— Ты, напэўна, першы раз? Калі цябе ўкінулі сюды? Учора?.. А я тут ужо цэлых пяць дзён...— Потым загаварыла гнеўна: — Эх ты, атопак фашысцкі! Думаеш, баюся? Бі, бі, вылюдак!.. спяшайся!.. Нядоўга яшчэ засталося!.. Бі, бі, гад!..— і ўслед за гэтым лагодней: — Тут на мяне дзівяцца — кажуць, шчаслівы характар у мяне. Нібы мне менш, як другім баліць... Проста я стараюся прыцішыць, адолець боль! — Клава зноў засмяялася.
Раптам з каморкі пачуўся прыдушаны, жахлівы стогн. Цётка Кацярына не магла больш трываць,— яна ірванула дзверы і падбегла да ложка. Схіліўшыся над Клавай, Кацярына ўбачыла, што тая ўжо не спіць.
— Што з табой, Клаўка?.. Што, дачушка мая?
— Нічога... Рознае глупства чаўпецца. Прыснілася, нібы «сонны» мяне б'е — наглядчык такі быў...
Цётка Кацярына дакранулася да Клавінага твару,— ён быў халодны і запатнелы...
— Перакіпела, ластаўка мая... Супакоіцца б табе трэба...
Жанчына, вобмацкам паправіўшы на Клаве коўдру, заклапочана затупала ў хату. Адтуль яна прынесла шклянку з нейкім настоем з зелля:
— Выпі, дачушка,— гэта добра супакойвае. Я, калі ператрывожуся, заўсёды п'ю. Яно нібы трошкі непрыемнае, але ж лякарствы ўсе, пэўна, нясмачныя...
Клава выпіла. Цётка Кацярына да світання не адыходзіла ад дзяўчыны, ціха размаўляла з ёю. Калі ў акенцы пачало спакваля шарэць, Клава нарэшце заснула, не даслухаўшы да канца нейкага апавядання.
3...
Дзень адышоў. Неба ў пройме акна пазелянела, потым паступова пачарнела. Запалілася электрычная лямпачка.
Ноч пайшла яшчэ павольней. На падлозе драмалі або часам перагаворваліся людзі, поблізу Ніны трызніла і стагнала жанчына, якую гестапаўцы прывезлі з «апрацоўкі».
— Хутка прыдуць зноў — «адпраўляць у дарогу»...— сказала Красуцкая.
Так, хутка прыдуць браць: або ў лагер, або ў Трасцянец. Яны з'яўляюцца сюды звычайна ў гэты час.
— Дык не забудзьце ўгавор,— зашаптала Ніна Красуцкай.— Калі вы застанецеся жыць, раскажыце пра мяне Аляксею. Знайдзіце яго і раскажыце ўсё. І Тураўца знайдзіце,— ён будзе, мусіць, у Мінску. Скажыце, што я не ашукала яго... А калі я выратуюся, я абяцаю вам...
— Добра, Ніна... Раскажы маім хлопцам, як я тут гаравала. Як гэтыя вылюдкі цягнулі з мяне жылы... Сэрца маё чуе, што ты выратуешся.
— Я не трачу надзеі! Але ўсяк можа быць... Вы тады толькі не гаварыце Аляксею жаласных слоў. Скажыце, што яна — я, значыцца,— была спакойная. Я, бачыце, такая і ёсць: спакойная. Я не баюся!.. Вы чуеце — не баюся!..
Ёй прыгадалася малочніца, якая пагражала паліцаю на рынку: гэтай, напэўна, было вельмі страшна. Папасціся так бязглузда, аддаць душу невядома за што...
— Шкада вось дачкі, што застанецца без маці... Хочацца, каб ёй ніколі не трапілася бяда. Мне так радасна, што яна ёсць, дачушачка мая! Вось я магу не вярнуцца, а яна будзе жыць! Мая кроў, мая ўцеха!.. Эх, каб вы бачылі, якая яна слаўная!..— Ніна ўсміхнулася, потым дадала задуменна:— Яна будзе помніць мяне? Праўда?
— Пра што пытаешся! Ды хто ж, Ніна, можа забыць маці!
— Скажыце Аляксею, каб ён вучыў яе помніць мяне без гора, без слёз. Не люблю слёз!.. Вось — цэлы запавет вам дала. І запомніць усё нялёгка... Гэта я так, на ўсякі выпадак...
Ніна ўзяла Красуцкую за локаць і моцна, да болю, сціснула.
— Не, я яшчэ паспрабую выратавацца! Як бы ні было, паспрабую! Хоць на дрот электрычны пабягу. Хоць на што!..
...Гестапаўцы ўвайшлі ў камеру пад поўнач. Пачалі выклікаць прозвішча за прозвішчам: так, як і ўчора, яны вельмі спяшаліся,— падганялі зняволеных лаянкай і кулакамі. «Мяне, мусіць, таксама возьмуць»,— думала Ніна. Але і на гэты раз яе не выклікалі.
Праз гадзіну прыблізна гестапаўцы зноў з'явіліся і вывелі яшчэ адну групу.
Пасля поўначы ўварваліся ў трэці раз: чатыры п'яныя ўзброеныя аўтаматамі эсэсаўцы. Адзін з іх, у чорным бліскучым дажджавіку і ссунутай набок фуражцы, выняўшы паперку, крыкнуў:
— Лакуновіч...
Ніна не пазнала свайго прозвішча, яно ўпершыню здалося нібы чужым.
«Каго гэта? Мяне?.. Ну так, мяне». Яна ўзнялася, нахіліўшыся да Красуцкай, папрасіла ціха:
— Глядзіце ж, не забудзьце... угавор...
Гестапаўцы адразу схапілі яе, сталі штурхаць да выхаду.
— Родныя мае... бывайце!— крыкнула яна людзям.— Чакайце нашых!.. Нашы ўжо блізка!..
Апошнія словы яна сказала з радасцю: не на іх, гэтых паганцаў, баку сіла, а на яе... Гестапавец злосна таўхануў яе ў калідор.
Услед за ёй з камеры вывелі яшчэ некалькі чалавек.
Па калідоры зняволеных, груба лаючы і б'ючы, вывелі на двор. У твар Ніны ўдарыла халаднаватай свежасцю начнога паветра. Закружылася галава, і Ніне здалося, што яна задыхаецца ад гэтай свежасці: даўно-даўно яна не дыхала такім паветрам.
Читать дальше