— Вы?
— Я... Гэтага хлопца я тут часта бачу. Прозвішча яго Саджораў, Пятро.
Дакторка памацала пульс, памерала ціск, загадала вадзіцелю:
— Тэрмінова ў бальніцу!
— Мне можна з вамі?
— Можна.
Завыла сірэна, патрабуючы дарогу «хуткай дапамозе». Уступалі ёй дарогу сустрэчныя людзі і машыны.
Па дарозе Пецьку далі кіслародную маску. У кішэні пінжака знайшлі нейкія дакументы. Дакторка падала мне:
— Чытайце.
Пецька меў высокую ступень абпраменьвання — быў ліквідатарам, знаходзіўся ля чарнобыльскага рэактара больш месяца ў самыя страшныя хвіліны. А мне адзін спец з ваенных сказаў, што тую радыяцыю, якую лічылі асноўнай, трэба было памнажаць на пяць-шэсць разоў...
— Вось яно што...
Божачка мой, хто мог падумаць? Лейкемія... Захворванне крыві...
Пецька доўга не прыходзіў у сябе.
«Памажы, унучак, яму, памажы... Ты зможаш...» Пра што казаў дзед? Чым жа я магу памагчы? Хіба дастаць якіх дэфіцытных лекаў? То дактары павінны яму памагчы. На іх толькі можна спадзявацца. І то не на сваіх, былых савецкіх, а «загніваючых», з Захаду...
1...
Дзіўна, але я не магу глядзець раўнадушна на латарэйныя білеты. Не-не ды і куплю адзін-два-тры... Проста так, без надзеі на выйгрыш — два разы снарад у адну яміну не пападае. Але я адчуваў сябе вялікім іграком у вялікай гульні. Адчуваў, што выйгрыш недзе блізка — вось-вось прыйдзе ў рукі.
І — кожны раз — міма. Пуста-пуста...
І — зноў жа — ні кроплі шкадавання. Бо выпадкі, калі сам купіш і сам выйграеш, вельмі рэдкія. Во калі з кім-небудзь, калі дзяліцца трэба абавязкова, калі ляцяць да д'ябла прынцыпы сяброўства і гонару, калі... Як нячысцік які ці сатана будуе тую непрадказальную сітуацыю і кідае ў той страшны вір людзей і іх душы, а потым стаіць збоку і назірае, здзекуецца, хіхікае...
Але, назло таму ж сатане, бяру латарэйныя білеты як не за кожным выпускам.
Хоць і не выйграю, але і ўзлую сатану, што не адступаюся ад свайго, што спадзею маю на добрае.
Хай ведае, як ганяцца за нашымі...
Афган і Чарнобыль...
Дзве чорныя меціны на маім пакаленні. І на наступных. Каму на памяці, а каму на асабістай скуры.
Мне ж, як і Пецьку, на асабістых шрамах-пісягах. Мы, як распятыя на крыжы, — адна рука прыбіта да Чарнобыля, другая — да афганскай зямлі...
Божа, прабач, што параўноўваю нашы пакуты з пакутамі Сына Твайго, які пайшоў на Галгофу з-за нас, дурных і неразумных...
...— Хлопчыкі, не спяшайцеся, перачакаць трэба, — шэпча ўзводны Міхась Страшкевіч нам, першагодкам, якія папалі да яго, і мы слухаемся яго, як роднага бацьку, бо толькі ад яго залежыць нашае жыццё — і яшчэ ад Бога. — Загадваю ляжаць усім і не рухацца... Нават не дыхаць.
Міхась — беларус. Кадравы ваенны. Пасля заканчэння пяхотнага вучылішча папаў у дэсантную віцебскую часць, якую ноччу першай і кінулі туды, у цемру, у пекла, у невядомасць, у нашую ганьбу, у гаўно, на самую брудную старонку перакрыўленай гісторыі...
«Щ» ён вымаўляе, як і мы, беларусы, — шч. Як і той рэпарцёр тэлепраграмы «Час» Жук, які выстаўлены як усё роўна напаказ усёй Расеі — во якія яны, беларусы, нават расейскую мову і вымаўленне не могуць вывучыць і таму гавораць — брукі, таварышчы, трумо, урад лі... А рэпарцёр і сам не разумее ці не чуе самога сябе, рады, пэўна, што яго бачаць людзі на экране, і не выпраўляе сваю гаворку...
Мы ляжым, чакаем, трымаючы напагатове аўтаматы. Зліліся з шэрай чужой зямлёю, са скаламі, з пяском... У нас і твары, як тыя скалы, — шэрыя, зямлістыя... Нам здаецца, што тут шэрае ўсё — рэчка, неба, воблакі. І нават сонца.
Узводны не выходзіць на сувязь, баючыся, каб не засеклі душманы японскай тэхнікай, — хітры паляшук, як той ліс. Раней было такое — толькі пашлём сігнал па рацыі аб дапамозе ці даложым абстаноўку, як праз тры-чатыры хвіліны мясціну, дзе мы знаходзімся, накрывае град мін і куль... І пакуль верталёт дабіраецца да сваіх, іх ужо няма — адны ямы ад выбухаў і кішкі, ад якіх ідзе пара, і галовы, і рукі валяюцца дзе папала...
— Не высоўвацца, тваю маць, каму сказаў, — злуецца камандзір. — На той свет захацелася? Дома ж нявесты чакаюць, а ты лоб пад кулі падстаўляеш... Снайпер сядзіць на гары, так і чакае, калі ты макотрык высунеш і рот адкрыеш... Не муха туды заляціць.
Калі ўзводны чуе, як нехта смяецца, рады, гэта азначае, што хлопцы трымаюцца, на нешта спадзяюцца. А куды падзенешся — жыццё даражэй.
Міхась — дзетдомавец. Бацькоў не стала, калі яму было восем гадоў. Родзічаў не было, і яго дырэктар школы адвёз у раённы дзіцячы дом. Не сказаць, каб і лёгка было там, але жадання калі-небудзь вярнуцца туды, праведаць ці ўспомніць той час, не было. У вёску прыязджаў. Да дырэктара школы заходзіў, быў удзячны, што той нешта зрабіў для яго, хаця то было і не ад сябе, а па педагагічнаму абавязку, але ўсё ж... А ў дзетдом — не, як і не існавала яго, як і выкінуў з жыцця тыя гады.
Читать дальше