Калі пачвара засмяялася — павольна ўзбіваючыся ў высокія раскацістыя ноткі, я пазнала: гэта была звар’яцелая прафесарка.
Частка трыццаць дзявятая. Вайна густаў
Калі вочы прызвычаіліся да цемры і я дацягнулася да шыі Міхала, я адчула — венка на яго шыі пульсавала: ён быў жывы.
Прафесарка гладзіла мокрымі ці то ад слёз, ці то ад каньяка рукамі яго гарачыя шчокі, валасы. І гаварыла яшчэ больш няўцямна пра тое, што гэта прыйшла яна — вайна густаў. Вайна, якую яна чакала ўсё жыццё. І Міхал — герой гэтай вайны.
— Але чаму тады вы не даяцё яму давесці гэтую вайну да канца? — зразумела нарэшце я.
— Таму што вайну нельга даводзіць да канца. Я чакала яе. Гэтую вайну. Яшчэ тады, — махнула прафесарка галавой кудысьці назад. — І баялася. Я не ведала — якое месца заняла б я ў гэтай вайне. Але гэтае дзяўчо — з выпрастанай рукой. Лесбіянка. Гэты дакор у яе руцэ. Ты чуеш? — трэсла яна за каўнер Міхала. Але лёганька трэсла, бо ўжо была моцна п’яная.
— Гэта мая трагедыя, бо каб выратаваць цябе — я заб’ю цябе, — сказала яна нарэшце і замахнулася бутэлькай. Я не паспела ўзвіцца на ногі — каб спыніць яе, каб сказаць, што сапраўдны забойца ўжо абясшкоджаны — замураваны назаўжды недзе тут побач: бутэлька глуха звякнула аб галаву рыжага студэнта і пакацілася, не разбітая, па каменным калідоры.
Частка саракавая. Эротыка — праклён дэтэктываў
Прафесарка пахілілася і села — яна ўжо глыбока спала. Міхал жа ад такога ўдару пачаў пакрысе варушыцца і нарэшце ачуняў.
— А пра што пішаш ты? — спытаў мяне Міхал, вызваляючыся з-пад цела прафесаркі і працягваючы перапыненую размову. Нібы паўзы і не было.
— Пра адну паэтку, якая баіцца сваёй улады над людзьмі. Яе вельмі палохае бязмежнасць. Як бясформеннасць.
— А якія вершы ў гэтай паэткі?
І тады я прачытала яму свой верш пра тугу за самым недасяжным — за сапраўднымі межамі:
Цяпер, як і на скраю лета Я бачу сходы пад дрэвамі О шэры камень тых прыступак, Якія вядуць да кедраў
Кірлі не кідаюць ценяў На чорнае цела мора Хвалі не ведаюць межаў Пакуль далёка да ўсходу Золкам паўднёвым, пад кедрамі Ці хопіць ўсяго ўзбярэжжа, Каб заспяваць песню восені І вызваліцца ад бязмежжа?
— А што гэта за ўлада? — пацікавіўся Міхал, замест таго, каб задаць пытанне пра галоўнае — пра ўзбярэжжа і паратунак, які прыносіць восень.
— Ну, яна яшчэ зусім маладая — таму ў асноўным гэта ўлада над закаханымі ў яе хлапцамі. Міхал рэзка цепануў плячом.
— Разумею, — сказала я сумна, — гісторыя пра вызваленне ад улады старая як свет — і расказаць яе зусім наноў немагчыма: заўжды гэта будуць камбінацыі з аскепкаў чужых гісторый.
Ён памаўчаў, падумаў, а пасля рашуча дадаў:
— Няхай твая гераіня не вызваляецца ад гэтай улады. Пакуль сутыкаюцца чужыя краявіды — тое, чаго яна так баіцца, бязмежнасць, яе не атакуе.
Я чамусьці паабяцала Міхалу, што так і зраблю — не вызвалю яе ад гэтай улады. Мне здалося, што ён у мяне ў той самы момант закахаўся.
Усярэдзіне зноў стала пуста і страшна. І моцна захацелася есці.
— Пошук межаў, негрунтоўнасць. Гэта ўсё так па-нямецку, — хутка загаварыла я, абы адцягнуць такі цяпер блізкі момант эратычнага шалу. — Уся іх літаратура — гэта блуканні па калідорах раптоўных дэпрэсій. Хандкэ. Страшная паэзія бясформенасці. Ты сочыш за маёй думкай? Бясформенасці? Паэзія мусіць быць паратункам ад яе, гэтай паныласці, а не яе лабірынтам. У беларусаў ёсць шанец намацаць такі паратунак — акурат таму, што ў нас так шмат чужых краявідаў.
Я адчула, як Міхал крадзецца ў цемры ўсё бліжэй. Мусова было тэрмінова прыдумаць нешта яшчэ больш заблытанае, каб спыніць яго. Каб гэтая гісторыя не ператварылася на класічны ўзор дэтэктыва.
— Іх было так мала, хто рабіў крок далей і шукаў паратунку, — зашаптала я хутчэй. — Рыльке толькі прадчуваў, што паратунак недзе ёсць, але сам тануў у салодкай памароцы бясформенасці, нібы ў багне. Прарываліся толькі магі. Ейтс, Гесэ. Паратунак быў у магіі. Альбо ў віне. Нябожчык Флэн О’Браян — ён гэта разумеў.
— Што ты маеш на ўвазе — нябожчык? — перапытаў Міхал.
— Ну ён жа памер, — удакладніла я.
— З чаго ты ўзяла?
— У Вікіпедыі напісана.
— Больш ёй вер — Вікіпедыі. У мяне зусім іншыя дадзеныя, — рука Міхала ў гэты момант слізганула па маёй сукенцы. — Але гэта сакрэт, — Міхал падазрона паглядзеў на непрытомную прафесарку.
— Яна нічога не чуе, а калі і чуе, то ў яе стане — не запомніць, — адсела я далей, але цяпер яшчэ больш заінтрыгаваная.
Читать дальше