На гэтым я мог бы і завершыць сваё метафізічнае фэнтэзі. Але ж людзей метафізіка звычайна мала вярэдзіць, бо самі яны свае жыткі адбываюць непасрэдна і ў цалкам канкрэтных абставінах. З гэтага людзей найбольш цікавяць праўдзівыя і рэальныя факты. Таму я на колькі словаў падоўжу свой расповед.
Валадарства Божае знаходзіцца ні недзе там у апошнім касмаганічным закутку, а ўсутыч з нашым Светам, каб было меней мітрынгаў з перасяленнем душаў. Асноўная яго адметнасць у тым, што яно не мае прасторавых кардынатаў. Гэта значыць, што усё Валадарства Божае месціцца не вонкі, а ўнутры самога Бога. Дарэчы, інтуітыўна беларусы пра гэта заўсёды ведалі. Нашае выслоўе «Патрапіць да Бога за пазуху» абсалютна дакладна характарызуе сітуацыю.
Яшчэ я хацеў бы заспакоіць тых, хто палохаецца пякельнай адплаты за свае грахі. Грашыць не душа, а толькі цела, якое назаўжды застаецца ў гэтым Свеце. Між іншым, яшчэ Святы Аўгусцін запэўніваў: «Любі Бога і рабі што хочаш». Але туды патрапляе далёка не кожны, а толькі той, хто дае веры Богу і любіць Яго. На жаль, я мушу паведаміць і пра трагічнае — немаўлятам там няма месца. Як няма там месца і кожнаму, хто нічога не чуў пра Бога, як, да прыкладу, тыя людзі, што жылі ў эпохі, калі ягоны Свет яшчэ не быў створаны, прынамсі, публічна не быў прэзентаваны. Рэч у тым, што душа ні што іншае, як вера ў Бога і любоў да Яго. Больш за тое, Бог сам і стварыў душу, як адмысловы вынятак з чалавека, які б па смерці можа было лёгка транспартаваць ў Ягонае Валадарства і натуральна задзіночваць з Ім. ( Тут у мяне атрымліваецца радыкальная пярэчва вельмі шанаванаму мной Лейбніцу, які сцвярджаў: «Не бывае душаў зусім адлучаных ад целаў». Але паходзіць яна толькі з таго, што Лейбніц традыцыйна лічыў Бога стваральнікам і гэтага Свету. ) А вось усе не абазнаныя ў Богу разам з недаверкамі знікаюць ва ўласнае няма на тым самым месцы, дзе іх заспее апошні час — і гэтым вялічаць дыскурс Нішто. Апошніх я магу суцешыць адно эўрыстычным здумленнем Ніцшэ, якое атрымала назву «вечнае вяртанне». Сутнасць яго ў тым, што ўсё былое некалі вяртаецца такім самым, як было і наноў паўтарае сваё існаванне (і так ад веку да веку). Ніцшэ і сам не змог уцямна патлумачыць як такое можа быць і таму яго шалёную інтуіцыю залічылі ў інтэлектуальныя забаўкі. Але цяпер, калі я зразумеў сэнс Нішто, як месца, куды патрапляе і дзе захоўваецца ў сваёй адсутнасці ўсё былое, дык пачынаю думаць, што можа праз нейкі адмысловую працэдуру былое насамрэч некалі вяртаецца з няма ў ёсць і потым зноў знікае ў Адсутнае да наступнага разу. І раптам мы з вамі некалі (праз колькі мілярдаў ці трыльёнаў год ) яшчэ сустрэнемся на гэтым Свеце?! А што да таго Свету, які заканцаваны на самім Богу, дык пра яго мне ўжо і няма чаго болей сказаць, бо там заўсёды адно тое самае.
Урэшце, Бог – гэта вялікі акварыўм, у якім нашыя душы плаваюць як залатыя рыбкі. Можа, праз адну-другую вечнасць Богу гэта надакучыць і Ён разбурыць шкляныя сценкі акварыўма. Тады душы выплюхнуцца навонкі і змяшаюцца з зорным пылам. Бог паглядзіць на іх з сумам і прыдбае сабе новую забаву ці схаваецца назаўжды ў Нішто.
А я з гэтай нагоды складу яшчэ адно метафізічнае фэнтэзі.
Прысвячэнні
Я —
толькі месца сустрэчы
і рэшта спатканняў
(іншыя меркаванні
лічыце лухтой)...
І з гэтага
там,
дзе мяне не стане, —
не знікне ніхто.
Пазвоніць Алесь
і скажа:
— Паедзем у лес,
а потым грыбоў
насмажым.
Паедзем...
Не лес,
а сонца бярлога.
Пэўна,
тут недзе
сцежка
да Бога.
Колькі хопіць
ног,
абшукаю спрэс...
Калі ёсць
блізу Бог,
то Бог —
гэты Лес.
Ды пра гэта
казаць
я Алесю
не буду.
Лес — каб маўчаць
ці крычаць
з перапуду.
Потым грыбоў
насмажым,
і пад чарку
Алесь:
— Беражы нас Бог! —
скажа...
Я падумаю:
«Лес»!
Па белым ходніку
басанож,
у зялёных кашулях
і з ветрам пад пахамі
мы аднекуль ідзём
ці кудысьці вяртаемся...
Цёпла нагам
і плячу ўтульна,
толькі нейкая млосць на сэрцы,
і я азіраюся —
за намі шурпаты асфальт.
— Глядзі, — кажу я, —
там нельга хадзіць басанож...
— Але можна пісаць белай крэйдай
«Жыве Беларусь», — кажаш ты.
І мы рушым далей
па белым ходніку,
у зялёных кашулях
і з ветрам пад пахамі.
Читать дальше