Мае продкі, прынамсі, тыя, чый адыход з жыцця зямнога збольшага памятаю, смерці не баяліся. Магчыма, вера ў жыццё вечнае была прычынаю, а хутчэй за ўсё — папросту не мелі на боязь часу. Паміралі, бы дрэва падчас буры: узляцела сярод белага дня віхура, вырвала з коранем з глебы, і ўсяе мітрэнгі. Гэтак дзед, бацькаў бацька, памёр. Пахіліўся долу, шкрабануў, намагаючыся ўтрымацца на нагах, пазногцямі шпалеры на сцяне і сканаў. Другі дзед, праўда, крыху хварэў, ды таксама дарэшты збрыдзець сабе і іншым праз уласную нямогласць не паспеў. Найменей бабулі, бацькавай маці, пашанцавала: аж тры гады адпакутавала нябога. Спалярушаная інсультам, стукала кійком па рабрыне ложка, брыдка лаялася на дзеда, з якім дагэтуль ніколі не сварылася, бо заўжды дагаджаў, з-за рознае драбязы. Ні нараканняў на пакуты ды боль, ні словаў жальбы – нічога, апроч заўсёднага жадання ўсё рабіць па-свойму, адпаведна негалоснаму статусу галавы сям’і.
Гарадскія паховіны, як старая памрэ (старых мужчынаў штосьці наогул не бачна, ні ў труне, ні па-за ёю): з два дзясяткі чалавек, з іх ці не палова – бабулькі-суседкі, сяброўкі нябожчыцы. Адна адну праводзяць, аплакваюць пад абыякава-похаплівую мітусню сваякоў памерлай. Дамова такая ў жанчын між сабою: памрэ каторая — астатнія абавязкова павінны прыйсці на пахаванне. Не так, можа, дзеля самога развітання (наразвітваліся ўлетку-ўвосень на лаве пры шматпавярхоўцы), як дзеля надання цырымоніі якой-кольвек прыстойнасці ды падабенства людскасці: скрушліва, ды дзелавіта, адно што без музыкі і доўгіх прамоваў.
Бацька ў маладосці не так смерці – надта ж нябожчыкаў баяўся. Ды так ажно, што, калі пачаў канаць дзед Данат, у якога яны з маці і мною, немаўлём, часова кватаравалі на хутары ў Вяце, пакінуўшы мяне ў зыбцы сам-насам са старым (маці дома не было), стрымгалоў выбег з хаты на двор. А тым часам у размовах датычна смерці заўсёды выяўляў іранічную абыякавасць. «Толькі без слёз мяне праводзьце, — казаў, малюючы ўголас сцэну ўласнага пахавання. – Наадварот, каб весела было. Ад могілак зачынайце танчыць». У апошнія гады жыцця, быццам прымерваючы на сябе стан нябожчыка, падчас пахавання каго-небудзь са сваякоў ці суседзяў знарок клаўся ўнаначкі пасля адыходу спявакаў у пакоі з памерлым. Можа, боязі гэткім чынам хацеў пазбыцца, не ведаю. А паміраў вельмі спакойна. Быццам і не паміраў, а проста некуды збіраўся адысціся на кароткі час. Але што смерць пры галавах – дакладна, здаецца, ведаў і разумеў. Так паціснуў сястры, пасля казала, на развітанне руку, быццам штосьці хацеў у спадкі перадаць. Маці, наадварот, турбавалася напрыканцы. Не за сябе — за нас, дарослых ужо дзяцей. З усіх памерлых родных ды сваякоў яна, бадай, адзіная выказала смерці рашучую нязгоду з часам яе аб’яўлення.
Глыбока ўсвядомленае прыняцце смерці як непазбежнасці на грунце веры ў вечнае жыццё па фізічным сконе робіць адыход чалавека прыгожым у эстэтычным плане. Сведкам такога адыходу пашчасціла быць колькі год таму на пахаванні далёкага сваяка на малой радзіме. Утульна было на тым пахаванні, цёпла – пад рэлігійныя спевы, перагукванні, згадкі-прыпаміны. Амаль не плакалі па нябожчыку, і цётка, ягоная жонка, – ці не менш за ўсіх сумавала. Распавядала, як добра ёй было з сужэнкам разам тут, у гэтым жыцці, прыпушчала, якім радасным ды шчаслівым будзе хуткае – навекі ўжо – спатканне ў жыцці нябесным. Гаманіла ўдава, а такое ўражанне было, быццам высучвае нітку яшчэ тут, што вось-вось выслізне з рук, ды не парвецца дарэшты, а толькі пераменіцца няўзнак у нітку там, дзе і ёй, старой, годнага месца не забракне. Якое яна хоць гэтае вось хвіліны гатовая прыняць, ды воля Божая на ўсё: як Ён, апірышча і сіла для слабога чалавека, распарадзіцца, так і будзе. Ёсць паняцце культуры жыцця, ёсць, адпаведна, – культуры смерці, і сувязь між імі, мабыць, нашмат больш моцная, чым нам уяўляецца.
У «Легендзе пра Нараяму» Сёхэя Імамуры старая маці, каб вызваліць сваякоў ад лішняга рота, цішком выбівае сабе ўначы глыжом ці то каменем апошні зуб, пасля чаго сын нясе нябогу, паводле звычаю, на гару, дзе і мае яна спаткаць у абсалютнай самоце сваю смерць. Жорсткая звычка, у якой, перадусім, паэзія брутальнага, то бок гіпертрафаванага калектыўнага інтарэсу, як ні дзіўна, і жорсткасць нівелюе, і, галоўнае, глыбіннай логіцы сутнасці нашага быцця, колькі б ні трылузілі мы пра гуманізм ды чалавекалюбства, здаецца, зусім не пярэчыць.
Хоць нашы продкі смерці і не надта баяліся — да яе, аднак, грунтоўна рыхтаваліся. Што апрануць у апошні шлях, як і дзе пахаваць, якую выкапаць магілу, каго паклікаць на хаўтуры – усё абмаўлялася, узгаднялася са сваякамі загадзя. Калі на пахаванне бабулі Галены прыйшло шмат людзей, дзед выказаў незадаволенасць на гэты конт: адкуль, маўляў, гэтулькі «пустога» народу? бач, наляцелі паесці-папіці… Вопратку часцей за ўсё, асабліва калі чалавек быў у веку, самі сабе замаўлялі ў знаёмых швачак і паказвалі на ўсялякі выпадак адзін аднаму, дзе што ляжыць. У асяроддзі людзей, якія прывыклі ва ўсім спадзявацца толькі на сябе, такі рацыянальны падыход да развітання са светам жывых – натуральная з’ява. Але ён не ва ўсіх знаходзіць разуменне і часам людзей шакуе. Калі я гады тры таму патэлефанаваў аднаму дырэктару могілак, каб замовіць для сябе месца на кладах побач са сваякамі, здзіўленню ягонаму не было межаў. Разам з тым піетэт чалавека перад бабаю з касой, узгадаваны, хутчэй за ўсё, на глебе забабонаў, аказаўся такі вялікі, што справа вырашылася літаральна за хвіліны: «Ну, як жа, канечне, едзьце адмерце сабе самі, колькі трэба».
Читать дальше