1 ...5 6 7 9 10 11 ...165 Могілкі вада не кранула, не паднялася да могілак, а мо й пашкадавала, спынілася каля плота, ля капліцы. Пашкадавала не толькі іх вясковыя могілкі, але і тыя магілы, што належалі невядома каму, магілкі, якія насыпамі белага пяску спакон веку ўзвышаліся над вёскай. Да могілак і кінуліся людзі. Першую лодку, човен, гнала старая Махахеіха. Веславаў, праўда, сам Цімох Махахей, але Махахеіха сядзела наперадзе і сваім чорным носам-дзюбай як бы кіравала ім, і ў тым, як яна сядзела ў гэтым чоўне, як рашуча гнулася і распрамлялася, і нават у паглядзе, было нешта вельмі нядобрае. Да таго нібыта прывязаныя да родных селішчаў і не ланцугамі і вяроўкамі, а нечым больш трывалым, непарыўным, следам за Махахеем паплылі і іншыя лодкі. Барздыкі, Махахеі, Роўды прыставалі да берага, падцягвалі лодкі і чаўны і спяшаліся кожны да свайго блізкага. Тое, што належала не ім, з чым яны былі ніяк не звязаны — старажытныя насыпы з жоўтага пяску,— абыходзілі, не краналі, не трывожылі спакою чужых нават у ліхую для сябе часіну. Мо і грэбавалі, захоўвалі сябе, чысціню сваю, імкнуліся да сваіх, хай і мёртвых, але сваіх.
— Ты прабач, прабач, Іване,— ціха прамовіла Ненене, пакланілася ў пояс роднай магілцы, потым яшчэ двойчы пакланілася і астатнім.— Я яшчэ не па вечнае карыстанне ў зямельку. Ноччу ты ў мяне гасцяваў, удзень я да цябе прыйшла. Не ад дабра да цябе, ад ліха.
— Ой, ліха-лішанька,— завыла, успляснула рукамі Барздычыха.
— Памаўчы,— сурова спыніла яе старая Махахеіха.— Не той час, самі. бачаць... Не крыўдуй, Сцяпане, паціснісь тут, нам месца дай, не праклінай...
— Ратуй, мама...
Хто гэта выгукнуў, хто ўзмаліўся, па голасу Ненене не паспела пазнаць, зноў залямантавала Барздычыха:
— А татачку мой, а мамачка родненькая, а ці думалі-гадалі, што вашы дзеткі на магілках вашых хавацца будуць. Прабачце вы мне, прабачце, людцы добрыя.
I адразу, не паспела Ненене падумаць, што тут адбываецца, ці не вайна зноў пачалася і таму жывыя зноў прыйшлі і звярнуліся да мёртвых, усталявалася цішыня. Ні галашэння, ні ляманту, ні ўздыхаў. Жывыя аддалі ці палічылі, што аддалі ўсё, што трэба, мёртвым. Пачалася праца. Захлынулася на паўслове, перакуліла вядро з бульбай Барздычыха, і бульба мякка, амаль бязгучна пасыпалася на магілку. I на іншыя магілкі сыпалася ўжо яна, вылежалая, прыгатаваная для зямлі і лунатая, таму што чула ўжо вясну і зямлю, чула і рыхтавалася ўжо выбухнуць у вясну і зямлю гэтым сваім лупатым вокам, прастрэліць зямлю і вясну вострым верацяном-парасткам.
