Як яно помніцца ўсё так выразна — з малечай памяці. Я тады хадзіў у чацвёрты клас местачковай школы і зімою быў на кватэры ў цёткі Алены, нашай далёкай сваячкі. Помніцца — з нейкім затоена-значным сэнсам .
1983
У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку — добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, а ўверсе яшчэ чатыры пакоі.
Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго — маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што і ён хворы (па-іхняму, па-чэшску, немоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, «а я ўсё роўна ж дома сяджу».
Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго,— больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы,— малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку — яна з усмешкай чакала — дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым і яшчэ раз.
Гэта адно, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.
Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы — зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё і дрэннае і добрае, ідзе сабе паміж разнаколерных магазінаў, у яшчэ рэдкім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых і разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках — як нейкі выклік — нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.
«Малое — усюды малое. А маладому ўсё хораша»,— скажам таксама па-бабску.
Малы і дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва і паасобна, і разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў і стаў паміж імі, чэшскімі, трэці і свой, з майго вяртання месяц таму назад з Масквы дахаты.
У нашым купэ — глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.
Раней чым уведаць, што з малой такая бяда і куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самою вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, і змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.
Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк і неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:
— Маль-тшык!
І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць і што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.
А ўсё ж запаветнае — хоць і так яшчэ рана — сказала.
1983
Радасць цемры ці подласці, якая «сказала праўду»:
— Гэта ж не твае родныя тата і мама, яны цябе толькі ўзялі...
Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі ж вышэй за «праўдалюбца» стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!
Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, калі іх дачушка, згубленая ў вайну і выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, а другімі — нарэшце! — знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям'і прыйшлі да мудрага рашэння — парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.
Дзеці «падкідышы», або «пакідышы», якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было іх апярэджваць, і я падхапіў, перанёс адно, яшчэ і яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, і цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы «бацькоўскую недастатковасць».
У Нарыльску, у найлепшым, які мне дагэтуль давялося бачыць, дзіцячым садзе, загадчыца яго, кандыдат педагагічных навук, аўтар спецыяльных дапаможнікаў, чалавек на ўсю душу аддадзены сваёй справе, сказала нам між іншым і такое:
— Самая ідэальная выхавацельніца не зможа ўсіх іх пацалаваць, як маці. Сям'ю, таварышы, нішто не зможа замяніць.
Читать дальше