Тут стаяла грузавая машына з адкінутай задняй сценкай кузава. «Добра, што грузавік някрыты»,— падумала Ніна. Адзін з канваіраў кішанёвым ліхтарыкам асвятліў жалезную драбінку, што была падстаўлена да кузава, і загадаў па ёй падымацца:
— Нінэль... ауф!
Жанчына, якая ўзыходзіла трэцяй, раптам пахіснулася і ўпала б, але да яе падскочыў адзін з турэмшчыкаў, падхапіў і падтрымаў, пакуль узнялася на дзве ступенькі.
— Ты — руская дрэнь! Паўзеш!..
Ён узлавана піхнуў яе наперад. Жанчына ўпала на дно кузава...
4...
Эсэсаўцы прымушалі ўзыходзіць па драбінцы амаль уподбег. Падганялі, білі і тых, хто марудзіў, і тых, хто слухаўся загадаў, спяшаўся. Ніну таксама, перад тым, як яна ступіла на драбінку, нечым балюча выгнулі ў спіну.
Яна пастаралася ўзняцца адной з першых, каб сесці каля барта. Поруч з ёй апынуліся дзве жанчыны з той жа камеры.
Кузаў набілі поўна... Апошнімі ўзабраліся некалькі эсэсаўцаў з аўтаматамі. Яны селі ззаду...
— Генц, чаго марудзіш, як... ксёндз на імшы! — нецярпліва крыкнуў адзін з кузава.
— Управіцеся!..
Той, хто адказаў, курыў. Зацягнуўшыся яшчэ некалькі разоў, ён кінуў цыгарку і палез у кабінку. Матор загурчаў, то ўзмацняючыся, то слабеючы, потым пачулася роўнае гуркатанне.
Вось і настаў той час, пра які яна столькі думала ў камеры. Калі іх павязуць у лагер, то трэба пакуль пачакаць: там будзе час агледзецца, можа ўдасца прыдумаць што-небудзь для ратунку. А калі ў Трасцянец, за горад,— трэба вырывацца цяпер. Інакш — будзе позна...
Грузавік выехаў з варот турмы. Па абодвух баках пабеглі назад нязграбныя шкілеты дамоў, горы ламачча, якія сумна чарнелі ў цемры. Навокал было пуста, мёртва. Нідзе ніводнага агеньчыку.
Машына павярнула ўправа, на Чэрвеньскі тракт. Яны едуць не ў лагер, бо лагер у іншым баку, на Шырокай вуліцы... Ну так, іх вязуць у бок Магілёўскага шасэ, каля якога Трасцянец.
— У Трасцянец едзем...— шапнула яна знаёмай жанчыне, што была каля яе пляча.
Яна адчула, як тужліва, самотна зрабілася ў грудзях. «А можа, яшчэ не ў Трасцянец, а можа, куды-небудзь у іншае месца»,— паспрабавала яна супакоіць сябе. Ад гэтай думкі ў яе на душы адразу палягчэла: і смерць, і такая вялікая рызыка адыходзілі, аддаляліся. Але, як ні супакойвала гэтая падманка, Ніна цешылася ёй нядоўга... Не, у Трасцянец,— нашто ж яна ашуквае сябе, заплюшчвае вочы перад праўдай, непрыемнай, але — праўдай...
Значыцца, марудзіць нельга.
— Я ўцяку! З машыны... Скочу,— шапнула Ніна суседцы ціха. Раптам прамовіла да яе:— Хочаце — разам?
Жанчына некаторы час думала. Потым Ніна адчула поціск яе рукі. Разам! Не можа быць, што ні адной не ўдасца вырвацца.
Ніна зірнула ўперад, на чорнае, як невядомасць, неба: сярод важкай чарнаты гарэла далёкая адзінокая зорка. Ад яе дзіўна маркотнага і вясёлага бляску сум падступаў мацней і трывожней; але ў Нініным сэрцы цераз гэты сум прабівалася, трапятала іскрачка, зорка, якая не хацела ні гаснуць, ні слабець, яе надзея... Можа, гэта яе, Ніны, зорка?..
Насустрач ляцеў вецер, які лашчыў твар. Ад гэтай пругкай плыні ветру яе цела станавілася дужэйшым...
Машына мінула горад. Па тым, што машыну перастала трэсці і колы мякка зашуршэлі, Ніна здагадалася: скончыўся брук і пачаўся асфальт. Хутка поле. Вось ужо вецер памацнеў. Наперадзе будзе злева ельнічак, ён падыходзіць да самага шасэ.
Там... Там трэба кінуцца...
Тое месца хутка набліжаецца. Як імчыць насустрач шасэ! Гэта добра — не адразу спыняцца. Толькі б скочыць удала, не разбіцца, не вывіхнуць нагу. Скочыць на зямлю і — адразу ў ельнік...
— Хутка скочу. Каля ельнічку,— шапнула суседцы.
Няўжо ж пападуць яны з аўтаматаў! Цёмна. Але ў іх многа аўтаматаў. Як моцна стукае сэрца! Эх, чаго гадаць — пападуць, не пападуць. Смялей!..
Штосьці, імкліва насоўваючыся, зачарнела наперадзе. Плямы фар, што хутка беглі па асфальту, прабіваючы цемру, рабілі ноч чарнейшай, і абрысы гэтага невядомага «штосьці», якое ляцела насустрач, ледзь-ледзь значыліся, бясформныя, таямнічыя. Але яна ведала,— гэта магло быць толькі адно тое, на што яна яшчэ магла спадзявацца...
Ельнік!..
Ельнік!
Як толькі цёмны абрыс наляцеў, пабег міма,— яна, нічога больш не думаючы, не разважаючы, не гадаючы, не трывожачыся, чуючы нейкую незвычайную лёгкасць у целе, ускочыла, хутка павярнулася, ступіла на дошку барта. У той момант, калі яна, ускінуўшы рукі, адчула, што ўжо ляціць, да слыху яе дайшло ў віхурнай мешаніне раскіданых уражанняў— крык, пагрозны крык тых, што везлі на гібель...
Читать дальше