І ты рушыш у глыб вострава, скуль няхутка вернешся да людзей, каб распавесці ім гісторыю свайго вяртання...
Менавіта з вусцішнай адзіноты пачынаецца і лепшае беларускае эсэ, якое Ігнат Абдзіраловіч прароча назваў «Адвечным шляхам».
Паслухаем аўтара:
«Нашы часы — часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў і іх канечнага зьніканьня праз недаўгі час... Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым».
* * *
Нікому невядома, хто прыдумаў драму, паэму, раман. А вось у жанру эсэ ёсць канкрэтны аўтар — Мішэль Мантэнь. Гэта яму першаму, яшчэ ў ХVІ стагоддзі, надакучыла хавацца за літаратурных герояў, і ён ад уласнага імя сам распавёў праўду пра сябе як пра чалавека з усім, так бы мовіць, «залішне чалавечым».
Эсэ — мужны жанр. У апавяданні аўтар распранае на людзях героя — у эсэ ён распранаецца сам. Толькі каб напісаць эсэ, адной адвагі мала. Трэба яшчэ мець ахвоту здумляцца. Без мыслення эсэ ператвараецца ў замалёўку, эцюд, нарыс... У што заўгодна, але не ў эсэ.
Усе ведаюць знакамітае выслоўе Рэнэ Дэкарта:
«Я мыслю — значыць, існую». Дык вось, першая частка гэтага выслоўя («Я мыслю...») і ёсць формулай эсэ.
Няма эсэ без твайго ўласнага «Я» перадусім, але і няма эсэ без «Я», якое мысліць.
Разам з тым не трэба залічваць эсэ толькі да інтэлектуальнай літаратуры. Бо калі быць больш дакладным, дык эсэ — не зусім мысленне, а вольнае дыханне мыслення. Гэта значыць, што эсэ мысліць не мысленнем, а ўсёй сваёй дрогкай субстанцыяй. Як, скажам, у яшчэ адным вялікім беларускім эсэ — паланезе «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.
* * *
Эсэ — самы еўрапейскі літаратурны жанр. І не толькі таму, што яно нарадзілася ў Францыі. Славуты еўрапейскі індывідуалізм не ў малой ступені сфармаваны менавіта еўрапейскай эсэістыкай. Бо гэта якраз эсэ наперад калектыўнага «мы» высунула персанальнае «Я» і тым самым звярнула ўвагу на чалавека ўпаасобку ад Бога і Дзяржавы.
Калі заўгодна, ва ўлонні эсэ чалавек нарадзіўся як каштоўнасць. А без апошняга не магло быць ні Вялікай французскай рэвалюцыі з яе мэтай «Свабода. Роўнасць. Братэрства», ні дэмакратыі, якая пазней апанавала чалавецтвам па ўсёй зямной кулі.
Неяк Людовік ХІV ганарліва сказаў: «Францыя — гэта я». Пасля з’яўлення эсэ кожны адукаваны паспаліты займеў трыбуну, каб амбітна заявіць:
«Я — гэта сусвет».
* * *
Эсэ — палігон свабоды. На ягонай тэрыторыі кшталтавалі свой досвед не толькі свабода слова і мыслення, але і воля да годнага жыцця. Прынамсі, там, дзе яна была, гэтая воля... Невыпадкова вялікая расейская літаратура не мела жанру эсэ і нават назву кнігі Мішэля Мантэня «Essais» расейцы перакладалі як «Опыты».
Дэспатыя ведае толькі адно «Я» — «я» самадзержцы, і адну свабоду — свабоду дэспата.
Да самага апошняга часу амаль не было эсэ і на
Беларусі. Хаця распачыналася наша літаратура не з вершаў і не з прозы, а з геніяльнага эсэ Францішка Багушэвіча, якое чамусьці лічаць усяго толькі прадмовай да паэтычнага зборніка «Дудка беларуская». Гэта адтуль вусцішныя словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»...
Дарэчы, і сама Беларусь пачыналася з гэтага эсэ. Вось чаму эпітэт «геніяльнае» тут абсалютна да месца... Але адпаведнага працягу гэты вялікі пачатак не меў. Станаўленне беларускай літаратуры спалучалася з фармаваннем нацыі, і таму перадусім бралася пад увагу не персанальнае «я», а калектыўнае «мы»: мы — беларусы.
А пазней эсэ на Беларусі не было таму, што тут пачалася эпоха бальшавіцкага таталітарызму.
Ясная рэч, эсэ і таталітарызм — з’явы несумесныя. Пры таталітарызме аўтар можа і мусіць пісаць не пра мітрэнгі ўласнай душы, а толькі пра тое, што мацуе паноўную ўладу. Да таго ж таталітарызм не дапускае нават магчымасці свабоднага мыслення. А без незацуглянага мыслення якое там можа быць эсэ?
І вось што яшчэ цікава. Як сітуацыя прыгнёту задоўжыцца, дык нават потым, калі маналіт таталітарызму распушыцца ў парахню, літаратар ужо не ўяўляе сабе, што можна пісаць не дзеля грамадскіх патрэбаў, а чаго самому схочацца. Па прыклады няма чаго далёка хадзіць. Старэйшыя беларускія пісьменнікі да гэтай пары так і не адважыліся скінуць парадныя мундзіры, каб распрануцца да галізны і ўвайсці ў сцюдзёную ды празрыстую плынь эсэістыкі.
Читать дальше