Крык гэты ў наступны міг прапаў з яе слыху. Яго змяніла новае: балюча ўдарыла ў рукі, у калені зямля, незвычайна цвёрдая, як камень.
Абапершыся колькі сілы на рукі, Ніна з намаганнем усхапілася, узбегла, успаўзла па травяністаму адхону за кювет, задыхаючыся, кінулася ў ратоўную цемру ельніку.
Цяпер яна нічога не чула вакол — ні свісту ветру, ні стрэлаў, якія загучалі ззаду, нават болю ад куль, якія, здагнаўшы, упіліся, пранізалі яе. Не зразумела, чаму раптам аслабела, звяла без сілы...
Як горача, як цяжка становіцца ў сярэдзіне. А галава нібы напаўняецца змрокам, чорным, асеннім.
Ярка ўспыхнула ў грудзях, якія гарэлі, поўніліся нясцерпным, жахлівым полымем, радасць, апошняя радасць яе жыцця.
— Люда... Дачушка мая, уцеха мая мілая!..
І тут жа ўсё згасла — і радасць, і жыццё...
1...
Недалёка ад Талачына лейтэнант Клямт і яго салдаты разам з усёй дывізіяй сышлі з шасэ на поўдзень.
Калона была яшчэ вялікая; гледзячы на яе, яшчэ можна было ўспомніць былую моц дывізіі. Але — толькі ўспомніць.
Хто, хто, а Клямт добра ведаў, як многа страціла яна: гэта была ўжо быццам іншая дывізія. Не было ў ёй вельмі многіх ветэранаў-афіцэраў і вопытных салдат. Усе яны палеглі за Оршай.
Між грузавікоў можна бачыць яшчэ нямала гармат. Толькі якая з іх карысць, з гармат, калі ў большасці з іх няма снарадаў. Артылерысты ўсё спадзяюцца, што снарады падвязуць, але снарадаў тых няма ды няма. І калі будуць,— невядома...
Не хапае таксама гаручага. З-за нястачы яго кінулі ўжо некалькі аўтамашын, хоць яны былі не лішнія. Уцалелыя транспарцёры і грузавікі перапоўнены салдатамі і ўнтэр-афіцэрамі.
У роце Клямта — розны зброд, як і ў батальёне, і ва ўсёй дывізіі. Тут можна сустрэць салдат з рознымі пагонамі, «прадстаўнікоў» усялякіх часцей. Усе перамяшаліся.
Настрой у большасці салдат узбуджаны, неспакойны — увесь час ходзяць то абнадзейлівыя, то панічныя чуткі, якія наводзяць трывогу:
— Рускія «панцэр»... Наперадзе, справа... сто «панцэр»!..
— О, так многа? Хлусня!
— З імі — кавалерыя. Дывізія Казакаў... Напэўна, сталі ў засаду. Чакаюць, калі падыдзем...
— Чорт пабяры! Я ўсё менш веру, што можна адсюль выбрацца жывым!..
— Батальён сапёраў ішоў справа ад нас... Учора наляцелі рускія казакі,— пасеклі ўсіх...
— Палавіну ў палон забралі. Мне гаварыў лейтэнант з трэцяй роты...
— Гавораць, да нас ідзе корпус. На дапамогу. Фюрэр паслаў... Яны ўжо каля Барысава...
— Пад Барысавам многа войск. Чакаюць толькі, калі рускія падыдуць. Дадуць бальшавікам!..
— Кацёл рускім зробяць...
— Мне казалі, што фюрэр даў загад ужыць новую зброю. Сакрэтную... Першага ліпеня!..
— Ну? Гэта — здорава.
Яны занепакоена паглядваюць у блакітнае высокае неба. Там амаль бесперапынна гудуць і звіняць чародкамі і вялікімі групамі савецкія самалёты. Праўда, яны звычайна ідуць на нейкія іншыя цэлі, але некаторыя з іх абстрэльваюць калону, кідаюць бомбы.
Учора адна бомба ўцэліла ў кузаў грузавіка, пашматаўшы і машыну, і ўсіх, хто там быў...
Ад самалётаў няма нідзе ратунку.
«Адкуль у рускіх столькі самалётаў?! І чаму мала відаць нашых? Куды яны падзеліся? Што з імі?..»— здзіўляецца Клямт.
Снарадаў так і не дачакаліся. Гаручае таксама не падвозілі, і таму амаль усе гарматы прышлося кінуць. Іх кінулі надвячоркам на ціхім узлессі. Некалькі гармат артылерысты ўзарвалі: зарадзілі ў апошні раз і, насыпаўшы ў ствалы пяску, стрэлілі.
— Што гэта?— запытаўся адзін салдат, пачуўшы недалёкія выбухі.
Другі адказаў абыякава:
— Гарматы ўзрываюць... Каб ісці было лягчэй.
— Так, чаго добрага, станем хутка гэткімі лёгкімі, што і паляцець зможам...
— ...на неба!
Назаўтра калону абстралялі з ляска: білі з кулямётаў і дробных мінамётаў. Міны выбухалі проста на дарозе. Вялікі ўзброены натоўп раптам звярнуў з дарогі ў поле, топчучы тых, хто ўпаў.
Потым высветлілася, што гэта была групка партызан. Калі адзін батальён, у якім быў Клямт, арганізаваўшыся, перайшоў у контратаку, партызан адбілі.
Клямт, як і некаторыя іншыя салдаты і афіцэры, быў нямала ўсцешаны гэтай «перамогай».
Салдаты вярнуліся да машын. Дзе-ні-дзе ўжо чуліся павесялелыя галасы, і Клямт слухаў гэтыя галасы з ахвотай.
Паехалі далей, уздымаючы пыл на дарогах, перасохлых ад спёкі.
Недзе збоку, ззаду, як відаць было з тапаграфічных карт, засталіся Крупкі. Набліжаўся Барысаў. Ён быў цяпер ужо недзе на сярэдзіне паміж захадам і поўначчу.
Читать дальше