Дзіўна, як у часы падаўлення чалавечай асобы адразу ж пачынае ўзрастаць культ працягласці жыцця. Праз сродкі масавай інфармацыі найперш. «Беражыце сябе!» – амаль ва ўсіх таблоідах у суправаджэнні падрабязных рэкамендацый, як засцерагацца, як лекавацца, як наогул жыццё падоўжыць: сад-гарод, травы-лекі, рэцэпты, парады – тэмы не забароненыя… Гэткі інструмент адцягнення ўвагі ад значнага праз выкарыстанне адвечнай нашай прагі заставацца на зямлі як найдаўжэй. Так, глядзіш, пры гэткім дбанні і сродак да несмяротнасці неўпрыкмет вынайдзем. Не хацелася б: на ўсіх не хопіць, самыя нахабныя ды паскудныя скарыстаюцца, і без таго не надта прывабная агульная карціна генафонду чалавецтва рэзка пагоршыцца.
Варажыць, калі напаткае цябе смерць, – справа і рызыкоўная, і неразумная. С. Моэм упершыню напісаў пра свае старэчыя адчуванні так, быццам ужо развітваўся з жыццём, у 60-гадовым узросце. А тое ягонае развітанне расцягнулася больш як на дваццаць гадоў. Але гэта, мабыць, калі жывеш не адзін і нават хаўрусніка, што спахапіўся б уранні, не чуючы гукаў з твайго пакоя, як Моэм, маеш. Для адзінокага ж чалавека смерць ( як і многае іншае, зрэшты) — галаўны боль. Тым больш калі месцішся на сёмым паверсе шматпавярхоўкі, і да могілак вёрст дзвесце, а традыцыяй крэмацыі ў наваколлі нават не пахне.
Нядаўна, завіхаючыся з рыдлёўкай на касцёльным дзядзінцы, убачыў чалавека гадоў пад шэсцьдзесят, што ў нерашучасці таптаўся пры браме. Разгаварыліся. Аказалася, шукае дзядзька каго-небудзь са святароў, каб з іх дапамогаю ўладзіць справу з уласным пахаваннем. Маўляў, хвароба смяртэльная, заставацца на гэтым свеце ўжо нядоўга, сваякоў не маю, вось і шукаю таго, хто ўзяў бы на сябе клопат годна праводзіць у лепшы свет. Хай без хрысціянскае цырымоніі, але ж каб толькі надзейна, і галоўнае – каб не заляжацца ў самоце па сконе на колькі дзён, а то і тыдняў… І так чалавек, відаць па ўсім, пераняўся тым дробным на старонні погляд клопатам, страхам і пасля адыходу застацца нікому не патрэбным, што нават няёмка было тое па першасці бачыць.
Думаць пра смерць сабе не забароніш. Пра фізічную пакуту, што, магчыма, Бог пашле напрыканцы, каб зрабіць акт твайго адыходу не такім роспачліва-ўсвядомленым. Пра маму-тату ды іншых блізкіх асобаў, з якімі спаткаешся там, а спаткаўшыся, будзеце штодня хадзіць, равеснікі, адзін да аднаго ў госці ды меркаваць-варажыць, хто ж там наступны заявіцца і як ён будзе выглядаць. Непазбежнае на тое і непазбежнае, каб дагнаць, як яго ні ўнікай. Адзінае, чаго б не хацелася, дык гэта сустрэць свой апошні час пад якімі-небудзь руінамі кшталту плітаў разбуранага падчас землятрусу дома. Чалавеку з бояззю замкнёнае прасторы, то бок клаўстрафобіяй, як у мяне, каб прыйсці ў роспач, і аднае згадкі пра раптоўнае вяртанне да жыцця ў магіле дастаткова.
Нараджэнне – таямніца, якая дзверы адчыняе. Смерць – таямніца-інтрыганка. Яна ўваход у сваю таямніцу вартуе так надзейна і зачыняе перад нашым носам так спрытна, што ўявіць, што там далей, за тымі дзвярыма, – рэч не толькі нерэальная, а нават, з увагі на слабасць чалавечае натуры, – шкодная. Выспа ж – на тое і выспа, каб існаваць асобна. Нават ва ўяўленні.
Сінонімы да слова сволач – нягоднік, мярзотнік. Гэта значыць той, хто свядома чыніць зло іншым. То ці можна назваць сволаччу жывёліну? Вядома, не: калі яна і робіць што-небудзь на шкоду субратам сваім ці чалавеку, то робіць гэта выключна дзеля справы выжывання. Прычым, у адрозненне ад нас, людзей, у межах жорстка рэгламентаванага выкарыстання дадзеных ёй дзеля гэтага прыродай сродкаў: капытоў, рогаў, зубоў, джала, сліны, атруты і г. д. Таму, якой бы цхівай і крыважэрнай жывёліна нам ні здавалася, мярзотніцай, то бок сволаччу яе не назавеш. А вось аналогій у яе і ў нашых звычках, калі давяраць Брэму і іншым знаўцам фаўны, больш чым дастаткова. Іх канстатацыяй і абмяжуемся.
Ёсць сволач, што чыніць сволачнае дзеянне, і ёсць — што сваімі паводзінамі рыхтуе глебу для гэткага чыну. Як бык і птушка нанду. Першы выбівае падчас чысткі скуры целам у глебе яміну, другая — выкарыстоўвае тую гатовую яміну ў якасці асновы для свайго гнязда.
Сволачы няведамыя прынцыпы. Яна лёгка мірыцца з абставінамі і памяняе меркаванне нават тады, калі ад яе гэтага і не надта патрабуюць. Як амёба, што можа ўвадначас рухацца з месца ў любым накірунку.
Сволач плодная. Яна множыцца, сеючы наўкола сябе семя сволачнасці, не зважаючы на ваганні атмасфернага ціску і тэмпературы паветра. Як кольчаты чарвяк, размнажэнне якога адбываецца шляхам простага, незалежнага ад знешніх чыннікаў распаду цела на некалькі частак.
Читать дальше