Суровымі цёмнымі мачтамі ўзвышаліся над могілкамі, пад тымі, хто даўно ўжо выправіўся ў апошні свой шлях, і над тымі, хто з'явіўся сюды, каб знайсці тут паратунак, крыжы, патрэсканыя ад часу і ад няспыннай працы, дзе самым руплівым працаўніком быў той жа самы час, паўсюдным працаўніком — і на зямлі і пад зямлёй. Па завядзёнцы, па першым, пэўна, яшчэ нябожчыку, крыжы тут ставіліся вялізныя, дрэва для сваіх не шкадавалі, працы таксама, рыхтавалі ў далёкую дарогу старанна. Але крыж крыжам, хоць да неба ўзнясі ты яго і не з дрэва, а з каменю ці бронзы пастаў, толькі зямелькі, як ні круці, як ні вярці, як ні спрыяй свайму роднаму чалавеку, а больш двух метраў — не ўхопіш. I магілкі гэтыя, два метры чаўна, ладдзі ці палескага дашчаніка-душагубкі, выглядалі ў параўнанні з крыжамі кволымі і ненадзейнымі. Асабліва абвострана гэтая кволасць і ненадзейнасць адчуваліся ў сувязі з тым няўчассем, якое стаяла зараз: жыццё — трава, ліст яшчэ не праклюнуліся, і ўсё вакол было шэрым і сумным, як вока позняй восені ці то ранняй вясны. Але людзі, што рушылі гэтым днём на могілкі, усё ж спадзяваліся выплыць, кожны на сваім чоўне-магілцы, кожны на сваім нябожчыку, а карабель быў на ўсіх адзіны — пагост. I ён таксама быў аснашчаны мачтамі, цёмнымі вячыстымі дубамі з адмерлым і жывым веццем, старымі ўсхваляванымі хвоямі. I на гэтыя дубы і хвоі, на жывое і адмерлае вецце людзі ўжо вешалі, каб сохлі, коўдры, ручнікі, каляровымі ручнікамі абвязвалі крыжы. Дапамагалі адзін аднаму, хто чым мог, былі такімі ж адзінымі і дружнымі, як у вайну ці то адразу пасля вайны, калі мала яшчэ чаго хто з іх меў, калі іх адзіным агульным скарбам было толькі гора.
Ненене ўправілася з бульбай, цяпер можна было падумаць і пра карову. Бульба выратавана, гэта было галоўным, у гэта яна непарушна і свята верыла: ёсць кардопля — жывы будзем, не прападзём. Зараз жа да гэтай кардоплі трэба было і карэчак малака. Карова Ненене хадзіла і рыкала каля могілак, нібыта спрабавала разглядзець, дзе там згубілася сярод крыжоў яе гаспадыня. I Ненене стала крыху лягчэй на душы: не-не-не, яна не пакіне сваю Мілку адну, не пакіне і ў бядзе. Радасная, бегла яна да сваёй Мілкі, вяла яе за сабой, прытыкала да плота каля могілак. Прыткнула і замерла амаль што ў роспачы: што ж далей? Мілка прывыкла да цяпла, холадна ёй, дрыжыць уся, бакі ходырам ходзяць. I Ненене жаночай сваёй істотай, ужо, здавалася, адмерлым, забітым жыццём і гадамі адчула, зразумела: вось яно, надыходзіць. I тут няхай свет перавернецца, хоць прыйдзе канец свету, а працу гэтую рабіць жывому трэба, не, не было і не будзе нікога на свеце, хто мог бы адкласці, спыніць яе ці перанесці на потым. Але ж як гэта ўсё на вачах, на людзях. Ды ты ж сама на вачах, на людзях, папікнула яна сябе за тое, даўняе, паглядзела ў стомленыя і рахманыя вочы каровы і адчула, што несправядлівая да сваёй Мілкі. Ёй, Ненене, што, яна баба, а бабы — яны трывалыя, ды тады сярод жыцця ўсё было, сярод жыта, у разоры, у разоры сярод жыта вясковыя бабы звычныя раджаць. А тут жа няхораша атрымоўваецца, нядобра, непрыстойна жывёле апраставацца сярод пагоста, дзе людзі адпачываюць, разумець жа трэба. Шывы асудзіць, абгаворыць і забудзе, даруе, а нябожчыкі не даруюць. У людзей вока нядобрае бывае, сурочыць могуць людзі, а хто ж гэта ведае, якое вока ў нябожчыка.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу