У нашай класічнай тройцы — Купала, Колас, Багдановіч — наймаладзейшы вылучаецца не толькі сваім голасам, але ж і тым, што ён першы так актыўна і плённа павёў маладую беларускую літаратуру ў вялікі свет, на збліжэнне з іншымі літаратурамі. Пры ўсёй яго абаяльна глыбокай беларускай народнасці яму вельмі ўласціва было і тое, што мы прывыклі азначаць трыма крылатымі словамі: пачуццё адзінай сям'і — сям'і народаў, сям'і чалавецтва.
У пашы дні, у нашай неспакойнай рэчаіснасці, калі і найбольшай трывогай і наймудрэйшай палітыкай для людзей добрай волі з'яўляецца захаванне міру па Зямлі, умацаванне разумнай дружбы паміж народамі, слова Максіма Багдановіча гучыць вельмі свежа, сучасна, патрэбна.
Ён з намі — вечна малады і звонка, сонечна родны.
Хай жа свяціцца яго імя!
1981
1
Максім Гарэцкі...
Каб і мне расказаць пра яго штосьці толькі сваё, неабходна вярнуцца... вось ужо больш за паўстагоддзя назад. І ў гэтым, калі не паддавацца паніцы або ныццю (усё канчаецца...), ёсць пэўнае, калі хочаце, шчасце,— бачыць, што і тваё, асабістае нейкім чынам уключылася ў агульнае, стала часцінкай гісторыі, няхай сабе значнай ды дарагой для самога цябе, але ўсё ж дарагой.
Калі ж успамінаць не толькі для сябе, дык не абыдзешся без неабходных тлумачэнняў: чытача трэба ўвесці ў той час, у тыя абставіны, толькі тады ён зразумее цябе так, як ты хочаш быць зразуметым.
З больш-менш такімі думкамі я ішоў на спатканне са сваім школьным маленствам,— у бібліятэку, дзе захаваліся тыя кніжкі роднай граматы, па якіх я вучыўся ў заходнебеларускай школе ў другой палавіне дваццатых гадоў.
І ў нашай вёсцы (тры класы), і ў бліжэйшым мястэчку (яшчэ чатыры) школа была польская, з такім-сякім выкладаннем слова беларускага. «Сякім-такім» яно было таму, што гэтым займаліся настаўнікі-палякі, з вельмі прыблізным веданнем мовы «тутэйшай», і рабілі гэтую справу між іншым, церпячы лішнюю нагрузку па загаду зверху, па нейкіх там часова-ліберальных меркаваннях.
Былі, вядома, і некаторыя выключэнні: пра адно з іх, пра маю настаўніцу ў местачковай школе, я ўжо ўдзячна пісаў. А тут хачу падзякаваць тым кніжыцам: з глыбока простай назвай «Родны край», па якіх нас вучылі, лепш сказаць — па якіх мы вучыліся.
«Родны край, трэцяя і чацвёртая пасля лемантара кніжка для чытання». Танная шэра-шурпатая папера, няхітрыя графічныя малюнкі, усе тэксты ў густую падборку,— нібы вельмі вялікая сям'я сабралася ў беднай цясноце мужыцкай хаты. Аднак, якая гэта дружная, разумная сям'я,— з якой любасцю да справы, з якім грунтоўным веданнем яе складзена гэтая кніжка! Тургенеў — «Гора» («Щи»), Чэхаў — «Іванька», Гаршын — «Жаба-падарожніца» і «На полі бойкі» (урывак з апавядання «Чатыры дні»), Ажэшка — «Рэха», Тэтмаер — «Успаміны», Канапніцкая — «Як кароль у паход выходзіў...». Да рускіх і палякаў — сусветна любімы датчанін Андэрсен — «Каралеўская вопратка»; «Апошняя лекцыя» француза Дадэ; «Дарагія грошы» — украінскае, «Горкі смех» — яўрэйскае... Туды, у гэтую цудоўную сям'ю, натуральна і раўнапраўна ўвайшло і наша — Багушэвіч, Купала, Багдановіч, Колас, Бядуля, Цётка. Гэта адтуль заселі ў памяці «Воўк і авечка», «Песня вайны», «Слуцкія ткаллі», «Ліпы старыя», «Малітва малога Габруська», «Міхаська»...
Гэта адтуль пачаўся і мой Гарэцкі, мая любоў да яго, спачатку больш інтуітыўная, відаць, з прадчуваннем: таго, што прыйдзе пазней, са шчымліва сардэчнай, урыўкавай музыкай, таемна роднымі гукамі гэтага прадчування. Цяжка іх перадаць. А яны паўтарыліся зноў, калі я на ціхім, сонечным бібліятэчным стале разгарнуў старонкі той «трэцяй і чацвёртай пасля лемантара», пачаў перачытваць урывак з вельмі простага апавядання, напісанага вельмі маладым пісьменнікам. Максім Гарэцкі, «Роднае карэнне». Вельмі простым здаецца яно мне сёння: што ж, юнак сабе ехаў дахаты, у вёску, ехаў, прыехаў... Такога — як быццам такога — хапае і ў нашых маладых празаікаў, яны таксама ўсё едуць ды едуць — праўда, і маладосцю сваёй значна старэйшыя за таго каморніка з мсціслаўскай Малой Багацькаўкі, якому як аўтару першага зборніка было, калі рыхтаваў яго, толькі дваццаць. Але ні у той прастаце Гарэцкага, знешне вельмі звычайнай, мне і тады, за партай, і сёння, праз мноства насычаных-перанасычаных гадоў, надзейна адчувалася і адчуваецца тая краса, ад якой і лепей бачыш далёка навокал сябе, і жыць хочацца разумна і прыгожа.
Паспрабуй растлумачыць, чаму яно білася, сэрца даволі гарэзлівага пастушка, і чаму ён, той радасны бой, і сёння паўтараецца ад такога простага, звычайнага. Скажам, як гэта недзе там, не ў нашым Загоры, а там, куды той далёкі Архіп ехаў на возе і чуў, як хтосьці звонкім вечарам так незвычайна для цябе і хораша клікаў жарабя: «Тпроля, тпроля, тпроля!..» Або як ён песню чуў — таксама вельмі новую для цябе, прыгожую незвычайна:
Читать дальше