Спрабуючы зноў падняцца, ён заўважыў, што на ім задымілася і ўспыхнула вопратка.
Поўнае няўтрымнай прагі жыць, вырвацца, збіраючы рэшткі сілы, не трацячы адзінай надзеі, упарта трымаючыся за яе, ніяк не хацела здацца, прымірыцца з непапраўнай бядою гэтае жыццё.
«Мішка, каласочак!.. Ганнуся!» — згадалася яму, згадалася такім жаданым, такім дарагім, што ён застагнаў ад болю, ад крыўды. «Мішук! Ганнуся!» — нібы клікаў ён нямымі, абпаленымі вуснамі, уставаў, браўся душою да іх, то з надзеяй, то з адчаем.
Ах, якімі любымі, якімі яснымі былі яны ў гэты момант, сын і жонка, як ірвалася да іх сэрца. І раз, і другі цягнуўся Якавенка да люка, спрабаваў выбрацца з дымнай гаркаты, з задухі, не верыў усё, што гэта — непапраўнае, канец, — цягнуўся і кожны раз без сілы аб'язджаў уніз.
Ад спёкі, ад слабасці, ад адчування бездапаможнасці ў галаве яго туманілася і блыталася. Туман быў нясцерпна гарачы, такі пякучы, што думкі ў ім вялі, гінулі, гарачы туман адзін поўніў непаслухмяную, неадольна пацяжэлую галаву. Якавенка траціў прытомнасць.
У імгненным пробліску яснасці ва ўяве яго зноў паўстала жаданае: Мішка абдымае за шыю!.. Як ён цягне ўніз!.. Так важка, што не ўтрымацца!.. Потым на міг у вачах успыхнула ўбачаная здалёк істужка рэчкі, якая здалася цяпер чырвонай... Зноў мільгануў твар Мішкі... Гэта было апошняе.
Якавенка, што ляжаў грудзямі на сядзенні, ужо нічога не цямячы, ужо больш па звычцы слаба варухнуўся і, пахіснуўшыся, упаў у полымя.
Удалося выратавацца толькі Рыбакову. Зразумеўшы, што здарылася, ён спрытна вынырнуў з люка і прабег згарача метраў пяцьдзесят да рэчкі. Тут, зачапіўшыся за прыгнутую лазіну, Рыбакоў спатыкнуўся і ўпаў.
Твар яго і асабліва рукі былі абпалены, вопратка на ім тлела, але Рыбакоў не заўважаў гэтага, ён бачыў, як з вежы, круцячыся, валіць чорны дым.
Ля машыны нікога не было відаць. Выскачыў яшчэ хто-небудзь ці толькі ён адзін?
Можа, там дапамагчы трэба каму-небудзь? Рыбакоў напружана ўзняўся на руках. Не, таму, хто не выскачыў, дапамагчы цяпер нельга...
Зямлю ўраз страсянуў грымотны выбух. У паветра паляцелі важкія кавалкі разарванай брані, адзін з якіх грымнуўся недалёка ад Рыбакова. Гэта ўзарваліся снарады — у машыне быў яшчэ амаль не расходаваны боекамплект.
Угару ўзнялося белае высокае воблака.
Неўзабаве выбухнулі паліўныя бакі...
Рыбакоў у роспачы азірнуўся назад і ўбачыў, як па захопленым мосце імчыць сюды танк. Адзін танк і чалавек шэсць аўтаматчыкаў былі ўжо на гэтым баку. Танк сек з гарматы і кулямётаў у бок бяроз, што раслі непадалёк, за прыбярэжнымі кустамі. Некалькі «трыццацьчацвёрак» падтрымлівалі яго з таго боку. Рыбакоў пачуў, як свішчуць нізка іх балванкі і асколачныя... Гэта як бы абудзіла Рыбакова.
Ён зноў павярнуўся да машыны, над якой уздымаўся дым, і застагнаў ад крыўды...
Так хутка, раптоўна...
5...
Лейтэнанта Якавенку і іншых танкістаў, што загінулі ў часе бою за мост, хавалі на беразе рэчкі, непадалёк ад месца гібелі. Тут, каля пераправы, ішоў паўтары гадзіны гарачы бой. Нарэшце, гітлераўцы ўсё ж вымушаны былі адысці, уступіць важны плацдарм.
На пахаванне забітых сабраліся таварышы: адна рота танкістаў і байцы з мотастралковага батальёна. Іншыя танкісты і аўтаматчыкі былі ўжо наперадзе — нельга затрымлівацца.
Усе тут яшчэ жывуць боем. Некаторыя як бы не вераць, што тых, з кім яны прышлі развітацца, сапраўды няма. Як жа няма, калі толькі гадзіны дзве назад яны з намі абмяркоўвалі задачу бою, жартавалі? Не, напэўна, якая-небудзь памылка! Можа, пераблыталі — можа, загінуў хто-небудзь іншы.
З краю шырокай ямы ільсніцца горкамі свежая, яшчэ вільготная зямля. Ляжаць поруч на брызенце, на разасланых шынялях танкісты і аўтаматчыкі. На дошчачцы, якая прыбіта да яшчэ неўкапанага слупка, напісаны іх прозвішчы, званні — сержант Каранькоў, механік-вадзіцель Ціхаміраў. Разам ішлі ў баях, разам ляжаць перад апошнім шляхам...
Якавенкі і трох чалавек з яго экіпажа няма. Застаўся жывым толькі абгарэлы Рыбакоў, якога яшчэ ў часе бою павезлі ў шпіталь...
Непадалёк, уперамешку з вупражкамі, што цягнуць цяжкія мінамёты, праходзіць пяхота, — адтуль хмурна пазіраюць на ўзарваную машыну. Плынь войск на другім баку ўсё гусцее...
Маўкліва і панура стаіць лес, які бачыў выбух полымя над танкам Якавенкі. Не шумяць, не трапечуць лісцем дрэвы, не рыпяць галіны, — усё замоўкла. Яны маўчаць не таму, што вецер сціх, яны, здаецца, таксама журацца над магіламі.
Читать дальше