Куды далей, што, якім чынам – ні пра што не думала, нічога сама сабе не загадвала. І толькі як ужо састаў падышоў да паўстанка, схамянулася ў одуме, і А. з заснежанаю хвояй-спарышом, якім адмалку трызніла, ды твар цёткі Галі ўзбрылі ёй у голаў.
А. дык А., падумала і скочыла ў вагон.
Яна прахапілася ад дрэмы, зірнула на ходзікі: палова адзінаццатай, у гэткі час яна звычайна спіць. Падумала, што няблага было б раскласці канапу, як пачула з вуліцы нейкі гук. Адхінула фіранку, каб паглядзець, што там, але дарэмна: пагляд утыкнуўся ў густую завесу цемры, застыў на вершаліне хвоі па-за будынкамі дома адпачынку. І тае ж хвіліны амаль зноў саслізнуў долу, прынаджаны кропкаю святла ад цыгарэты. Нехта цёрся ў прагалку між брамаю і ходнікам і няспешна, раз-пораз падносячы да вуснаў цыгарку, паліў.
Зноў ці не ён, падумала яна і напружыла зрок у спадзеве хоць што-небудзь выхапіць вачыма, што пацвердзіла б прыпушчанне. Але цемра была занадта густая, а ўспышка ад цыгарэты, калі чалавек падносіў яе да рота, занадта слабая, каб яго пазнаць. І ўсё ж... хай бы ён і быў.
Як яны цалаваліся тады ў хмызе наўзбоч танцпляцоўкі! Яна іх, тыя пацалункі, і зараз – бес у рабрыну — зрэдчасу згадвае. Згадкі прыходзяць раз-пораз так неспадзеўна, што яна літаральна ад іх дранцвее. Дранцвее і доўга-доўга пасля не можа вярнуцца ў яву. Стаіць, бы заспеты градабоем сярод поля вандроўнік, і бязгучна варушыць вуснамі ў адчайным жаданні прымусіць стрэлкі часу спыніцца на тым прамінулым імгненні. Варушыць вуснамі і думае пра тое, як шкада, што ад пацалункаў не нараджаюцца дзеці. Гэта адзінае шкадаванне, якое выяўляе яе слабасць. І яна беражэ яго ў сабе як сведчанне другой сваёй, няспраўджанай, ды не забітай дарэшты сутнасці.
Але наўрад гэта ён. З чаго б яму тут цэлы вечар цікаваць? Ды і энергетыка, падказвае ёй інтуіцыя, у гэтага зусім інакшая: занадта злавесная, ці што, каб быць ягонай.
Чалавек кінуў цыгарэту, і яна, апісаўшы ў цямрэчы дугу, упала па той бок тыну. Гэткі ж, як і напачатку, калі яна толькі прачнулася, гук, быццам хтосьці тыцнуў цвёрдым у глебу, данёсся праз шыбіну да яе вушэй, спарадзіў іншую здагадку. Фара аўто прарэзала змрочную гусціню, слізганула па ходніку, высвеціла ногі незнаёмца з кульбаю наўзбоч і знікла па-за дрэвамі.
Яна паўзіралася яшчэ колькі часу ў цемру, захінула фіранку, расклала канапу.
«Авохці! То каб хто пад вокнамі, а то во — двое адразу!» — падумала і наравіста, як колісь у маладосці тое рабіла, трасянула галавой у спадзеве як хутчэй пазбавіцца трывожнага, як тады, падчас першага спаткання з Зелянухам у А., прадчування.
А. сустрэў яе з абыякавасцю незнаёмца. Пасля пакутлівых перажыванняў з-за разрыву з Сашкам і ад’езду з дому гэта было першае яе новае ўражанне, таму яна вырашыла не марнаваць часу і адразу накіравалася ад станцыі шукаць патрэбнае месца. Яна прайшла каля вярсты ўздоўж чыгуначнага палатна і трапіла ў падказаны адным з мінакоў раён. Раён месціўся ў нізябіне і ўвесь быў забудаваны хрушчоўкамі. Ён заўжды асацыяваўся ў яе памяці са снегам, а цяпер было лета, так што выглядаў ён непазнавальна, прынамсі, зусім не так, як яна памятала. Так непазнавальна выглядаў, што сумнеў ахапіў яе: ці туды яна трапіла, куды мкнулася? Разам з тым інтуіцыя ёй падказвала, што прыйшла правільна.
Яна падышла да маладой жанчыны, якая развешвала ў двары бялізну, і сказала, што шукае. Жанчына здзіўлена глянула на яе і адказала, што гэта акурат тут. Маўляў, баракі знеслі пяць год таму, і вось якраз на месцы гэтае пяціпавярхоўкі насупраць месціўся адзін з іх.
Яна зірнула на будынак. Ён бліснуў ёй насустрач вокнамі, але ніякага знаку на гасціннасць не падаў. Тады яна вырашыла абысці яго наўкола. Павінна ж што-небудзь застацца, што яна пазнала б, падумала і ступіла за рог дома.
Адразу за домам пачынаўся яр. Гэта давала надзею, бо пры бараку, дзе яны колісь жылі з маткаю і Паўлікам, яр таксама быў. Усцяж яра цягнуўся падковаю, паўтараў ягоныя звілістыя лініі шыхт паўночных хвояў. Яе ўвагу міжвольна прыцягнула адна з іх напрыканцы шыхта. Яна падышла бліжэй, і тут яе сумнеў канчаткова развеяўся. Гэта была тая самая хваіна-спарыш, толькі значна падрослая, яна пазнала яе па жалязяцы між камлямі, да якой звычайна дарослыя мацавалі для дзятвы ўлетку арэлі.
Усцешаная, што вандроўка сюды, на Поўнач, не была дарэмнай, яна вярнулася да дома, каб запытацца ў жанчыны, ці не ведае яна цётку Галю Кудзельскую. «Ведаю, — адказала тая. – Але цяпер яе няма, бо яна з’ехала да сына ў Саратаў і вернецца ў А. толькі напрадвесні».
Читать дальше