Хутка лейтэнанту давялося затрывожыцца пра іншае: выявілася, што батальён адарваўся ад штаба палка!
Усім, што засталося ад батальёна, камандаваў цяпер капітан Штаме. Ранейшы камандзір загінуў яшчэ на другі дзень рускага наступлення. Штаме, заўсёды п'яны і злосны, часта крычаў на ўсіх, пагражаў пісталетам. Нават Клямт пабойваўся яго, але лейтэнанта супакойвала думка, што такі чалавек не падвядзе ў цяжкую хвіліну ў баі.
— Дзе гэты пракляты штаб? — падышоўшы да Клямта, запытаўся капітан.
— Не ведаю, гэр капітан... Відаць, адстаў.
— Дурань! «Адстаў»! Гэтыя чысцюлі знарок адсталі і — пайшлі ў палон да бальшавікоў!.. Зразумела?
— Так, капітан.
Клямту нічога не было зразумела. Начальства няма, і што робіцца навокал, невядома. Куды ісці — ніхто не ведае, нават Штаме. Многія лічаць, што трэба хутчэй дабірацца да Барысава, але хто скажа, што там, у Барысаве, чакае? Можа, там бальшавікі?
Можна зняверыцца, паддацца адчаю. Некаторыя салдаты, відаць, ужо і зняверыліся: ёсць такія і сярод унтэраў. Але Клямт не з гэтакіх: ён не з ныцікаў, не паддасца. Цвёрдасць неабходна цяпер больш, чым калі-небудзь, асабліва камандзіру...
Трэба было б адпачыць, але ўсе, хто можа ісці, стараюцца не спыняцца. Хутчэй прабіцца б да сваіх.
Ужо быў блізка канец доўгаму дню, калі дарогу наперадзе перасеклі тры танкі. Спачатку ніхто не ведаў, чые гэта машыны, — салдаты спрачаліся: савецкія ці нямецкія.
— Нашы, — іранічна сказаў адзін. — Снарады ў іх для нас...
Два з танкаў развярнуліся, не спяшаючыся, навялі свае гарматы і ўдарылі з іх па калоне, а за гарматамі залескаталі кулямёты...
Салдаты — хто куды — рассеяліся па полі, па хмызняку.
Танкі павярнулі ў бок ад дарогі і неўзабаве схаваліся за ўзгоркам. Наступіла цішыня, і салдаты паступова пачалі збірацца зноў. Яны былі трывожныя: чакалі, што гэтыя танкі прывядуць за сабой другія. Нямала хто з салдат не вярнуўся сюды, і, што асабліва ўразіла Клямта, — невядома куды знік капітан Штаме!
Трывожна было і на душы Клямта. Але ён не паддаваўся бязвер'ю: ён наогул не быў схільны тлуміць сабе галаву рознымі сумненнямі.
Гэтая прыродная ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе, нарэшце, добра, заўсёды вельмі падтрымлівала Клямта.
Ён не разгубіўся і цяпер. Заўважыўшы, што ён стаў у батальёне бадай што старшым камандзірам, лейтэнант пачаў збіраць усіх салдат і так-сяк арганізоўваць іх. Клямт быў службістам, і тое, што яму дастаўся батальён, нямала цешыла яго.
Ён адчуваў, калі пачаў весці салдат, што лёс усклаў на яго нейкую асаблівую місію. Клямт выбраў абходны шлях, каб абмінуць тое месца, адкуль білі танкі і куды яны пайшлі.
Танкі больш не паяўляліся,..
Ужо ў вячэрнім змроку да Клямта, які ўсё ішоў наперад са сваім «батальёнам», пад'ехаў на кані сувязны афіцэр ад штаба палка.
— Дзе камандзір батальёна?— запытаўся сувязны.
Клямт адказаў:
— Я ўзяў на сябе абавязкі камандзіра батальёна.
— А што з капітанам Штаме?
— Знік... у час атакі рускіх танкаў.
Клямт усміхнуўся.
Ён бачыў, што сувязны зразумеў усё. Афіцэр перадаў лейтэнанту загад камандзіра палка: хутка весці батальён да рэчкі.
Афіцэр сказаў, што штаб палка знаходзіцца адсюль за тры кіламетры. Паказаўшы на карце месца, дзе іменна Клямту трэба быць, сувязны паехаў назад...
Значыцца, штаб жыве! Усё, выходзіць, наладжваецца, як лейтэнант і спадзяваўся. Усё будзе добра. Клямт думаў пра Штаме: уцёк, у цяжкую хвіліну здрадзіў. Хто б мог чакаць гэтага ад яго? Свіння. Баязлівец.
Ён, Клямт, будзе да канца помніць пра свой салдацкі абавязак.
3...
Клямт са сваім батальёнам рыхтаваўся да бою. Салдаты капалі на беразе ракі акопчыкі, капалі неахвотна і ляніва, бо лічылі, што робяць лішняе.
Калі яны, аднак, зрабілі ўсё як належыць, то ў гэтым заслуга Клямта. Лейтэнант прымусіў іх.
Абарону батальёна праверыў сам камандзір дывізіі. Генералу спадабаліся акопы і стараннасць цяперашняга камбата, і ён намякнуў Клямту, што пры належным выпадку пастараецца аддзякаваць яму.
Клямт быў усцешаны генеральскаю міласцю. Нягледзячы на цяжкую абстаноўку, ён адчуваў сябе некаторы час як імяніннік. Лейтэнанту малявалася прываблівая будучыня: пасля таго, як установіцца парадак, — а чакаць гэтага не прыдзецца доўга, — ён, Клямт, будзе камандаваць батальёнам. Яго, вядома, не здымуць з пасады, якая даверана яму лёсам, на якой ён ужо цяпер працуе ды яшчэ з такім поспехам. Падумаць толькі, ён адразу стане камандзірам сапраўднага батальёна! А Штаме зробіцца нікчэмнасцю: яго перавядуць у радавыя і асудзяць. Ён будзе зайздросціць Клямту!
Читать дальше