Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае чэрава першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыву, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.
Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
.............................................
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу.
............................................
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы.
Кроў за кроў, а смерць за смерць.
Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызанаў ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяраў і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь...
Аднак, як гэта часта здараецца ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэтаў, неўзабаве ці пазней нечакана актуалізуецца ў радыкальна іншай перспектыве, часам зусім непажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовы пакласціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, мелі на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Ідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі... Ды атрымалася, што якраз дзякуючы гэтаму міфу Беларусь патрапіла ў кола заснавальнікаў ААН, а пазней змацавала на ім сваю незалежнасць...
У праблемы гераічнай беларускай партызанкі ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна з натуральнай логікай, міф пра партызанскі народ мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дыскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку «дэмакратычных» дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю «гераічнай партызанкі», амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Між іншым, звернем увагу хаця б на той факт, што «партызанка» ў тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю ладзілася і ва Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыме, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводзін з гэтых рэгіёнаў не стаўся «партызанскім краем» і ніводзін з тых народаў не атрымаў мянушку «народ-партызан»...
Рэч у тым, што сітуацыя «партызанкі» па сутнасці з’яўляецца анталагічнай для беларуса, як у яго прыватным жыцці, так і ў яго пражыванні гісторыі. Бо амаль усю сваю гісторыю ён ад некага хаваўся — калі не ў лясах, дык у самім сабе.
Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі «анталагічную» сутву беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўвесь ейны патэнцыял. Шкада толькі (і ганебна), што яны злоўжылі пракаветным досведам народа гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысяч беларусаў.
Горад, якога няма
Не было, каб чуў ад некага: люблю Мінск. Не чуў нават ад таго, хто тут нарадзіўся і асталеў, хаця «... люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».
Не відно «вялікай ласкі», але, бывае, кажуць: падабаецца гэтае места, і далей тлумачаць сваю сімпатыю словамі, якія аднолькава пасуюць да горада, кнігі, гатунку цыгарэтаў...
Калі не блытаць трансцэндэнтнае «люблю» з ніякім «падабаецца», дык мусім пагадзіцца, што Мінск сапраўды амаль не падлягае любові. Места, рэч, жанчыну любяць, калі імі агортваецца нешта большае, за местам, рэччу, жанчынай азначанае.
У Мінска няма гэтага большага, ён — толькі покрыва пэўных каардынатаў, эклектычная крыжаванка, топас са спляжаным эйдасам, калі эйдас разумець як «цела душы». З апошняга вынікае, што Мінск будзе зручна прачытаць у катэгорыях постмадэрну. Але мы гэтую магчымасць пакінем іншым, запыніўшы сябе хіба вось на чым.
Парыж ці Вільня, Лондан або Пецярбург маюць свой першапачатак, з якога паўстае прасторавы і паэтычны міф горада (Эйфелева вежа, гара Гедыміна, Біг-Бэн, Ісаакіеўскі сабор). Мінск пазбаўлены ўцэнтраванага ў структуру прасторы сімвалічнага міфа, паэтычнай дамінанты, сярэдзіны самога сябе.
Мінск — горад не толькі без душы, але і без сэрца. На пытанне, дзе тухкае сэрца Мінска, магчымы толькі адзін адказ:
— Ува мне.
Мінск — гэта «я». Так мусіць сказаць кожны тутэйшы месціч, нават калі яго абражае ўсялякая праява эгацэнтрызму. Без гэтага «я» Мінск — пустэльня, выпаленае ляда, выган на ўскрайку зніклага селішча...
Читать дальше