Вось я ў сям'і яго брата, на сем гадоў малодшага, якому нядаўна споўнілася восемдзесят. Акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, аўтар многіх выдатных прац і вынаходніцтваў, вучоны з сусветным імем. А мы, літаратары, проста завёім яго нашым Гаўрылам Іванавічам, і ў гэтай да яго павазе столькі цёплай глыбіні, а ў нашай блізкасці з ім — высокай усенароднай гордасці.
Добра каля такіх людзей, дзе заслужана, грунтоўна слаўнае неадлучна ад абаяльнай прастаты. І я быў сярод тых, хто спрабаваў угаварыць Гаўрылу Іванавіча напісаць успаміны, расказаць пра сваё плённае жыццё. Гаварыць мы стараліся як мага асцярожней, шануючы мудрую сціпласць, аднак дарма стараліся, бо адказ быў адзін: «Пішыце пра Максіма». І ўсмешка, якая абяззбройвае шчырасцю, дабрадушная ўсмешка з глыбока схаванай моцнаю воляй.
І цяпер, у рабочым пакоі Гаўрылы Іванавіча, гаворка (гамонка, як прынята ў Гарэцкіх) час ад часу свабодна і натуральна вяртаецца да Максіма Іванавіча — старэйшага брата, дзядзькі і таты. Бо побач з гаспадаром кабінета — сын, паважаны Радзім Гаўрылавіч, таксама геолаг і акадэмік, таксама закаханы ў мастацкае слова, і госця з Ленінграда, пляменніца Галя, мілая, сціплая Галіна Максімаўна, шматгадовая і адзіная апякунка цяжка хворай маці, руплівая ахоўніца літаратурнай спадчыны бацькоў. Зусім немістычна, сваімі абаяльнымі вобразамі прысутнічаюць тут і Леаніла Усцінаўна, якое ўжо чатыры гады няма, і Лёня, Леанід Максімавіч, што загінуў на фронце, а потым, праз тры дзесяцігоддзі, светла, хвалююча і вельмі патрэбна вярнуўся да людзей на старонках часопісаў «Маладосць» і «Юность» — сваімі салдацкімі пісьмамі маці, сястры, дзядзьку Гурыну, Гаўрылу Іванавічу, да якога, як і да бацькі, вельмі хацеў быць падобным.
У пашане, з якой у гэтай сям'і гаворыцца пра Максіма Гарэцкага, заўсёды адчуваецца не проста сямейнае, а перш за ўсё любоў да роднай літаратуры, належнае разуменне яе і месца, якое ў ёй па поўнаму праву заняў і ён, іх родны, які стаў блізкім, сваім для ўсіх, каму дорага роднае слова.
Каля стала, на якім была напісана і яшчэ ўсё, дзякуй богу, пішацца не адна выдатная навуковая праца славутага савецкага геолага, мне прыемна было праверыць сваё меркаванне, што кніжка, якая так добра ўводзіла мяне ў свет сапраўднай літаратуры, што той наш даўні і, як само маленства, светлы «Родны край» і сапраўды складаўся не без удзелу Максіма Гарэцкага. А шмат чаго з замежных моў пераклала туды Леаніла Усцінаўна.
Прыемна было таксама і расказаць, як у той паднявольнай цемры колішніх вёсак яшчэ раз быў пастаўлены «жалобны абразок», яшчэ раней, у ліхалецці дарэвалюцыйным, напісаны маладзенькім студэнтам-каморнікам, якому потым, на вялікі жаль, не прыйшлося сказаць свайму народу і цэламу свету ўсяго, што ён мог бы сказаць, і якога мы любім за тое, што ён сказаў.
1980
1
Побач з залай, дзе мы святкуем [ 1 1 У мінскім Доме літаратара.
] у холе наладжана невялікая, але вельмі цікавая фотавыстаўка — пра юбіляра і яго найбліжэйшых. Мяне там найбольш уразіў той здымак, дзе наш другі Максім, тады салдат «мікалаеўскай» вайны, паранены ва Ўсходняй Прусіі, ляжыць на шпітальным ложку. Твар такі просты, і падбародак, і губы, і нейкія вусікі, як у вясковага дзецюка, а вочы — паэта, мысліцеля. Яшчэ юнак, ён быў ужо аўтарам першага зборніка свежых, яркіх апавяданняў, у душы яго ўжо выспявала сусветнай значнасці аповесць «На імперыялістычнай вайне».
Пачаў Гарэцкі рана і адразу ўпэўнена. Гэтым: ён хораша нагадвае нашага першага Максіма — Багдановіча. Абодва яны пачалі і рана, і адразу стала, і ў слове абодвух, у кожнага па-свойму, спалучалася высокая агульналюдская культура і глыбока беларуская народнасць.
З народнасцю Максіму Багдановічу было цяжэй. Здалёк, з іншага асяроддзя ён прабіваўся да яе, да скарбаў роднай мовы напорам сваёй апантанай душы, сваёй нястомнай, дапытлівай думкай. А Максім Гарэцкі, сказаўшы амаль па- ягонаму, увесь быў у родным карэнні змалку.
Сёння ўранні з думкай пра выступленне, я зноў перачытваў Гарэцкага. Апавяданні, такія шэдэўры, як «Рускі», «Чарнічка», «Пад'езд», мініяцюры «Палонны», «Лёкай камунара», «Максімава зязюля»... Праз гэтыя старонкі бачыў я перад сабой салдата на шпітальным ложку, рана ўзмужнелага і памудрэлага ў суровым выпрабаванні, ужо тады, у самым сваім пачатку пісьменніка з тых, каго хочацца перачытваць. Проза яго — не займальная чытаніна, яе немагчыма за адзін раз прачытаць да дна. Вяртаючыся да тых старонак час ад часу, зноў ды зноў удзячна хвалюешся ад здзіўлення, што вось жа зноў амаль зусім як новае!..
Читать дальше