Найперш мне кінулася ў вочы тое, што я не пазнаў тое месца, дзе мы былі. Мы знаходзіліся ў нейкім вялізным памяшканні, у якім ніколі не быў. Рухі, мне падалося, былі нейкія запаволеныя, бы на нашы рукі і ногі прывязалі нябачны груз.
— Дзе мы?
У маім голасе не было здзіўлення. Адчуў, што пачаў жыць у іншым вымярэнні, якое ўспрымаў як належнае, да якога быў гатовы даўно.
— У нашым доме, дзе мы будзем з табою жыць.
Яніна не жартавала. Тое я зразумеў па яе сур'ёзным выглядзе і па тэмбры голасу.
— Табе неабходна цяпер паспаць, адпачыць, — дакранулася яна да маёй рукі, — шмат нечаканасцей звалілася на цябе ў адзін дзень...
Мяне сапраўды ахутала стома, хіліла ў сон. З цяжкасцю перастаўляў ногі. Як скрозь туман бачыў, як Яніна адчыніла дзверы. Мы прыйшлі ў нейкі цёплы і вялікі пакой. Не распранаючыся, упаў на ложак...
Нешта шаптала мне над вухам жанчына, але голасу яе не чуў.
Сон мне сніўся дзіўны, які мне ніколі не сніўся да гэтага. А мо то і не сон быў зусім? Я яскрава яго бачыў, жыў у ім. Я не хадзіў, але ж і не лётаў. Затое лёгка перасоўваўся з месца на месца. Для мяне не існавала адлегласці і часу. У сне была і Яніна — у тым жа самым адзенні: у плашчыку, у чорных туфлях, на галаве бел-чырвона-белы пасачак.
Пра свой стан я не цікавіўся ў яе, хаця тое яшчэ мяне непакоіла. Проста я перастаў у нейкі момант здзіўляцца. Уражанне было такое, што даўно жыву такім жыццём, таму і прымаў яго такім, якім і бачыў.
Мне было лёгка і ўтульна ў маім сне. Я бачыў кожную жылку і нерв у маім целе, бачыў, як сэрца перакачвала густую вадкасць, як яна, кроў, цякла па венах, пульсавала... Нічому я ўжо не здзіўляўся. Я даўным-даўно ведаў сябе такога.
На левай руцэ бачыў, як кроў слаба прабівалася ў адным сасудзе — ёй замінала звужанасць. Мо ад таго і нямела зрэдку рука — не мог даць рады. Калі ж я дакрануўся да таго месца даланёй правай рукі, то кроў прабіла сабе дарогу шырэй, і я адчуў лёгкі боль. Затое праз хвіліну адчуў неймаверную сілу ў левай руцэ.
І я зразумеў, што магу сам сябе лячыць.
Пашкадаваў, што тое было толькі ў сне.
«Чаму толькі ў сне? — узлятаюць тонкія бровы над усмешлівымі вачмі. — Такое ты ўмеў рабіць даўно, ды не здагадваўся пра тое...»
«А хто ж у мяне адкрыў такі дар?»
Я ўсеўся на галіне тоўстага дуба (а мо і бука?), насупраць мяне — спадарыня Яніна Альхоўская, нагамі боўтае паветра.
«Я і адкрыла. Ты сам адкрыў бы сябе з цягам часу. Проста я прыспешыла падзеі».
Яна пераляцела яшчэ вышэй, але ляцела не як птушка, а як паветраны шарык. Уселася ямчэй на самым вільчыку. Мне ж не хацелася падымацца вышэй, застаўся ўнізе.
«Яніна, ты толькі адкрыла ў мяне "тое"?»
«Ды не... Людзей пятай расы ўжо шмат. Мо і не так шмат, але яны ёсць...»
«Пятай расы? — я гляджу на яе знізу ўверх, як кепскі вучань, перапытваю ў настаўніцы незасвоены ўрок. — Як тое зразумець, растлумач...»
Над намі праляцелі незнаёмыя птушкі — ці то буслы, ці то жоравы. Яны паляцелі клінам у бок сонца і згарэлі ў яго зыркіх промнях.
«Мы жылі ў чацвёртым вымярэнні і адносіліся да людзей чацвёртай расы. Жылі звычайным жыццём. Бачылі свет і наваколле сваім зрокам, але не бачылі трэцім вокам і не чулі трэцім слыхам. Ты цяпер і бачыш трэцім зрокам. Бог даў жыццё людзям у пятым вымярэнні даўно — як даў Леанарда да Вінчы і Настрадамусу, Блавацкай і Скарыне... Нехта так і не адкрыў у сабе новага чалавека і застаўся чалавекам чацвёртай расы...»
«Чаму ж так, Яніна? Баяўся быць звышчалавекам?»
«Не верыў, што такое можа быць. Таму і не раскрываўся, бо людзі бачылі ў іх вядзьмарак і чараўнікоў. Казкі пра чараўнікоў — хіба казкі? Чыстая праўда...»
«Сапраўды так?»
«Сапраўды, Антон».
«Гэта людзі, якія маюць павышаную адчувальнасць да падзей, што здараліся ў дзяржавах і краінах. Яны ведаюць усё пра сваё здароўе і іншых. Могуць лячыць любыя хваробы. Яны ведаюць усё і пра ўсё. Для іх не існуе ніякіх тайнаў Зямлі і Сусвету. Калі ж ім трэба пра нешта тэрмінова даведацца, яны проста падключаюцца да крыніцы дадзеных энергаінфармацыйнага поля Зямлі і Сусвету. За долі секунды ім будзе выдадзена неабходная інфармацыя. Такіх людзей называюць суперсенсамі. Яны лёгка здымаюць інфармацыю з падсвядомасці любога субяседніка. Суперсенсы чытаюць думкі як Кнігу жыцця, могуць зрабіць дыягностыку любому жывому арганізму і вылечаць ад хвароб...»
«І нават камара?»
«Не смешная падначка... І камару, і любой казурцы. Суперсенс можа прадказаць падзеі будучага часу. Яны дасканала выкарыстоўваюць думкафільмы і думкавобразы, з якімі могуць працаваць на любой адлегласці...»
Читать дальше