«Не-не, ты не так зразумеў мяне, — спахопліваецца і чамусьці сама палохаецца (толькі чаго?) Яніна. — У вас, у мужчын. Бо гэта прэрагатыва жанчын-валхвавянак. Іх Бог першымі надзяліў дарам правідцаў і яснабачання, бо мужчынскі мозг чамусьці слабей паддаецца апрацоўцы...»
«А Настрадамус?..»
«Ну, то ўжо іншае. То як выключэнне. Але ты пра ўсё зразумееш і сам. І даволі хутка».
«Пра якую апрацоўку мозгу ты гаварыла?» — Вяртаюся я на ранейшую сцежку, на якую вывела сама Яніна, і мне робіцца неяк не па сабе. Няўжо нада мной робяцца нейкія эксперыменты, а Яніна прыкінулася маёй каханай, у што я шчыра паверыў?!
«Я ж казала, што тое ўсё ад Бога. Ён дае людзям фантастычныя здольнасці і магчымасці, самім чалавекам не раскрытыя нават і на адную мільённую... Чалавек нічога не ведае пра сябе, нічога не ўмее. Ад ляноты сваёй не ўмее. Ад прыгнечанасці. Ад адчування сваёй непаўнацэннасці. Ты ж абудзіў мяне. Ты нарадзіў мяне. А я — цябе...»
«Я табе ўдзячны, Яніна! Адчуў я сапраўдную волю. Вельмі добра ні ад кога не залежаць, акрамя Ўсявышняга. Толькі ён кіруе маім розумам, маімі жаданнямі і думкамі. Але то не залежнасць, а незалежнасць».
«Ты дасягнуў за гэтыя хвіліны разумення свайго прызначэння і адметнасці. Некалі ты адчуеш і найвышэйшую асалоду. Адкрыеш для сябе смак шчаслівых імгненняў, з якіх тчэцца вечнасць...»
«Калі Бог не пазбавіў мяне асалоды кахаць цябе, то ён і падараваў магчымасць адчуваць шчасце... Я раней не адчуваў сваёй душы, а тут яна аддзелена ад цела. Мая душа, ведаю, была агіднай і пачварнай, засмечаная зайздрасцю і сквапнасцю, скнарнасцю і жорсткасцю. Нездарма ж апостал Ян казаў: "Той, хто любіць душу сваю, заб'е яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў свеце гэтым, захавае яе ў жыццё вечнае..."».
«Я зноў радуюся шчыра твайму прасвятленню, дарагі мой Чалавек! Ты думаеш так, як і я, бо так яно і сапраўды павінна быць. Бо мы ж — адно цэлае. Мы з табой — адзіная субстанцыя...»
Але ўсё роўна для мяне шмат чаго яшчэ было незразумелым і невядомым... Я прымаў усё такім, якім яно і было, але прымесь недаверу яшчэ жыла ўва мне.
«Цябе, Антон, хвалюе, як жа ты будзеш адчуваць мяне — дакранацца, цалаваць, згараць разам са мною ў тым нязгасным полымі, у якім згаралі самыя моцныя, самыя апантаныя, самыя адчайныя?»
«Ты нават чытаеш мае думкі, якія павінны вось-вось прыйсці да мяне?»
«А мае хіба ты не навучыўся чытаць?»
«Здаецца, навучыўся...»
«Яшчэ раз віншую. Ты яшчэ не можаш даўмецца, як жа табе нябачную кахаць?»
У яе голасе лёгкі дакор. Таму я не ведаю, што адказаць.
«Дзівак і наіўны хлапчук, — смяецца Яніна. — Табе ж падуладны любыя жаданні. Толькі трэба ўсклікнуць адно-адзінае слова... Аху...»
— Ахутавана? — ускрыкваю радасна, пачуўшы падказку.
— Нарэшце ўцяміў? — чую я ўжо вясёлы, зычны смех побач. — Ну, смялей! Не бойся! Хто сказаў: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог?»
«Яно было напачатку ў Бога».
«Усё праз яго пачало быць, і без яго нічога не павінна быць, што пачалося быць».
«У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей».
«І святло ў цемры свеціць, і цемра не зацьміла яго...»
Я набіраю ў лёгкія паветра — гаючага, мяккага, адчуваю прыліў незвычайнай сілы, пругкасці ў нагах і руках, яснасці розуму, бязгучна крычу ў палескую прастору:
— Ахутавана! Зрабі цуд, Божа! Вярні мне бачанне і адчуванне!
Першае, што я адчуў, дык гэта лёгкае паколванне ў скроні, і нехта (ці не Яніна?) падказаў, каб я зажмурыў вочы. Тады ж наліліся цяжарам рукі, ногі, і лёгкі боль пранізаў шыю, потым патыліцу, перакінуўся ў скроні. Але то былі прыемныя адчуванні, якія не выклікалі больш трывогі, а, наадварот, нараджалі веру ў тое, што цяпер усё будзе добра. Будзе так, як я зажадаю...
— Адплюшчы павекі, не бойся... — шэпча, падказвае зноў Яніна. — Ну, асмелься...
«Божачка, ты пачуў маю малітву?!»
Я адчуваю яе рукі на маіх плячах. Яе косы датыкаюцца да маёй шчакі. Калі ж расплюшчваю вочы, мяне ахоплівае здзіўленне: я бачу яе, бачу! І трымаю ў сваіх абдымках! Бачу і свае рукі, плечы, ногі.
Вочы ў Яніны ці то блакітныя, ці то зеленаватыя. У яе пяшчотная ўсмешка, поўныя і сакавітыя вусны, ямачкі на шчоках.
Уздыхаю з палёгкаю, як вызваляюся ўсё роўна ад нябачнага цяжару, не верачы яшчэ ў тое, што адбылося, што здзейснілася.
Я нараджаўся зноўку. Я вяртаўся, рабіўся тым, кім быў і да гэтага. Быў ці буду?
— І Слова стала істотаю і стала жыць з намі, поўнае лагоды і ісціны.
— І мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Бацькі...
Читать дальше