*
Як па чалавечых руках, вобліку, паставе можна пазнаць, чым гэты чалавек займаецца, так адны і тыя ж словы ў залежнасці ад таго, у якім тэксце знаходзяцца, выконваюць розныя работы: аратыя, звездары, кавалі...
Слова Багушэвіча і Багдановіча.
Слова «Новай зямлі» і «Сну на кургане».
*
Усялякая з'яважывіцца адкрытасцю, павернутасцю да цэласнасці, да жыцця; яна — частка, але частка цэласнасці, і дзякуючы гэтаму яна адчувае, дзейнічае, спасцігае, асэнсоўвае.
У адваротным выпадку — краі: самаабагаўленне і самапрыніжэнне.
*
Гаворым на мове, якой не разумеем. Разумеем толькі верхні пласт мовы, але сама мова як бы замкнёная, «скрытая», не ўдзельнічае ў гаворцы.
Слова мае моц уздзейнічаць, пераўтвараць.
«Я открою тебе сокровенное слово» — назва зборніка паэзіі старажытнага Вавілона і Асірыі.
Магічная, «замоўная» падаснова мовы.
I Багушэвіч, і Купала намагаюцца авалодаць такім магічным словам (словам-дзеяннем, словам-справай) і тужаць, што не ўдаецца. Многія іхнія вершы і ўзніклі як прага яго і парыванне да яго.
Яно, гэтае недасяжнае слова, і было ўнутраным зместам і стымулам усёй адраджэнцкай беларускай паэзіі, было яе заклятай чароўнай папараць-кветкай.
*
Як некалі, шукаючы золата, адкідалі і срэбра, і плаціну, і іншыя каштоўныя металы, ці не адбываецца так і ў мастацтве, ці не адкідаецца дзеля агулынапрынятага, дзеля знаёмагг і звычнага нешта істотнае?
Вядома, пустазелле (пустое зелле) — таксама лекі, вартасці якіх яшчэ не адкрытыя.
*
Адгукаючыся на спрыяльнае і адпаведнае, прарастае з зямлі зерне, насустрач цёплай мацярынскай пяшчоце вылупляецца з яйка птушаня...
Творчасць — яна гэтаксама прыродная з'ява і гэтаксама нараджаецца як водгук насустрач. Павінен быць свет, у які я магу выказацца і выспавядацца, не азіраючыся па баках, не баючыся, не стрымліваючы сябе, свет, у якім тое, што я кажу, прымецца.
У адваротным выпадку — калі свет з прыроднага становіцца іншародным, парушаным — узнікае абрыў: нешта не адбудзецца, нешта не адамкнецца, нешта не адгукнецца насустрач.
*
Верлібр падымае тое, што губляе традыцыйны верш. Сярод традыцыйных «вершавызнанняў» ён — рэфарматар, ён — пратэстант.
*
Прадмет для мастака не мэта, але прад-мэта, папярэднасць, якую ён насычае сваёй «радыеактыўнасцю». Твор існуе, пакуль ён «радыеактыўны».
*
Паэзія, у адрозненне ад жывапісу, не здольна «зафіксаваць» менавіта гэтае дрэва, менавіта гэтую птушку, менавіта гэтага чалавека. Але затое яна здольна на іншае — «фіксаваць» работу душы, якая спасцігае свет.
*
Вучыў сваю цётку Тэклю — каб распроствалася — падымаць і апускаць рукі: у неба — у зямлю. Яна робіць, смяецца, паўтарае сабе самой: у неба — у зямлю...
Дзве бездані — зямля і неба, у якія чалавек падымаецца і апускаецца ўсё сваё жыццё.
*
Дарога і вёска — асноўныя вобразы беларускай літаратуры. Але калі раней дарога ўпадала ў вёску, то цяпер, хутчэй, наадварот: вёска ўпадае ў дарогу.
*
На агні нельга нічога напісаць, ён сам піша свае знакі і літары — свае «манэ, такел, фарэс».
З агню, які прыручаецца, робяцца штандары.
*
Думка — пераход: са стану ў стан, з плана на план. Яе нельга затрымаць і прысвоіць: затрыманая — яна абрыва-ецца, прысвоеная — дранцвее, ператвараецца, як у народ-ных паданнях пра нячыстае золата, у попел і смецце.
Космас праходзіць праз нас як хваля, як думка.
*
Прагрэс — удасканальванне недасканаласці: яна не знікае, яна не пераадольваецца, яна кшталтуецца.
*
Мастацтва заўсёды існавала як бы ў дзвюх паставах, у дзвюх тэндэнцыях: у адной, якая падупадала развіццю і пераўтварэнням, і ў другой, якая заставалася нязменнай, эзатэрычнай; у паставах перыферыі і цэнтра, ведання і іншаведання. Для адной з іх змены азначалі набытак, для другой — страту.
*
Калі жанр кананізуецца, ён робіцца схемай, паводле якой укладаюцца словы, і роля творцы тут даволі механічная. Ён можа іграць яе па-майстэрску, віртуозна, але адкрыцця ён не робіць. Гэта той пункт, дзе майстэрства пярэчыць творчасці, спрабуе яго замяніць. Калі майстэрства становіцца самамэтай, тады яно і банкрутуе; у яго моцы — яго паражэнне.
Геракліт казаў: «Агонь жывіцца смерцю зямлі, паветра жывіцца смерцю агню, вада жывіцца смерцю паветра, зямля — смерцю вады». Так і з майстэрствам: яно жывіцца смерцю творчасці.
Читать дальше