Пачынаючы з «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага і віленскай «Нашай Нівы» (пачатку ХХ стагоддзя) усе беларускія выданні наўпрост ці ўскосна выконвалі ролю адсутных грамадска-палітычных інстытутаў, якія мусілі б вырашаць адпаведныя патрэбы беларускай Беларусі. Больш за тое. Менавіта на прасторы грамадска-культурных выданняў і кнігаў беларусы сфармаваліся як нацыя. І сёння мы застаемся нацыяй не дзякуючы палітычным рухам і як бы незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе беларускі Тэкст. Вось чаму адказнасць за лёс Беларусі шмат у чым ляжыць на кожным з тых, хто гэты тэкст персанальна фармуе...
* * *
Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што нам ужо робіцца амаль невыносным цяжар адказнасці за існаванне мовы, нацыі, дзяржавы, які больш за стагоддзе ніхто не здымае ні з літаратараў, ні з рэдактараў, ні з выдаўцоў. Мы стаміліся. Мы страшэнна стаміліся ад трагічнага цяжару апошняга беларускага стагоддзя. А разам з намі стаміўся і наш чытач. Уласна кажучы, ён зусім і не чытач у звыклым разуменні гэтага слова. Мы з ім не пішам і не чытаем літаратурныя тэксты, а праз пісанне і чытанне літаратурных тэкстаў удзельнічаем у сакралізаванай містэрыі, галоўнай мэтай якой ёсць нарошчванне астральнага цела нацыі.
Адсюль і праблема чытача нашых выданняў паўстае ў досыць спецыфічным ракурсе. Яна кардынальна адрозніваецца ад той звычайнай праблемы, якая ёсць у кожнага выдання ў кожнай краіне. Фармулюючы гэтае адрозненне, перадусім заўважым, што ў нас праблема чытача не вырашаецца праз якасць і актуальнасць саміх тэкстаў. Для нас яна найперш звязаная з пашырэннем Архіпелагу Беларусь і з павелічэннем колькасці яго насельнікаў. Рэч у тым, што, каб стаць чытачом хоць якога з нашых выданняў, спачатку трэба зрабіцца беларусам. А каб зрабіць з шараговага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — беларуса, патрабуецца шмат часу і высілкаў. Тым больш, што дзяржава Беларусь у «вытворчасці беларусаў» амаль не ўдзельнічае. Кожны свядомы беларус — гэта штучны артэфакт, створаны на подзе беларускага Тэксту самаахвярнымі намаганнямі прыватных асобаў...
І вось толькі тады, калі з’яўляецца чарговы беларус, настае пара яго прылучэння да таго ці іншага выдання — гэты акт па яго значнасці я гатовы параўнаць з пасвячэннем у рыцары нейкага сярэднявечнага ордэну ці ў сябры масонскай ложы.
* * *
Доўгі час міф аб непапулярнасці беларускіх тэкстаў трымаўся пераважна на наступным аргуменце: яны, у параўнанні з расейскімі, не адпавядаюць інтэлектуальным і эстэтычным патрабаванням сучаснага чытача. Але апошнія паўтара дзесяцігоддзя разняволення і ўлучанасці беларускай літаратуры ў еўрапейскі эстэтычны кантэкст яскрава засведчылі, што гэта быў не проста паганы міф, а міф наўмысна аблудны. Сёння мы можам канстатаваць, што абыякавасць да беларускіх тэкстаў тых, каго ў нас называюць «пашпартнымі беларусамі», звязаная не з уласна творчасцю беларускіх літаратараў і выдаўцоў, а з расейска-савецкай ментальнасцю.
Цягам некалькіх стагоддзяў расейская, а затым расейска-камуністычная імперыя ўсімі магчымымі сродкамі прымусу, ад фізічнага да інтэлектуальнага, выціскала культуру беларусаў на маргінэз, каб напоўніць вызваленае месца сваімі культурнымі знакамі. Натуральна, што цяпер «пашпартным беларусам» няўтульна ў прасторы беларускага Тэксту, бо тэкст — гэта перадусім сістэма знакаў, якія адсылаюць да тых ці іншых культурных рэаліяў. А калі гэтыя рэаліі сфармаваныя расейска-савецкай культурай, дык што можа знайсці для сябе такі фармальна беларускі, але па сутнасці расейска-савецкі чытач у беларускім Тэксце, які адсылае яго да малавядомых яму рэаліяў беларускай гісторыі, культуры ды ментальнасці?
* * *
Каб хоць нечым збалансаваць песімізм сваіх развагаў, мне, напэўна, трэба было б завяршыць іх нейкай аптымістычнай дэкларацыяй, кшталту: будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсё пераменіцца да лепшага. Але, на вялікі жаль, перш чым паставіць кропку, я мушу яшчэ больш заглыбіцца ў песімізм.
Рэч у тым, што я належу да тых, хто ў сваіх футуралагічных рэфлексіях не пазбягае думкі аб непазбежным (рана ці позна) канцы эры Тэксту. Ужо сёння Тэкст саступіў вершнасць іншым тэхналогіям вытворчасці інтэлектуальнай і эмацыйнай прадукцыі. І я не схільны сябе суцяшаць, што гэта часовае адступленне...
Натуральна, мяне як літаратара мала цешыць перспектыва зніжэння ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах жыцця. Але яшчэ больш трывожыць мяне перспектыва заняпаду Тэксту — як беларуса. Я ўжо даволі казаў, што беларусы як нацыя сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэнне ў сацыяльным і духоўным быцці чалавека, то ў нас, беларусаў, з-пад ног знікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль... І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?
Читать дальше