Другое, што ўразіла ў старой шведскай сялянскай забудове, — ложак. То ў выглядзе скрыні ён, то куфэрка, а то і шафкі. Як правіла, з занавескай, часам і з дзверкамі. Ложкі для спання ў паўсідзячай позе сустракаюцца. Усё максімальна закрытае, схаванае ад старонняга вока, някідкае. Інтымная жыццёвая прастора: староннім уваход забаронены.
Пры ўсім імкненні шведаў да парадку ў наяўнасці каліва неахайнасці ім на першы погляд таксама быццам не адмовіш. Гэта датычыць найперш знешняга ўладкавання летніх месцаў агульнага карыстання, дзе сталы не блішчаць чысцінёю, а самі тыя месцы часам ледзь бачныя з-за дывана разнатраўя. Але так здасца толькі напачатку, пакуль не ўцяміш, што ўсё гэта – не больш як імкненне да прастаты, суладдзя з прыродай. Навошта калечыць без патрэбы, перайначваць натуральнае, прылізваць так, што ад натуральнасці і следу не застанецца? Натуральнасць і функцыянальная выгоднасць – галоўныя прынцыпы датычна што краявіду, што манеры паводзінаў, што нават знешнасці. Ці не таму і жанчын з натуральнаю афарбоўкаю валасоў ды адсутнасцю празмернага макіяжу, падалося, нашмат болей на вуліцах Вісбю, як у нас.
А вось рэстарацыя — пасярод поля, на месцы звалкі ўтылізаваных аўто, абсталяванай гаспадаром пад месца перакусу ды адпачынку падарожнага люду. Кухня, зала ў памяшканні, шыхт столікаў на дварэ ў інтэр’еры з кусткоў ружаў, жалеззя і тэнтаў на выпадак непагадзі. Нязвыкла, затое выгодна: здарожанаму падчас вандроўкі чалавеку ці шмат трэба?
Дзве загадзя планаваныя рэчы не зрабіў я на Готландзе. Першае – не паспытаў расхваленай аўтарамі турыстычных праспектаў як ледзь не галоўнае шведскае мясное стравы пад назовам шётбуля (kо..ttbulla). Другое – не пабачыў тамтэйшага верасу. Шётбулю да апошняга спадзяваўся з’есці ў Стакгольме на шляху дадому, ды на той дзень яе акурат у меню рэстарацыі, куды павялі падмацавацца супрацоўнік Шведскага саюза пісьменнікаў Хенрык Энбом, Зміцер Плакс і перакладчыца Ан, не аказалася. Што да верасу, то ён стаўся ахвяраю ўласнае мае забыўлівасці. Быў момант, калі можна было тое зрабіць па дарозе на Форё, папрасіўшы кіроўцу на колькі хвілін прыпыніцца ў ляску. Але выскачыла з галавы назва па-шведску, а слоўніка, каб патлумачыць, што дзядзьку з Беларусі абыходзіць у гэным лесе, як на тое, пры сабе не аказалася.
Праз тыдзень па вяртанні з Готланда па справе да біскупа Уладзіслава Бліна пайшоў, а ў яго на стале – дай веры! — вазон з галінкамі верасу. Нашага, мясцовага, вядома: хтосьці прэзентаваў. І вось стаіць букет у гасцёўні, радуе гаспадара сакаўною квеценню ды быццам адмыслова, каб страту готландскую кампенсаваць, майго прыходу чакае. Не прыгажэйшы, мабыць, за готландскі, ды, пэўна ж, і не горшы. Свой.
Сваё – тое, што належыць нам паводле закону спадчыннасці. Альбо набытае ва ўласнасць працаю, намаганнямі, і часам немалымі. Калі ж нешта чужое нас прываблівае, і займець яго ў якасці свайго надта хочацца, тады адзіны шлях да задавальнення такога неадольнага свербу — скарыстаць узор жаданага чужога дзеля стварэння гэткага ж свайго. Прыкладна так мне думалася ў цягніку з Вільні на Мінск падчас вяртання з Готланда. Ззаду засталіся пералёты з Вісбю ў Стакгольм і са Стакгольма ў Вільню, яшчэ зусім свежыя былі ўражанні ад выспы і гасцінных, зычлівых гаспадароў Baltic Centre, а мне хацелася як хутчэй апынуцца ў Беларусі. Канечне, такую мясціну, як Готланд, не палюбіць немагчыма. Ды, надзіва, асаблівага смутку ад расстання з зямным раем не было — толькі стома ды жаданне адасобіцца ад не ў меру схільных да размоваў суседзяў па купэ. Апошнім штрыхом утомнага ваяжу сталі тры піражкі ў будынку мінскага вакзала, якімі я не даў рады не спакусіцца з-за неймавернай іх (у параўнанні са шведскімі коштамі на прадукцыю падобнага кшталту) таннасці. Якія тут жа, нягледзячы, што былі тыя піражкі каляныя, бы глыжы, похапкам і праглынуў: дома, вядома, і салома ядома.
Калі праўда, што жыццё – найвялікшая вартасць, то найвялікшая антывартасць тады, канечне ж, – смерць. Выспа, на тле якой каштоўнасць жыцця выдае недарэчным вычварэнствам прыроды без каліва мэтазгоднасці і сэнсу – цудоўная падстава для змрочных сентэнцый рознага кшталту цынікаў і мізантропаў, адмысловая глеба для ўзгадавання ў душы і свядомасці таго, што робіць у нашым уяўленні любыя праявы жыцця і прэснымі, і нелагічнымі, і марнымі. Але тут, праўда, шмат што залежыць ад адметнасцяў асабовага ўспрыняцця чалавекам факта смерці. Вядома ж, што нават самыя цынічныя ды мізантрапічныя з роду людскога, калі справа даходзіць да ўласнае персоны, выяўляюцца насамрэч далёка не такімі, як сябе дэкларуюць. І асабліва выразна выяўляецца тое ў хвіліну блізкага скону, калі нелюбоў да іншых неўпрыкмет чэзне пад ціскам невыказнага жалю да сябе: човен непрыняцця бліжняга, якім бы непатапляльна-непрыступным ён нам часам ні здаваўся, якімі б ніткамі якіх філасофій і канцэпцый ні мацаваўся, аб крутыя берагі выспы пад назовам смерць разбіваецца ўшчэнт.
Читать дальше