У газеце аддзелаў шмат — эканомікі, маралі, камсамольскага жыцця, сельскай гаспадаркі, культуры, спорту... Я павінен быць докай ва ўсіх тэмах і даваць радкі для ўсіх аддзелаў. Гэта так трэба. Фізічна такое нельга зрабіць. Таму, калі ў нейкіх аддзелах забракавалі мае артыкулы (і правільна, можа быць брак), я пераставаў для іх пісаць — значыць, прафан, значыць, не лезь...
І ў спорце прафан. Колькі жыву, ні за адну спартыўную каманду (футбольную, баскетбольную, хакейную) не хварэў. Ніколі. Акрамя, праўда, шахмат, калі гэта спорт. За Толю Карпава хварэў, а ён падвёў мяне.
Таму я выбраў сабе тры «кані» і на іх скакаў у сваёй рабоце — жыццё вёскі, мараль і нарысы. І тады адчуў, што стала лягчэй працаваць.
Арганізоўвалі мы матэрыялы часта. Гэта калі пішаш за некага. Каб паказаць чытачу, як ахвотна пішуць у газету людзі.
Хіба ж будзе табе пісаць, напрыклад, першы сакратар абкома партыі? Ты рыхтуеш загадзя яму матэрыял і нясеш, каб хаця праглядзеў. Занёс і я. Анатолю Фаламееву. Ганарлівы, з пыхай, праз губу гаворыць і толькі на расейскай мове. Прачытаў, хмыкнуў:
— Так что от меня нужно?
— Ваш подпіс, што вы згодны з напісаным.
Распісваецца, кідае на стол:
— Сухо написано.
Тваю макаўку! Я пацеў, рабіў не сваё, яму за адзін росчырк пяра прышлюць саракоўку (гэта ж восем пляшак гарэлкі!), а яму суха... Каб цябе сушылі... Зарокся — больш ні ў якія дзверы абкома заглядваць не буду...
Але сустрэча яшчэ з ім адна адбылася. Аказаліся разам на адным камсамольскім сходзе ў саўгасе — у далёкай хойніцкай вёсцы. Калі тое было, каб першы абкома прысутнічаў на сходзе пярвічнай? А першы здабываў плюсы для свайго аўтарытэту. Над дакладам камсамольскаму важаку калгаса працавалі ўвесь райком партыі і тры інструктары з абкома камсамола. А сход атрымаўся сухі і невыразны. Усе сядзелі як нежывыя, і словы такія ж былі нежыццёвыя. Ні слова крытыкі, толькі «ўра, ура, ура».
Падвозіў ён мяне да абласнога цэнтра на сваёй «Волзе». Спераду пасадзіў, сам сеў ззаду.
Дарогай гаварылі, спрачаліся. Пэўна, думаў, што побач з ім сядзіць інструктар. Не згаджаўся з нечым, пярэчыў. Загаварылі пра лёс дзвюх маладзёжных газет — чаму на расейскай і беларускай мовах?
— Ничего страшного не произойдет, если две объединить в одну и выпускать ее на русском языке. Беларусская культура от этого не пострадает, — катэгарычна выказаўся ён.
— Вы вельмі глыбока памыляецеся, — мяне разбірала злосць.
Тады ён дакрануўся да пляча вадзіцеля:
— Иван Петрович, включи «маячок» — послушаем музыку...
Да самага горада мы маўчалі, за нас гаварыў «Маяк».
Калі я сказаў у абкоме партыі свайму таварышу Пятру Бязлупкіну, з якім гонарам мяне вёз першы, той засмяяўся:
— Спераду пасадзіў? То ён у трактар «Волгай» урэзаўся, дык баіцца ехаць спераду.
На рэдкалегіі мне закацілі вымову. Каб не Валера, то і строгую. Абараніў, выручыў.
Пэўна ж, добра рэдактару наківалі на мяне, раз ён усімі сіламі хацеў правучыць мяне, уціхамірыць. Рэзка змяніўся рэдактар Плюскавы, новы рэдактар, — то адносіўся добра да мяне, прасіў даваць нарысы і «забойныя» артыкулы, а то нечакана павярнуўся да мяне задам. І папрок быў, што тэмы падымаю неглыбокія, што спісаўся, што няма кантакту з абкомам камсамола. А на які хрэн мне той кантакт?
Ці тое галоўнае ў рабоце?!
7...
Апошнія дзянёчкі восені. А з прыходам халадоў і Антаніна закрывае піўное поле. Тады піўныя рыцары пакідаюць поле змагання. Усё збіраўся, ды так і не мог выбрацца на сустрэчу з Джо — выбівалі з каляіны непрадбачаныя акалічнасці.
Ужо мінула трэцяе бабіна лета, адлілі дажджы, і на вуліцы ўсталявалася спакойнае цёплае надвор'е.
Апошні тыдзень месяца. Апошні тыдзень работы піўнога поля. Як не праверыць, як не адзначыцца сваёй прысутнасцю. Хаця і не пакутаваў смагай, як летам, але доўг ветлівасці і абавязку прымушаў ісці туды. І было спадзяванне, што ўбачуся з Джо.
Мы топчам апалае кляновае лісце — як усё роўна ідзём па стракатым дыване. Ад Сажа патыхае ўжо волгласцю і холадам. Ужо цяплей апранулася Антаніна і не прыцягвае ранейшым магнітам позіркі маладых хлопцаў — схавала свае прыцягальныя грудзі.
Аднаго куфля, на маю думку, было мала, акурат два. Антаніна павіталася са мною, але на мяне не глянула, уздыхнула толькі, не спытала, чаму так доўга не быў. Не ў гуморы, пэўна, была, адразу бачна, але ж не скажаш ёй пра тое, яшчэ і мацюкоў нагне — пракідваецца і такое ў ёй зрэдку... Яна налівае маўкліва два куфлі, дае рэшту — медзякі, і незадаволена гаворыць:
Читать дальше