Кулямётчык растлумачыў: націснуў спускавы кручок, даў па бакавых канвойных дзве кароткія чаргі.
Гітлераўцы, што ехалі на павозках, адразу пасыпаліся на зямлю, нібы іх вецер здзьмуў. Некалькі постацей кінуліся з дарогі, стараючыся ўцячы.
Спалоханыя коні ірванулі і панесліся, як ашалелыя.
Машыны спыніліся, і з іх адразу паляцелі, уздымаючы рукі, як крылы, запыленыя пехацінцы. Завязалася кароткая перастрэлка з канвойнымі, якія яшчэ паспрабавалі адбівацца.
Праворны таксама саскочыў на зямлю і кінуўся ўслед за байцамі...
Малодшы лейтэнант бачыў, як два канвойныя ўсталі з зарасляў свірэпкі і ўзнялі рукі: «Так бы раней. Яшчэ страляюць!» — падумаў ён.
Раптам Праворны пачуў дзіцячы крык, такі жахлівы, што ўзводны адразу азірнуўся спалохана. На хлапчука-падлетка, які адбег за кювет, ляцеў руды ашчэраны звер. Ваўкадаў! Хлапчук, спыніўшыся і пазіраючы на яго, ад страху толькі выставіў перад сабой рукі...
Праворны забыўся на ўсё, — ён мігам кінуўся да сабакі. Узводны ўправіўся прабегчы толькі пяць — шэсць крокаў, як хлопчык ужо ўпаў. Ваўкадаў ускочыў на яго...
Праворны, выхапіўшы пісталет, стрэліў у сабаку, аднак ад таго, што малодшы лейтэнант баяўся параніць хлапчука, ён уцэліў няўдала. Ваўкадаў адразу кінуў ахвяру і адскочыў назад. Па ілбе яго цёк струменьчык крыві.
Сабака натапырыў шэрсць, зарычаў, потым, прысеўшы, скачком ірвануўся на лейтэнанта, але Праворны стрэліў зноў.
Ваўкадаў тузануўся і стаў валіцца...
Хлопчык, які ўжо крыху адбег ад гэтага месца, трывожна сачыў за лейтэнантам. Той парывіста ўсунуў пісталет у кабуру і, махнуўшы малому рукой, каб падышоў, прамовіў супакойліва:
— Не бойся! Больш не падымецца! Капут!..
Стрэлы навокал ужо сціхлі, — два ці тры гітлераўцы леглі мёртвыя, а іншыя, кінуўшы зброю, паднялі рукі...
Хлопчык нясмела наблізіўся да Праворнага. Ён яшчэ калаціўся ад перажытага жаху.
— Ой, дзядзечка, як я напалохаўся!.. Ён жа, гад, пазаўчора разарваў на дарозе адну жанчыну. А цяпер да мяне прычапіўся. Калі яго фашыст кінуў, то ён мне кроку не дае ступіць убок. Толькі я ступлю, — дык ён: гыр-р... А тут раптам страляніна. Я і не ўтрываў, адбег,— тады ён як кінецца! Як кінецца!..
— Нічога! Больш не кінецца. Супакойся!..
Тым часам байцоў і сержантаў ужо акружылі жанчыны, хлапчукі, дзяўчаты, яшчэ крыху разгубленыя і нясмелыя. Яны былі без меры ўзрушаны раптоўным ратункам, аслеплены шчасцем. Ці праўда ўсё гэта? Няўжо гэта не сон, а ява? Паверыць адразу цяжка!.. Праўда гэта?
Праўда, праўда.
Людзі абдымалі і цалавалі байцоў. Былі чуваць непаўторныя ўзрушаныя воклічы радасці — уся душа, увесь боль і ўсё шчасце ў гэтых простых словах. Людзі, як звычайна, у першыя хвіліны або маўчалі, або гаварылі толькі гэтымі воклічамі ды вачыма, што ззялі радасцю ці слязамі перажытага гора.
— Куды гэта вы накіраваліся, землякі? — запытаўся загарэлы, рухавы сержант Туравец у двух пажылых жанчын, якія толькі што цалавалі яго.
— А ліха яго ведае, куды ён гнаў! Каб яму пячонкі адсохлі! — жанчына гнеўна зірнула шырокімі зеленаватымі вачыма ў той бок, куды вяла дарога, як бы пытаючыся ад яе адказу. — Сарваў з месца і гоніць, гоніць на захад... Мусіць, у Нямеччыну хацеў даперці...
— Гэта ж, браценік, — перабіла яе другая, відаць, больш гаваркая, — калі нашы пачалі падыходзіць, прыехалі хрыпы ў сяло, выгналі ўсіх з хат на вуліцу... І загадалі, бачыш ты, ісці. Куды, чаго? Невядома... Антон, сусед мой, заўпарціўся, сказаў: не пайду!— дык адзін жандар выняў адразу наган і — пац-пац — застрэліў!..
— Ну і ўсё роўна, Ганна, — многія пасля паляглі! — прамовіла першая.
— Aгe ж, паляглі... Змагліся людзі ад голаду, падаюць, валяцца на зямлю. Дзіва што! А сеў на зямлю — значыцца, канец: або застрэляць, або яшчэ сабакамі зацкуюць... Жанчына ішла пры нас — з-пад Ржэва самага,— Алена яе таксама ведае,— кіўнула яна на таварышку. — Накульгвала тая ўсё на адну нагу, казала, што праткнула на цвік... Дык сабакі разарвалі жывую на маіх вачах.
Юрый спакойна, але так цвёрда, што нельга было сумнявацца ў яго словах, адказаў:
— Не хвалюйцеся, дарагія, мы з імі за ўсё разлічымся... І гэтую жанчыну з-пад Ржэва таксама прыпомнім.
— Адкуль вы, здалёку? — пытаўся Шарыфутдзінаў, жылісты, з мангольскімі дапытлівымі вачыма, які стаяў у іншым гурточку.
— Ды з розных куткоў, — адказала адна з жанчын, што акружылі аўтаматчыка. — Я вось, да прыкладу, з-пад Воршы, можа былі там? А ёсць некаторыя, кажуць, аж з-за Смаленска...
Хлапчук, якога выратаваў Праворны, адгукнуўся:
Читать дальше