А недзе там над гэтым... не, лепш пад гэтым чуваць «цвярозае», «праўдзівае» гы-гы-гы:
— Гэта ж не твае родныя тата і мама...
1983
За шырокай градою гасцінца, які я перайшоў, за нявыкашаным раўком, у першых, нахіленых над высокай травою, жытніх сцяблінах, ніжэй калосся сціпла шарэла фанерная таблічка на кійку. З часовым, карандашным надпісам, які і мне паведамляў, як называецца наш калгас, які нумар участка, колькі тут гектараў жыта і які яго гатунак.
Правей, не вельмі далёка ад месца, дзе я на момант спыніўся, ідзе даволі шырокая, травяная дарога з вёскі на могілкі, а лявей і бліжэй ад мяне — яшчэ і сцежка ў жыце. Таксама адзнака сучаснасці: поле народнае, нічыё, хадзі, тапчыся, дзе каму ўздумаецца...
А ўсё ж і я пайшоў па сцежцы. З узвышша ў даліну.
Жыта сёлета добрае. І прыгінацца, нават росламу, не вельмі трэба, каб люба, удзячна пайсці вачыма па каласістай паверхні, якая яшчэ і шчацініцца трохі вусікамі ўгару, а больш дык хіліцца долу пад цяжарам шчодра налітых, пакуль што не цвёрдых, салодкіх зярнят. Абапал сцежкі, у не зусім спалавелым саламяным гушчары, сям-там праглядвае рамонак, большыя сонейкі якога наіўна пнуцца ўгару, некаторыя нават даволі высока, а дробязь цвіце, адцвітае ды пахно понізу. Васількі стракацяць дружней, месцамі нават густа, — блакітная пяшчота, што таксама цягнецца дастаць, дацягнуцца да каласоў. Для паўнаты дзіцячай памяці няма чамусьці ярка-ліловых званочкаў куколю. Затое трапляецца бярозка з грамафоннымі трубкамі белых і злёгку ружовых кветак, кволае плеціва вікі з дробненькай бурачковасцю цвету, а гледзячы на сонечна-хлебнае бязмежжа зверху, зрэдку бачыш, як над калоссем выкусціўся непераможна расквітнелы асот. На сцежцы — натапч сцяблін з пустымі ці поўнымі каласамі; яна шамаціць над нагамі, злёгку блытае іх ды рвецца, калі адной наступіш, а другой па хаду шмарганеш. Ды такое — зусім ужо як між іншым, бо ты глядзіш наперад, час ад часу ўлева ці ўправа, табе, даўно ўжо гараджаніну, здаецца, што так вось ішоў бы ды ішоў,— далёка, можа, і бясконца...
А сцежка канчаецца.
Нашы старыя могілкі, і ў даўнім, у прыкрым сваім запусценні цяпер, у зеляніне ды ў сонцы, нібы нават прыгожыя, сумна прыгожыя. Магутны, разложысты цёмна-зялёны дуб. Таксама, як і ён, спрадвечная, але ж змарнелая капліца. У шэрых лушпаях не да канца датлелай шалёўкі, з блекла-ліловым купалам, які здалёк, у кудзерцы вышэйшых і ніжэйшых дрэў, бачыцца весялей. Тры сасны, як самотны дазор, прысланы сюды з далёкага лесу. І дзікі нізавы гушчар.
Нікога за яго не папракаючы, і самога сябе таксама, прывычна знаходжу ў бэзавай ды шыпшынавай, зноў ацвіцелай дзікасці два найраднейшыя помнікі. Надпіс на левым зацёрся больш, на правым менш. Пастаяўшы і адышоўшыся, я чамусьці вымаю блакнот і ледзь не з дзіцячай, тады, даўным-даўно адпаведнай узросту, сёння і трохі няёмкай, і гаркавата-шчымлівай пяшчотай запісваю па дзве даты з абодвух помнікаў. Як быццам не ведаю гэтага і ніколі не ведаў... А тады ўжо іду далей сярод рэдкіх, пахіла-шэрых драўляных крыжоў, абымшэла-каменных старчакоў з загладжанымі часам надпісамі, сярод помнікаў навейшых, ужо ад большага пасляваеннага дастатку, і зусім новых, нядаўна дастаўленых удзячнымі гарадскімі нашчадкамі, стандартна бетонных стэлаў з таннай пазалотай надпісаў ды ў вастрапікіх агарожах, найчасцей блакітненькіх. Зноў здзіўляюся, якімі ж нестарымі памерлі той ці тая, якія ў маёй маладосці, не толькі ў маленстве, здаваліся дзядамі ды бабулямі. Заўважаю імёны тых, пра чый адыход пачуў з роднай мясціны сёлета, летась ці пазалетась...
І раптам — зусім нечаканае сутыкненне.
Я аж сумеўся ціха, ледзь не спалохаўся, спыніўшыся каля яшчэ цішэйшага. Адразу — толькі заўважыў светла-шэрую пляму на рагу прасторнай і змрочнай агарожы, а ў наступны момант — пазнаў у гэтай пляме жывую істоту.
Нейкая бабуля стаяла на каленях і, нікога, нічога не бачачы, не чуючы, уся занятая сваёю справай, фарбавала адзін з жалезных прутоў. Пруты былі яшчэ новыя, чорныя, аднак старая з няспешным, сказаў бы — з эпічным спакоем давала ім поўнае абнаўленне. Раз-поразу няспешна абмачала квачык у бляшанку і памаленьку, старанна квэцала чорным тоўсты прут, ад цэментавай падмуровачкі да ўзроўню сваіх вачэй. За гэтым прутам,— я моўчкі глядзеў,— пайшоў такі самы другі. Злева, пачаўшы ад рога агарожы, некалькі іх ужо тлуста чарнелася. Далей бабуля, вядома, падсунецца на каленях направа, будзе мазаць усю гэтую сценку спачатку знізу. Потым цяжка паднімецца, пагоніць даверху... А іх жа так многа, гэтых прутоў, агарожа зроблена старою з запасам, не на адзін толькі помнік, з разлікам і на сябе. А да вёскі ж няблізка, з даліны ўгару, на нямоглых нагах, настаяўшыся на каленях...
Читать дальше