Яна дапіла гарбату, пайшла зноў у пакой.
На экране львіца Тора ляжала ў зарасніку побач з дрэвамі, высочвала здабычу. Па тым, як напружылася ўся яе істота, ды па шчыльна сціснутай пашчы драпежніцы было бачна, што хвіліна пачатку атакі зусім блізка. Гэтым разам ахвяраю мусіла стаць цяля, матка якога, аднарогая буйваліха, ва ўчорашняй серыі ўсмерць забіла рогам аднаго з дзіцянят Торы, калі тая адлучылася да вады, а цяпер сама выправілася ў спадзеве спатоліць смагу да бліжэйшага ручая, пакінуўшы цяля сярод кустоўя.
Гэтыя перадачы пра жывёл! Яна прызвычаілася глядзець іх не так даўно, з паўгода таму, як толькі падключылася да спадарожнікавага тэлебачання. І з таго часу не прапускае ніводнай серыі. Глядзіць уранні, удзень, увечары, абы вольная хвіліна. Глядзіць з такім утрапеннем, што, здаецца, неўзабаве сама, наглядзеўшыся ўсяе тае жорсткае экзотыкі, абрасце поўсцю ды ператворыцца ў звера, а то, глядзіш, і рыкне па-львінаму. Глядзіць з такім імпэтам, так унікліва, што ўжо ўпаўне магла б быць кансультантам па фаўне ў якім-небудзь запаведніку, ва ўсялякім разе аленя пуду ад антылопы куду адрозніць так лёгка, быццам усё жыццё побач з імі пражыла.
Але асабліва даспадобы ёй тыя перадачы, дзе на паляванне выходзяць не звяры, а людзі. Чаму? Было б проста адказаць: хто ж ведае. Так адказаць – значыць, пакрывіць душою, як крывяць тыя, што ў пашанотным ужо нават узросце, шукаючы дурняў, даводзяць іншым, быццам не разумеюць вытокаў уласных учынкаў. Усе ўсё ведаюць, усе ўсё разумеюць. Іншая рэч, ці гэтак тыя вытокі прывабныя, каб жадаць дзяліцца веданнем пра іх з іншымі.
Так і з гэтымі праграмамі пра паляванне... Бо яна не проста іх глядзіць, яна імі – без перабольшання жыве. Яна глядзіць, як знешне сімпатычны чалавек з выкшталцонымі манерамі дэманструе з экрана без аніякіх пакутаў сумлення галаву забітай хвіліну таму прыгажуні антылопы або аленя, і яе ўласныя пакуты з нагоды колісь учыненага ёю зла здаюцца ёй на тле ўсяго таго калі не марнымі, то дакладна мізэрнымі. Яна слухае прыемны, наліты абертонамі гонару ад перамогі над безабароннаю жывёлінай дзе-небудзь у Кеніі ці ў Замбіі прывабны голас паляўнічага і міжвольна адчувае сябе часткаю пераможнай сілы. Яна глядзіць на пераможцу і бачыць у ім сябе. Яна быццам бачыць сябе вачыма старонняга чалавека, і, што вельмі ёй важна, той чалавек не асуджае яе. І рашучасць выканаць сваю ролю да канца, паставіць апошнюю кропку ва ўласнай гісторыі поўніць яе. Нават калі, як тым птушанятам пярэстае казаркі, што, рызыкуючы жыццём, скачуць са скалы, з радзіннага гнязда следам за бацькамі ў памкненні да вады, давядзецца рынуцца стоць галавою ў самы небяспечны, непрадказальны вір.
Яна выключыла святло, асцярожна падсунулася да вакна. Адпяла даланёй шырэй фіранку, зірнула на дол. Але там ужо нікога не было, толькі пара слядоў вяла паўз намецены ветрам друз ад ходніка да брамы дома адпачынку.
А ўсё-такі цікава, чаму ён не адказаў тады на яе ліст? Проста не пажадаў ці, можа, збаяўся, што яна прад’явіць (смяхоцце, па гэтулькіх гадах!) нейкія прэтэнзіі? Ці, можа, не дазволіла жонка? Зрэшты, ён ніколі жаданнем пісаць не вылучаўся. Не тое што яна: хоць бы той першы ліст у маленстве ўзяць, у якім яна апісвала Поўнач ды гісторыю Паўлікавай смерці і які потым гэтак адгукнуўся ёй праз Лёлю.
Тым часам Тора ўжо паспела паваліць цяля на дол ды ўпіцца зубамі ў шыю няшчаснага ў спадзеве як хутчэй задушыць. Буйваліха кінулася напрасткі паўз зараснік на ягонае адчайнае мычанне, і вось ужо дзве маткі сышліся ў жорсткім, як бывае, калі на кон пастаўлена само жыццё, паядынку. Цяля ўзбрыкнула, узбадзёранае падмогаю, адскочыла ўбок, і праз хвіліну яны ўдваіх з буйваліхай зніклі па-за хмызам. Львіца праводзіла іх вачыма, прынаджаная з’яўленнем на даляглядзе нейкай іншай, мабыць, больш лёгкай здабычы, стаілася ў зарасніку.
Міла Сцяпанаўна адвяла пагляд ад экрана, зноў зірнула на вакно, за якім чарнеўся шыхтам дрэваў бераг ракі. Вось там якраз, дзе рака робіць паварот, і знаходзіцца самае прыдатнае, калі даваць веры тутэйшым мужыкам, месца для рыбалкі. Праўда, абрыў там не надта высокі, усяго метраў з пяць, не тое што на пляцы ля млына, які яна дасюль памятае і будзе памятаць, напэўна, да скону, а ўсё ж...
Яны стаялі на пляцоўцы амаль пад самым дахам млына, і іх постаці то аддаляліся адна ад адной, то зноў зліваліся ў адну. Яны былі так высока, так далёка ад яе, што, каб хаця збольшага ўсачыць за іх рухамі, ёй трэба было шторазу ўскідваць голаў угору. І кожны раз, як толькі яна тое рабіла, пігулка сахарыны выслізгвала з яе пальцаў на дол, гублялася ў траве. Раз-пораз яны штосьці казалі, і іх нягучная гамана бязладным ашмеццем ледзь улоўных гукаў працінала паветра, таяла па-над сценамі млына, і насоўка ў руцэ маці то трапяталася на ветры, то хавалася ў далоні.
Читать дальше