каб абысці замоўлены заказ...
Я мушу і хачу, хачу і мушу,
але — каму?.. Не ведаю каму...
Каму я п'ю, жыву, каму капаю
зацятую зямлю...
Не мой адказ.
Ва ўсіх жыве няведанне, і ўсім
яно дарадца, ўсім і апраўданне,
яно ўсіх корміць, любіць, сцеражэ
і вучыць да калодзежа даходзіць...
А калі дойдзем — ён нас павядзе,
да самай праўды, праўды неаспрэчнай,
і праўдай станем мы:
бо не сабой
пазначаны —
пазначыць нас калодзеж...
Інакшае — рыдлёўкі і пласты —
адвольныя ў сваім судачыненні,
і грабары адвольныя, бы крык,
які не апускаецца з нябёсаў,
або маўчанне, што, наадварот,
ляціць сюды...
Калодзеж — не адвольны...
І час прыходзіць піць з яго ваду,
калі ніхто нікуды не прыходзіць...
Каб свет вяршыўся, мусіць быць найперш
і найпасля калодзеж непарушны,
няведання калодзеж...
Чалавек
заўсёды памыляецца ўсё роўна —
калі мяркуе, і калі крычыць,
і калі ўжо нічога не гаворыць...
Няхай жыве няведанне — яно,
адно яно не ўмее памыляцца.
Нябёсы разлучыліся...
Чым стаць
спяшаецца адлучаная частка?..
Д р у г і г р а б а р
Хачу вады...
Хачу вадою стаць...
Хачу вады...
Калодзежам глыбокім
спыніцца, дзе спыніліся цяпер
капаць яго...
Хто стане чалавекам?
Нас убіраюць нашыя сляды,
як быццам хтось пасоўваецца ззаду
і нам упадабняецца ўвесь час
і ўсё не аб'яўляецца на вочы...
Што ў чалавеку — сонца?., што вада?..
Нас хтосьці падмяняе... падмяняе...
і ўжо без нас тады-сяды жыве
і нават разважае аб рамёствах.
Як зберагчыся?..— сціснулі сляды...
А ў сонца і вады папераменна
застаўся эталон — кім трэба стаць:
хачу — вадой...
Хто стане чалавекам?
У нас — хаценне, а што хочам — дзесь,
але вядзе відушчае, бы рэкі,—
незразумела пальцам і вачам,—
даверцеся, нас нашае хаценне...
...І возьме, калыхнуўшыся, вада
і, ўзяўшы, абароніць ад падмены...
Не прыдаецца спадчына — гнятуць
і душаць крылы:
мроілася — ўзносяць...
Адрыньцеся — адрынуты сляды —
ад крыл і сноў —
апошняй перашкоды...
Калодзежам... вадою... будуць піць...
О, як імкліва, як пераканана
ляціць без крыл, хто меў іх кагадзе,—
ім не паспець...
Хто стане чалавекам?!.
Адкуль слімакі — застаецца спрэчным і цьмяным. Дагэтуль не знойдзены іхні продак. Але, як пацвердзілі доследы, маецца ў іх надзвычайная функцыя: ўтойваць і помніць.
Ты сам сябе помніш толькі такім і размову, з якой ад цябе не хаваліся: сам зразумее, бо як яму растлумачыць?!. Сам зразумее найлепей, што ён такі. А маці, калі на цябе азірнулася, як напалохалася: ён усе разумее, што мы гаворым...
Зноў прыдаліся пляскатая трэска і круглы крапчасты камень — ты з імі гуляў, і табе было добра: тое ўжо не балела, бы некуды знікла, як знікла, калі ты аднойчы парэзаўся шкельцам, кроў на пальцы — сама, без цябе, без тваіх намаганняў...
Ні тая пляскатая трэска, ні крапчасты камень, ні матылёк, за якім ганяўся, ні вашы — як думаў — буслы на пуні нічога табе не сказалі: ні ў чым не было чужога.
Потым ты бавіўся з дзецьмі ў пульхным дарожным пяску — падкідвалі прыгаршчмі ўгору: а на каго ўпадзе?!. Падкідвалі і адбягалі, падкідвалі і крычалі: ...на каго бог — на таго і я... І ты адбягаў, і крычаў таксама, і не зважаў: на цябе найбольш...
Зграбалі пясчаныя кучы, усе ў цябе атрымлівалася, як і ў іншых, але калі паспрачаўся з-за кучы — хто большую кучу пяску нацёгаў,— суседскі хлапчук замест доказаў крыкнуў зламысна: Карпеч... І дзеці, паўскокваўшы, падхапілі: Карпеч...
Ты здранцвеў... разгубіўся... пабег дахаты, а ззаду крычалі адно і тое ж: Карпеч...— пачварнае, недарэчнае, несправядлівае слова, але гэтае слова было пра тое . Ты бег і не плакаў — да тых, што заступяцца: о тата!., о мама!..— да іх... Што выправяць, каб усе было добра, што абароняць... А каля ганка раптоўна спыніўся: прыпомніў іхнюю гутарку і штось зразумеў, і тады заплакаў, і плакаў, прыпаўшы да ганка... А слова, запаўшы ў цябе, узышло і намацала самую сутнасць — о дзіцячая правата і дзіцячая жорсткасць!..
Разглядаючы ракаўку, неабходна зважаць на ўсе ямкі і ўзгоркі. Няма ў ей нічога лішняга: як агульнаю формай, так самаю дробнаю зморшчынай — усё неабходнае. Па знойдзенай ракаўцы можна заўжды здагадацца, як называецца гаспадар...
Читать дальше