Вось тут якраз і паўстае пытанне, чаму пра сваю самую галоўную і ўжо менавіта боскую справу Бог ані гу-гу?! Зразумела, на гэты конт могуць быць самыя розныя версіі: каб людзям як найдаўжэй заставалася інтрыга Быцця, каб наперад не пералякаліся і з гэтага дзяцей не кінулі штукаваць, каб не пабурылі ўсе цэрквы, а папоў не выправілі бародамі ўнітазы шкрэбсці ну і г. д. і да т. п. Хаця асабіста я мяркую, што справа зусім у іншым. Створаны насуперак усіх законаў прыроды (і чалавека ў прыватнасці) той Свет з яго з’явамі, падзеямі ды атрыбутамі проста ў прынцыпе не можа быць перакладзены на мову гэтага Свету. Таму патлумачыць людзям, як ён абнаяўляўся ў факт і як цяпер функцыянуе абсалютна немагчыма нават Богу, які ўсё можа. Бо чалавек, раўнуючы з Богам, мае глуздаў усяго нічога. Дык што яму ўцяміш? Бог адно патлумачыў Майсею на скрыжалях, як можна патрапіць на той Свет. Калі не зважаць на ўсялякае другаснае, дык шлях туды выглядае досыць простым, а менавіта: дай веры Богу і любі Бога! Вось чаму, па сутнасці, усе фэнтэзі, якія людзі ў безлічы панавыдумлялі пра той Свет, ёсць толькі разгорнутымі інтэрпрэтацыямі шляху да таго Свету, а не рэпрадукцыямі ўжо уласна яго самога. Прыкладам, слынная «Боская камедыя» Дантэ Альегеры. Альбо вандроўныя занатоўкі гэтаксама слыннага Эмануэля Сведэнборга, які сцвярджаў, што цягам дваццаці год рэгулярна наведваў той Свет. Між іншым, расповеды Сведэнборга зусім не падобныя на тое, што мы чытаем у тэрцынах Дантэ. Але мяне найбольш уразіла, што, паводле назіранняў Сведэнборга, анёлы, як і людзі, дзеляцца па полавых прыкметах. З чаго лагічна вынікае, што яны, як і мы, займаюцца любошчамі – толькі дзецей з гэтага не маюць. Ясная рэч, скуль могуць быць дзеці ў месцы, аніяк не прыстасаваным ні для нараджэння, ні для смерці, а толькі для вечнасці… Аднак мяне зноў звярнула ўпрочкі, бо што нам да тых анёлаў, калі мы яшчэ не вызначыліся з галоўным. Гэта значыць, мы пакуль не ведаем, калі і дзеля чаго Бог выштукаваў той Свет, на якіх прынцыпах ён функцыянуе і дзе месціцца?
Што праўда, асноўную парадыгму таго Свету раней я ўжо трохі пазначыў, але гэты момант залішне істотны, каб яго пакінуць у фармаце кароткай зацемы. Як вышэй казалася, галоўная характарыстыка Свету, створанага непасрэдна Богам, палягае на тым, што там няма месца Нішто, бо ў такім разе той Свет тоесніўся б з гэтым у яго галоўнай канстанце. Пакуль я не ведаю, з чаго Бог здумеўся выштукаваць свой апрычоны Космас, аднак зыходзячы з Ягонай канцэпцыі выглядае, што Яму было недаспадобы тое ўладкаванне, якое ўзнікла паводле самаадвольнага паўставання гэтага Свету. Вось Ён і выставіў насуперак яму свой варыянт, радыкальна і прынцыпова адрозны ад таго, які ўжо існаваў. Дарэчы, таму мяне моцна дзівіць ідэя, якая ў даўнейшыя часы вандравала з эпохі ў эпоху: «Што ўверсе, тое і ў нізе»; інакш кажучы, люстраная тоеснасць паміж тым і гэтым Светамі. Якая тут можа быць тоеснасць, калі там нішто ніколі не нараджаецца і не гіне, а ўсё толькі вялічыцца ў вечнасці за кошт прыбытку ад нашых душаў (хаця апошняе – «вялічыцца», — выглядае досыць спрэчна для таго, хто даў веры манадалогіі Лейбніца).Гэта прыблізна як было ў Эдэме, дзе Адам мог схвацца ад Евы за які кусцік, аднак знікнуць увогуле, нават калі б паспрабаваў засіліцца на адной з галінаў таго знакамітага дрэва з яблыкамі — ні ў якім разе. Карацей кажучы, на тым Свеце, у адрозненне ад нашага, нішто не бурыцца, не знікае, не сплывае ў невараць… Няма там ніякай невараці! Эйнштэйн, хто спрачаецца, быў вялікім чалавекам, толькі і ён не здаўмеўся, што менавіта ў гэтым якраз і выявіўся персанальны выбар Бога («Які выбар быў у Бога, калі Ён ствараў Свет?»). Бог якраз магутна прадэманстраваў гэты выбар, супрацьпаставіўшы ўласны праект усяму таму, што нарабіў Вялікі выбух.
А далей мне карціць здагадацца, калі тое адбылося? З усяго сказанага раней зразумела, што я не маю сумневу наконт, так бы мовіць, «анталагічнага» месца ў часе гэтай падзеі. У тым сэнсе, што яна здарылася пасля таго, як гэты Свет ужо існаваў. І досыць даўно. Сучасная веда сцвярджае, што Свет абнаявіўся, калі лічыць з моманту Вялікага выбуху (а болей пакуль няма з чаго лічыць), як меней 13,5 мільярдаў год назад. Праўда, наша Сонечная сістэма пачала фармавацца значна пазней — прыкладна 4,6 мільярдаў год таму. (Ну то і хай сабе — у людзей болей часу застаецца наперадзе.) Адпаведна і наша Зямля мае прыкладна такі ж узрост. А вось Homo sapiens з’явіўся ўсяго недзе 200 тысяч год назад (хаця гады папярэднікаў «чалавека разумнага» лічацца на мільёны). І апошняя лічба. Паводле «Бібліі» і, адпаведна, календара сыноў Ізраіля, Бог стварыў тое, што Ён стварыў за 3761 год да Р.Х.
Читать дальше