Мы гэтыя словы прамовілі ўслых. Прамовілі адначасова, сінхронна, бо выразна бачыў, як шавяліліся вусны Яніны.
— Ахутавана!
Што за такое чароўнае слова? І хто прыдумаў яго?
— І ўсё ж адкажы — што з намі адбывалася? — папытаўся і пачуў свае словы, сябе пачуў. — Што са мною было?
— Анічога, любы мой. Ты вярнуўся да самога сябе.
— «Закаханыя! Будзем любіць адно аднаго, таму што каханне ад Бога, і кожны, хто кахае, народжаны ад Бога і ведае Бога». Ты хацела так сказаць?
Яніна радасна паглядзела на мяне, дадала:
— «А той, хто не кахае, той не пазнаў Бога, таму што Бог — і ёсць каханне». Так сцвярджае святы Ян, хаця ён у гэтыя цудоўныя словы ўкладваў яшчэ і іншы, куды больш глыбокі сэнс — любоў да Бога.
— Тады хто мы ў гэтым свеце, Яніна?
— Найперш, Антоне, людзі.
— Але ж чалавек не ўмее і не можа рабіць тое, што ўмеем мы. Не можа бачыць так, як мы. Адчуваць, як мы...
— А ён і не павінен тое рабіць. Ён такім стаў сам. А напачатку быў створаны Ўсявышнім усёмогучым і ўсёўмеючым. Чалавек развучыўся тое рабіць. Ён павінен вярнуць сабе тую здольнасць. Мы навучым гэтаму людзей. Нам і дадзена такое даручэнне.
Асцярожна, каб не выказаць залішнюю цікаўнасць, перапытваю:
— Кім — дадзена?
— Вярхоўнай Радай Ліцвініі. Мы павінны сабраць усіх ліцвінчукоў з усяго свету. Ліцвінія — то ж наша з табою Радзіма. Мы яе сыны і дочкі. І кожны з нас павінен зрабіць для яе пачэсны ўчынак.
Зноў раздумваў над яе словамі. Пра нешта здагадваўся, пра нешта падазраваў, але канчатковы сэнс не даваўся мне — выслізваў, як уюн. Тое мяне злавала.
— Тады, выходзіць, ён, чалавек, навучыцца распазнаваць і зло, якое рыхтуецца супраць яго?
— І не толькі. Ён будзе вольны і несмяротны.
— Дзіўна. І няўжо ад гэтага ўмення ў чалавека будуць нараджацца толькі чыстыя і добрыя памкненні? Ён жа будзе вымушаны штохвілінна кантраляваць свае памкненні і жаданні. Яму нельга будзе пераступаць мяжу недазволенага — бо пра тое ж будуць ведаць і ворагі і сябры...
— Разумееш усё правільна, спадар Антон!
— Але ж у мяне сумненні ёсць. Адкажы — а ці не сумна тады будзе чалавеку жыць на сваёй зямлі? І ці правільна ўсё тое? Ён жа, чалавек, пасля ўсяго не будзе аддадзены самому сабе. Ён жа будзе закаваны ў ланцугі адказнасці. Кожны крок, кожная думка ці жаданне — пад самакантролем! Жах! Ці не занадта жорстка падыходзяць сябры Рады, беручыся за ўдасканальванне ліцвінчукоў? Ці ж гэта шчасце?
Яніна ўсміхнулася і ўздыхнула:
— Чорная аўра пакіне яго зусім і назаўсёды. І таму чалавек ніколі не будзе нікому рабіць зла. Як і самому сабе.
— Але ж...
— Ты хвалюешся, што чалавек не будзе належаць самому сабе? Але ты ж забываеш, што яму падуладна ўсё-ўсё. Ён жа не цацка ў нейкіх чужых руках. Ён сам сабе камандзір, спадар і гаспадар. Адно яго слова — і чалавек раствараецца ў прасторы і часе, і яго ўжо ніхто не можа пачуць і ўбачыць...
— Так ты можаш збегчы ад мяне і я не змагу цябе адшукаць? — пераводжу я на жарт.
— І так, і не так, — жанчына весела смяецца, адчуўшы перамену ў маім голасе і настроі. — Мы з табою не можам уцячы адно ад аднаго. У нас, закаханых, ёсць дадатковая энергія. Астатнія пазбаўлены яе, таму і не змогуць адно аднаго дагукацца, акрамя сігналаў аб дапамозе ці прадчування нейкае бяды...
— Ну а калі нехта надакучыць свайму каханаму ці каханай? Ці сустрэне новага каханка ці каханую? Несці прымусова крыж і пакутаваць? Яны ж будуць у палоне аўры кахання, з якой нельга выбрацца.
— Навошта, Антоне, пакутаваць? У любы час можна вырвацца, вызваліцца ад уздзеяння агульнай энергіі, і тады ўжо ніхто не дастукаецца да яго сэрца. Тут усё надта проста.
— І...
— І толькі тады чалавек будзе па-сапраўднаму шчаслівы, калі будзе кіравацца толькі чыстымі і светлымі жаданнямі. Як і памкненнямі. Энергетыка яго душы і цела вырасце ў тысячу разоў. У яго хопіць сіл, каб траціць яе толькі на добрае і карыснае. І будзе ў дадатак да гэтага жыць столькі, колькі прадвызначана Богам — згодна ўчынкам чалавека на зямлі.
— Колькі ж можа найбольш пражыць чалавек, калі будзе кіравацца Божымі законамі?
— І трыста, і шэсцьсот, і дзевяцьсот гадоў. У Бібліі пра тое сказана.
— Дзіўна, аднак...
— Хутка ты перастанеш з усяго здзіўляцца.
На даляглядзе зырка бліснула маланка.
Потым пракаціўся, грукочучы нябачнымі коламі калясніцы па брукаванцы, гром.
Над жытнёвым полем згрувасціліся воблакі — шчыльна церліся бакамі, абганяючы адно аднаго. Нагрувашчванне нараджала гарматны выбух.
Читать дальше