Народная культура праяўляецца падобна — нібы плынныя карціны Клейна: праз выявы і ўзоры, якія фіксуюцца імі самімі.
*
Зямля і неба пераплецены між сабою ўзаемаснымі нітамі, і цэнтрам гэтага адзінства з'яўляецца чалавек — «сонечнае спляценне» гэтых абедзвюх сфер.
Тут, на зямлі, чалавек арэ зямлю, косіць траву, будуе дамы, і ўсё, з чым ён мае справу, істотна для яго, бо яно мае моц уздзейнічаць на яго долю. Калі-нікалі чалавеку здаецца: вось адраблюся ад зямлі, адпіхнуся — і стану вольны... Аднак неба для чалавека не што іншае, як адва-ротная зямля, і, адпіхваючыся ад зямлі, ён гэтым самым адпіхваецца не да неба, але ад неба. З другога боку, адасабляючыся ад неба, ён адасабляецца і ад зямлі, і «няма яму міру пад алівамі».
Толькі тады, калі неба згаджаецца ўзяць чалавека, зямля згаджаецца яго адпусціць.
*
Каб зразумець, што робіцца з каменем — ці ён ляціць угору, ці падае ўніз, ці на імгненне застыў, вычарпаўшы моц узлёту і не займеўшы інерцыі падзення,— трэба ўлічваць яго фон, трэба бачыць яго ў працэсе.
Гэтаксама і мастацкі твор: ён адкрыты разуменню, калі ўтрымлівае ў сабе і «камень», і «фон», і «працэс».
*
Прыгажосць, пра якую Дастаеўскі казаў, што яна выратуе свет, ратуе свет пастаянна, спрадвеку — самаахвяруючыся, самапераўзыходзячыся, перакульваючыся ў сваю дыялектычную процілегласць — у пачварнае, і такім чынам далучаючы гэтую другую палову свету да сябе.
*
Змест і форма ў творы не супадаюць, а ўзаемадзейнічаюць. Яго мадэль уяўляе не славутую «шклянку з вадою», а, хутчэй, мадэль рэха — з множнасцю формаў і множнасцю зместаў, дзе тое, што было зместам для папярэдняй формы, само становіцца формай для наступнага зместу.
*
Паэта няма загадзя: гэта не званне. Ён творыць, але і сам адбываецца праз творчасць, ён плануе, але і сам мусіць быць «запланаваны» — мусіць быць натхнёны, мусіць быць гатовы гаварыць тое, што яшчэ ў няведанні і прадслове.
У творчасці веданне і ўменне пераўзыходзяцца, пачынае панаваць вышэйшае. Гэты лішак жыватворны: ён вызваляе паэзію з-пад рамяства.
*
Прырода паэзіі нагадвае прыроду вады, якая падыма-ецца да плаціны. Перашкода — яе ўнутраны фактар; фактар больш першасны і больш арганічны, чым, напрыклад, метафары і рыфмы.
На роўнасці і плоскасці паэзія нікне. Яна інстынктыўна дамагаецца такой задачы, такой нагрузкі, дзякуючы якім можа набыць — і адначасова праявіць — энергію і аблічча.
*
Мноства — супернік паэта. У мностве вершаў ён перастае быць абавязковы, перастае быць чутны.
Добрыя творы ёсць у кожнага: гэта яшчэ не ўсё. Яны павінны быць выключнымі, адзінкавымі.
*
Мы пастаянна шукаем адно слова, якое б канчаткова і поўна выказала нас. Роўнае яму хіба што маўчанне: гэта тое ж слова, але са знакам мінус, яго страта, яго след, яго адсутнасць.
*
Каб тэкст «запрацаваў», неабходна надаць яму такое становішча, такі нахіл, каб ён меў патрэбу ў руху, у развіцці, у выйсці. Так выток ракі нахіляецца да сутоку.
*
Два ўзаеманеабходныя і ўзаемавыключныя пачаткі творчасці і культуры: творчасці — самаахвяраванне, культуры — самазахаванне.
I творчасць, і культура трацяцца, калі гэтыя пачаткі змешваюцца, калі не выяўляюцца дарэшты.
*
Твор змяшчае ў сабе і сваю мэту: пісьменнік можа не ўсведамляць яе, але сам твор усведамляе.
Калі б мы з курынага пункту гледжання паспрабавалі ацаніць паводзіны качкі, то, відаць, упэўніліся б: качка — звар'яцелая курыца.
Недарэчна з угатаванай меркай падыходзіць да таго, што інакшае.
*
Пісьменніцтва больш за ўсё не занятак. Яно, як і твор, мае на ўвазе нейкую мяжу, выказанасць. А то, нібы заблудзіўшыся, вандруем па бясконцых кругах, і нашы бясконцыя кнігі сведчаць пра гэтае вандраванне. Яны ўжо не спадарожнікі і не павадыры, яны хутчэй нагадваюць турысцкія схемы, на якіх пазначаны вуліцы і завулкі, але не той цэнтральны шлях, які выводзіць да самога чалавека, сусвету, жыцця.
У адной старажытнай школе настаўнік меўся перадаць сваё званне таму вучню, які здолее напісаць самы адухоўлены верш (гатху). З усяго мноства вучняў адзін напісаў на сцяне сваю гатху і другі сваю. Гэтага было дастаткова, каб меркаваць настаўніку аб ступені самасвядомасці аўтараў, а школе падзяліцца на дзве галіны, бо ў напісаным адбівалася вызначальнае: кірунак шляху, які выводзіць.
Плён мераецца не колькасцю твораў, а іхняй няколькасцю — выключнасцю, не многасцю — а дастатковасцю.
Читать дальше