— Вось і пераскочылі, Лёша! — Чарняхоўскі стаў паспешліва зашпільваць кіцель.
Гэтая ўдача вельмі ўзрадавала камандуючага, таму што Бярэзіна была вялікім водным рубяжом, зручным для абароны ворага. Заходні, вышэйшы бераг ракі, якая звілістай істужкай цягнулася з поўначы на поўдзень не адну сотню кіламетраў, быў загадзя немцамі ўмацаваны і падрыхтаваны да баёў. Як казалі палонныя, немцы збіраліся тут затрымаць наш наступ на Мінскім напрамку.
Чарняхоўскі з удзячнасцю падумаў пра партызан: дапамаглі! У гэтыя дні ён яшчэ больш палюбіў сваіх «памочнікаў», што праводзілі многія часці ў абход немцаў, цераз балоты, гушчары, папярэджвалі пра засады фашыстаў, зберагалі масты...
Камандуючы звязаўся з генералам Крыловым, пяхота якога хутка падыходзіла да ракі, прыспешыў:
— Крылоў?.. Чарняхоўскі. Толькі што атрымаў радыёграму — Абухаў за Бярэзінай. Так, перабраўся... Паўночней возера Палік... Адстаеш! Як жа — не адстаеш? Ужо адстаў... Хутчэй прабівайся і фарсіруй!..
Трэба было замацаваць тое, што зрабілі танкісты, утрымацца на занятай на другім баку тэрыторыі. І не толькі ўтрымацца, але і пашырыць яе.
У той жа дзень Крылоў далажыў, што пяхота падышла да Бярэзіны ўсцяж на шэсцьдзесят кіламетраў і пачала з боем перапраўляцца цераз яе.
— Які настрой у пяхоты? — запытаўся камандуючы.
Крылоў сказаў, што байцы проста ірвуцца на заходні бок ракі. Хто не можа плаваць, набіваюць палаткі сенам, збіваюць плыты — і на той бераг, у бой!..
Немцы контратакуюць па многа разоў, але вымушаны ўсё ж адступаць.
Так, настрой быў выдатны і ў пяхоты, і ў танкістаў, і ў сапёраў, у афіцэраў, у салдат — ва ўсіх. Чарняхоўскаму мімаволі прыгадаліся тыя дні, калі яго армія перапраўлялася пад Кіевам цераз Дняпро. Тады войскі вёў таксама такі ж нястрымны парыў, які рабіў тысячы звычайных людзей героямі.
Пазней Чарняхоўскі загадаў танкістам Абухава, прарваўшыся ў глыбіню нямецкіх пазіцый на правым баку Бярэзіны, павярнуць на поўдзень і рэзаць варожую абарону ўсцяж па фронту. Такі манеўр танкавых войск паставіць пад удар з поўначы варожыя часці ў Барысаве...
У той час каля Мінскай магістралі немцы вялі баі яшчэ далёка на ўсход ад Барысава. Яны тут супраціўляліся больш, як у якім-небудзь іншым месцы...
5...
Чарняхоўскі вышаў з хаты. У галаве пасля бяссоннай ночы пабольвала. Ён пастаяў на ганку, жмурачыся ад яркага святла, прайшоўся па двары. Абапёршыся аб плот, паглядзеў у недалёкі канец вуліцы, за якой, адразу за купкай дрэваў, пачынаўся выган. З двара аперупраўлення высунуўся і паімчаў за сяло бранявік.
«Бобр... Бобр...» — засела ў галаве назойлівае, неадступнае.
Ён пагладзіў далонню лоб, пачаў пахаджваць па двары. Заўважыўшы след аўтамашыны, успомніў, што раніцай кудысьці пайшла адна машына. Яна дасюль не вярнулася.
Камандуючы папрасіў ардзінарца, які стаяў каля хаты, паклікаць падпалкоўніка Камарова.
— Камароў, дзе машына?
Паручэнец — заўважыў Чарняхоўскі — збянтэжыўся, але «ўзяў сябе ў рукі» і бадзёра адрапартаваў:
— У раз'ездзе, таварыш камандуючы.
— Куды паслалі?
— У Маскву, таварыш камандуючы.
— У Маскву?! Чаго?
— Так што...— паручэнец змоўк, відаць, разважаючы, што казаць.— Дзяцішкам вашым тое-сёе, таварыш камандуючы... З трафеяў...
— Што адправілі?
— Дваццаць банак кансерваў, таварыш камандуючы... І дзесяць банак Джэма... Дзяцішкам. З трафеяў, — ухапіўся паручэнец за зачэпку. — Не з ваенторга.
— Ну, заладзіў — з трафеяў! — паморшчыўся Чарняхоўскі.— Чаму не параіўся са мной?
— Так што не хацеў непакоіць цераз такую дробязь...
— Дробязь... Вось што, Камароў, вярніце зараз жа машыну.
— Вінават...
— Што яшчэ?
— Яна далёка, таварыш камандуючы.
— Усё роўна. Паслаць «ПО-2», дагнаць і вярнуць!
Чарняхоўскі, даючы знак, што размова скончана, павярнуўся да генерала Івалгіна, які ўваходзіў на двор.
— У праціўніка выяўлена свежая дывізія,— паведаміў начальнік аперупраўлення.— Пятая танкавая дывізія,— перакінулі з-пад Ковеля...
— Зойдзем у дом,— Чарняхоўскі першым ступіў на ганак.
— З-пад Ковеля... Далёка прышлося ёй ехаць! Як вы думаеце, для чаго яе кінулі сюды?
Генерал-маёр сказаў, што каля станцыі Бобр гітлераўцы сканцэнтравалі многа танкаў і пяхоты: ён назваў, колькі там войск.
Было відаць, што немцы намерваюцца ўдарыць у фланг нашаму войску, каб перашкодзіць развіццю наступлення. Выбралі яны гэтае месца для ўдару таму, што фронт тут, у раёне магістралі, урэзаўся клінам у нашы пазіцыі.
Читать дальше