Мужны Гаронэ абараніў пакрыўджанага Нэлі, гарбуна, калеку, а Нэлева маці, прыгожая італьянская сіньёра, прыйшла ў школу і ў кабінеце дырэктара абняла таго чатырнаццацігадовага абаронцу, са слязьмі цалавала яго нагала астрыжаную галаву, зняла з шыі свой крыжык на залатым ланцужку і павесіла яго хлопцу пад школьны гальштук.
У небагатага і вечна п'янага бацькі польскага калекі Юзя падарунак яго школьнаму абаронцы Казіку быў іншы: куфэрак з кнігамі, уся спадчына пасля мілага гарбуна, які памёр, прыдушаны возам на вуліцы.
Аднак і ў італьянскім, і ў польскім выпадках гэта да слёз хвалявала яшчэ і мяне, заходнебеларускага хлапчука, аднаго з тых, да каго гэты высокі агульналюдскі змест дайшоў... няхай сабе і не на роднай мове.
Сяргей жаласці ў сэрцы не выклікаў. Нават тады, калі ён падаў сваім горбам са «слана» і, не трэснуўшы, як трэснуў бы, там упаўшы, вялікі гарбуз, усхопліваўся з крыкам і разам з усімі смяяўся, зноў узняўшы свой «меч».
У школах тады, пасля амаль сямі гадоў так званай «мікалаеўскай» і грамадзянскай войнаў, пасля некалькіх «пераваротаў» — зменаў улады, шмат было пераросткаў. Сяргей, хоць і вучыўся толькі ў пятым, старэйшы быў за мяне на тры гады. А ў шостым ды ў сёмым: класах, побач з меншымі, былі ўжо і сапраўдныя дзецюкі ды дзеўкі. Сяргей трымаўся са старэйшымі. З хлопцамі шаптаўся, хіхікаў з нечага, пра што не гаворыцца ўголас, курыў на школьным гарышчы, а дзяўчат, ужо добра грудастых, услед за іншымі гуляючы ў кавалера, абдымаў па-свойму — вышэй каленяў, дакуль даставаў.
Аднак ён і з намі, меншымі, умеў падзяцініцца.
Ён вельмі ўдала гаўкаў, мяўкаў, кукарэкаў, буркаваў голубам, шчабятаў ластаўкай. З Паўлам, маім аднакласнікам, якога за кволасць празывалі Кісяе Маляко, Сяргей часамі наладжваў, так сказаць, лялечны, спектакль. Звязаўшы з кіёчкаў дзве крыжавіны, яны надзявалі на іх свае курткі і шапкі і, схаваўшыся пад тыя пудзілы, трымаючы іх над сабой, пачыналі паказваць бойку. Спачатку наскокі, адскокі, зачэпны перабрэх, першыя куксаны, а тады — узаемная малацьба рукавамі, да поўнай знямогі, калі ўжо іх «двайнікі» павісалі адзін на адным і толькі хэкалі, пад смех і крык гледачоў, наадварот нястомны.
І з «мечам» справа не абмяжоўвалася адным «сланом». Напрадвесні, калі кашэчае марцаванне не абмінала і гарышча нашай школы, Сяргей затойваўся там у цямнейшым кутку і пачынаў клікаць, на ўсе лады выводзячы то кошчына, то катова тамленне. Ці ўдалося яму калі прывабіць марцавальніка ці марцавальніцу бліжэй, пад удар свайго «меча» не памятаю, а наша — унізе, на дварэ — нясцерпнае хіхіканне і, нарэшце, смех, што выбухаў, зрываючы аперацыю, і сёння для мяне жывы.
Былі і іншыя «выхілкі», былі і вясковыя жарты і прыпеўкі, амаль заўсёды скаромныя. Праўда, разлічаныя ўжо не на нас, малечу, намі, здалёк ці зблізку, пачутыя ў гурце старэйшых.
Сярод пераросткаў найцікавейшы быў Сашка-Кі, якога празывалі так за пацешнае заіканне ў маленстве. Заіканне даўно прайшло, мянушка засталася, але далёка не кожны мог асмеліцца сказаць яе хоць здалёк, уцякаючы. Тады, у той першы слановы сезон, Сашка-Кі быў вучнем апошняга, сёмага класа, умеў выдатна бегаць на руках, да самых пят пранозліва свістаў і ў пальцы, і ротам, зусім непераймальна падцяўшы губу ды прыткнуўшы язык, камандаваў «сланом», валейболам, лаптой, хадзіў найбольш з Валяй з іхняга класа, казалі, і вечарамі з ёю сядзеў, аднак і вучыўся таксама добра, нават выдатна. І хораша спяваў у нашым школьным хоры. А гадоў яму было ўжо ажно пятнаццаць, і гэта для мяне, чатырохкласніка, аднаго з тых, хто ў школу пайшоў нармальна, сямігадовым, было недасягальным, выклікала пашану і зайздрасць, а то часамі і страх.
І вось ён, Сашка-Ki, дружыў з Сяргеем. Як і большасць у нашай школе, яны былі не местачковыя, а з вёскі, да таго ж з адной, а сябравалі, відаць, даўно. Паспрабуй тут хто-небудзь Сяргея пакрыўдзіць!
Зрэшты, і потым, калі ўжо Сашка ў нас не вучыўся, Сяргея ніхто ніколі не крыўдзіў,— не памятаю такога выпадку.
Сашка-Ki паступіў у беларускую гімназію, на той гужавы ды пешаходны час, на мой малечы ўзрост пайшоў у вельмі далёкі, пакуль што недасягальны свет — у ваяводскі Наваградак.
Сяргей закончыў школу на год раней за мяне, далей вучыцца не пайшоў. Зрэшты, і Сашка тады ўжо не быў гімназістам: яго адтуль, як гаварылася, «прагналі за палітыку», а неўзабаве і пасадзілі ў турму.
Пра ўсё гэта я толькі чуў, яно было па-тагачаснаму далёка, у пятай вёсцы ад нас, за цэлых трынаццаць кіламетраў.
Читать дальше