— Не-не, — адразу адмовіўся Яён, як спалохаўся запрашэння, засабіраўся, «дыпламат» на калені паставіў, зірнуў на мяне. — Нельга мне — у мяне яшчэ сёння адказная праца. Так што дзякую, шаноўныя, і — прабачце...
— Шкада. Што ж, праца — галоўнае. Тады — да сустрэчы?
— Да сустрэчы, брат. І вам усяго добрага, — кіўнуў, далікатна схіліўшы галаву ў развітальным паклоне, падняўся, выпраміўся і з выглядам дзелавога чалавека падаўся да металічных варотцаў.
Ступіўшы на прыступку, азірнуўся, прыўзняў над галавой капялюх, яшчэ раз кіўнуў, усміхнуўся і тады ўжо зусім пераступіў парог.
— А непадобны на цябе брат твой, — гаварыў Зміцер Кісялёў, наліваючы ў шклянкі чырвонае віно, — ані кропелькі непадобны. Чаму так, Антон? Ад розных бацькоў? Прабач зноў мне, не ў сваё лезу...
— Правільна пытаешся. Ад аднаго бацькі, спадар Дзімітрый, — ад Бога.
— А-а, — мнагазначна пахітаў галавой сябрук, як быццам яму стала і сапраўды ўсё зразумела, хмыкнуў, узяўся за шклянку, — тады за вашую сустрэчу і вып'ем.
І сам першы, не чакаючы майго слова, нагбом выпіў поўную шклянку — пэўна, трываць ужо больш было няўсцерпкі.
За шыбамі ўжо ссутоньвалася. Асядала сонца за небакрай, атухалі пакрысе малінавыя водсветы. Вечар нацягваў на горад і дамы шэрае прасцірадла ночы. На ім залатым шытвом вызначыліся Млечны Шлях і маладзічок — тоненькім сярпочкам, Вялікая і Малая Мядзведзіца ў карагодзе буйных і малапрыкметных зорак...
Яны — зоркі і месячык — усё ведалі пра кожнага з нас, і не толькі ведалі, а і ўказвалі нам кожнаму свой шлях. Бо і ад Лукі ў Святым благавестванні сказана: «Таму што няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным, ні патаемнага, што не зрабілася б вядомым і не выявілася б... І так назірайце, як вы слухаеце; таму, хто мае, таму дадзена будзе: а хто мае, у таго адбярэцца і тое, што ён думае мець...»
Застолле нашае працягвалася. Нам было хораша і весела. Хаця ж мы і бралі з сумкі бутэлькі, колькасць іх не памяншалася. Для мяне было проста застолле, а для Кісялёва — свята. Яму ж пазваніла Вераніка! Заўтра ён пазвоніць ёй — дзяўчына будзе чакаць ад яго званка.
Не ведаў Дзімітрый Кісялёў, што не віно ён піў, а лекі. Лекі, падрыхтаваныя мной і Янінай. Яго пасля гэтага ніколі больш не будзе цягнуць да віна...
— Гуляем, спадар Антон? — у вачах хлопца радасныя іскрынкі, у голасе — шчырасць і радасць.
— Гуляем! Гудзім да трэціх пеўняў! Зразумела, што сёння мы нікуды не пойдзем — будзем спаць тут, у нашай хаціне — ППШ.
У Змітрака прыхаваны ў шафе дзве раскладушкі.
Спаў я суткі, і двое, і трое...
Памарака нейкая найшла на мяне. Не бачыў і не чуў, як напарнік шчыраваў каля акенца, як насіў і складваў скрынкі з бутэлькамі ў грузавую машыну, прыносіў тару. Потым прымаў ад сварлівых і нервовых людзей слоікі і бутэлькі, а ўзамен аддаваў грошы...
«Няхай паспіць Антон, з непрывычкі ўрэзаў. Ды і я, здаецца, ніколі не піў столькі. Але хіба гэтулькі магла прынесці Яніна? Антон нахаваў у тайніку? Трэба абавязкова пазнаёміць з ім Вераніку. Хай адпачывае. За ўчарашні пачастунак я і за яго работу зраблю...»
Я зноў адключыўся ад усяго — ад Зямлі і Космасу, ад Змітрака і Яніны... Жаданне спакою і адзіноты былі мне даспадобы.
Прачнуўся сярод ночы, пад раніцу. Патухлі зоркі, калі растварыўся ў ранішнім мроіве і месячык.
У нашым графстве быў поўны парадак. Усё складзена, упарадкавана. Нічога нідзе не валялася. Было падмецена, і нават вымыта падлога. Акураціст гэты Змітрок і дзівак! Дзе яшчэ і стрэнеш такога!
Ён ляжаў побач на раскладушцы. Моцна спаў.
У мяне не было ніякіх думак і жаданняў. Спаць ужо не хацелася. Чым толькі заняць сябе?
Дзе цяпер Змітрок? Мне захацелася праверыць яго Планету. Ён гуляў з Веранікай па вуліцах незнаёмага горада і расказваў пра сябе. Адначасова баяўся, што яна можа пакінуць яго... Дзяўчына смяялася і думала ласкава: «Дурань, які дурань мой Дзімка! Калі ён толькі навучыцца разумець дзявочую душу?»
За яго я быў спакойны. Збольшага перастала бунтаваць душа — Вераніка зрабіла крок насустрач, і адбыўся цуд. А цяпер ужо ўсё астатняе залежала толькі ад яго.
Пасля Змітрака падключыў касмічную прастору. Выбраў найважнейшае, пацікавіўся, ці не шукае хто мяне ў Сусвеце — можа, я каму спатрэбіўся ў гэтыя хвіліны?
Але Космас маўчаў. Правільней, не маўчаў, а жыў — крычаў і сварыўся, ласкава гаварыў і папярэджваў некага аб няшчасці, некаму помсціў, некага ратаваў... То мяне не тычыўся ніводзін сігнал. Тое радавала і крыху засмучала. На нейкую хвілю мне здалося, што я адзінотнік і нікому да мяне няма клопату...
Читать дальше