Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму не маю намеру разгортваць гэтую выпадковую тут тэзу. Аднак разам з тым не магу зусім пазбегнуць думкі аб нейкай ірацыянальнасці таго, што далей будзе адбывацца з Мінскам: на працягу стагоддзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе не Полацк, Наваградак, Вільня, Гродна... і толькі Мінск не выкажа аніякай ахвоты пачуць голас наканавання, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губернскага горада Расейскай імперыі не вызваліў яго ад звыклай перасцярогі да магчымасці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасці. Ужо ў ХХ стагоддзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад абавязку вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабаваў ухіліцца гэтай мітрэнгі на карысць Вільні, Смаленска, Віцебска і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом урада).
Такое ўпартае не-хаценне магло б сведчыць пра неадпаведнасць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб не ўвесь папярэдні гістарычны досвед, які люструе марнасць намаганняў іншых вылучыцца ў гэтай якасці. Здаецца, пытанне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо — ніхто.
Няўдалыя спробы каго б там ні было раней спраўдзіць ідэю Мінска, пэўна, можна растлумачыць на грунце розных падставаў: містычнай (наканаванне), гістарычнай (логіка падзеяў), дыялектычнай (перманентнае адпрэчванне), адной з культуралагічных (смерць пасіянарнасці) і другой (смерць культуры), а да таго ж эканамічнай, палітычнай і г. д. Запрапануем у суплёт да іх версію белетрыстычнагеаграфічную. Полацак, Вільня, Смаленск... не маглі настала замацавацца ў якасці «легітымнага» прадстаўніка гэтай прасторы таму, што адбываліся на перыметры этнаграфічнага дыскурсу; яны намагаліся стацца цэнтрам, уладкаваўшы сабе месцішча на мяжы, ускрай абшару жыццядзейнасці этнасу. З чаго замест гарманізацыі той прасторы, ад імя якой яны выступалі, атрымлівалася яе дэфармацыя, сцягванне цэнтра з належнага яму месца на перыферыю, амаль у замежжа. Таму, натуральна, цягам бытавання яны выяўлялі не экзістэнцыю прыналежнага да іх абшару, а морак нічыйнай мяжы.
Па вялікаму рахунку раней наш край ніколі не меў цэнтра (сталіцы). Тыя месцы, што ім пазначаліся, сутнасна, ды і зместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя ўсяго іншага, сведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка, пэўна, і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку даводзілася браць да выканання многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае «цэнтр».
Найбольш паглядна аблуду намінатыўнасці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны горад з яшчэ, здаецца, напоўніцу не вычарпанаю для беларусаў згубаю.
Вільня стагоддзямі дражніла нас надзеяй, што яна можа быць для нас Мінскам, і мы ўва ўсе тыя стагоддзі, забыўшыся на іншыя магчымасці, ляцелі на святло яе ліхтароў — і натыкаліся на нябачную перашкоду... а тыя, хто не адступаўся перашкоды, як Каліноўскі ці Аляхновіч, абпальвалі тут крылы і ападалі мёртвымі на дол.
«О, Вільня, крывіцкая Мекка! Ці варта прарока ты стрэць?» — сумняваўся паэт. Але вядома, што рытарычнае пытанне — гэта форма адказу на зусім не рытарычнае пытанне: дзе Медына, а дзе Мекка?
Вільня не была вартая сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачалі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места і кідаліся прэч... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...
Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага «гораду чароўныя прынады», пакінуць Вільню для сантыментаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы з няспраўджаных — яна сама.
Няма Мінска, акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца выпадковасцю хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ, як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі не змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тым самым урэшце перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва ідэі Мінска паўз перыметр краю...
Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней нічым не збалансаванага змесціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з плёну крышталізацыі структуры, абумоўленай сістэмнымі ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі.
Читать дальше