— Ну, і што яна, — пакуль не знайшла?!— Аляксей прамовіў гэта зусім спакойна, але Туравец заўважыў, як складкі пры кончыках яго губ уздрыгнулі і напружыліся. «Хвалюецца».
— Пакуль не знайшла. Каб яна даведалася пра Ніну, то паведаміла б мне...
— Дзе яна жыве, ці працуе? — Туравец сказаў, што Клава жыве недалёка адсюль, на Лодачнай.
— У мяне на прыкмеце ёсць яшчэ некалькі чалавек, вызваленых з турмы. Можа, хто-небудзь з іх і знаёмы з Нінай... Як бы там ні было, пагавары з імі. Запішы, я табе скажу, дзе яны жывуць.
Аляксей запісаў прозвішчы і адрасы ў кніжачку, якая была ў яго планшэце, і адразу стаў развітвацца. Туравец, паціскаючы руку, запытаўся, дзе ён жыве, і паабяцаў, як толькі ўдасца што-небудзь даведацца пра Ніну, паведаміць яму пра гэта.
Аляксей, вышаўшы на ціхую ўзбярэжную Свіслачы, усцяж якой хіліліся над вадою сівыя ніклыя вербы, адразу накіраваўся на пошукі.
Ад Тураўца ён ужо ведаў аб тым, калі і для чаго пасылалі Ніну, што яна дабралася да гарадка, спаткалася з сувязнымі, пасля чаго пайшла назад у лес. Расказаў Туравец таксама, што Ніна выпадкова наскочыла на засаду і што яе адправілі ў турму ў Мінск...
Ён перш за ўсё рашыў пайсці да Клавы Сняжко. Але тут яго чакала няўдача. Калі ён падышоў да яе хаты, то ўбачыў на дзвярах замок, — жанчына з суседняга двара, вешаючы бялізну, сказала, што Клава пайшла, здаецца, уладжвацца на працу і невядома калі вернецца. Гэта было на другі дзень пасля таго здарэння з Клаваю.
Аляксею не хацелася сядзець і чакаць невядома колькі часу, і ён пайшоў амаль праз паўгорада па другому адрасу...
Доўгія пошукі Аляксея амаль нічога яму не далі,— толькі адна жанчына, якая папала ў турму ў часе аблавы, крыху ведала Ніну, — ляжалі неяк поруч, але Ніна пра сябе нічога не гаварыла, а неўзабаве іх разлучылі, — «і, што далей было з ёй, я не магу сказаць». Нягледзячы на няўдачы, Аляксей усё-ткі працягваў пошукі. Ён пабываў і на Камароўцы, і на Ляхаўцы, адхадзіўшы па пыльных вуліцах не менш за паўтара дзесятка кіламетраў.
Чым больш Аляксей хадзіў, тым больш яго апаноўвала трывога. Шукаючы знаёмых Ніны, пытаючыся пра яе, ён хутка зразумеў, што з тых, хто быў у турме ў апошнія дні, амаль ніхто не выратаваўся. Амаль пра ўсіх гэтых людзей, як і пра Ніну, ніхто не мог сказаць, дзе яны...
Ён можа спадзявацца толькі на тое, што Ніне пашанцавала больш за другіх, што ёй выпала нейкае асобае, для яе адной, шчасце. Тая шчаслівая выпадковасць, якая гэтак рэдка бывае ў жыцці...
Позні вечар, цемра, якая ахутала прыціхлыя, неасветленыя вуліцы, прымусілі яго прыпыніць пошукі. Аляксей, натомлены за дзень, намерыўся падацца дамоў, як прыгадаў — не ў першы раз — словы Тураўца пра Клаву Сняжко. Няўжо яе і цяпер няма дома? Як бы там ні было, трэба зайсці да яе, трэба абавязкова ўбачыць яе. Яна ж была разам з Нінаю, бачыла яе яшчэ зусім нядаўна; яшчэ можа сёння здолела ўведаць што-небудзь ад іншых...
Увайшоўшы на Клавін двор, Аляксей заўважыў у адным акне цьмяную палоску святла, якое сеялася праз не зусім шчыльна прыкрытую маскіроўкай шыбу. Ён пастукаў у дзверы і пачуў мужчынскі голас у адказ: «Заходзьце». У пакоі, які быў асветлены цьмяным святлом ад мігалкі, што стаяла на стале, Аляксей убачыў невысокую, круглатварую дзяўчыну. Яна ішла насустрач. За сталом стаяў хлопец з карабінам — можа, брат,— ён, відаць, збіраўся некуды ісці. Аляксей прывітаўся.
— Выбачайце, што так позна турбую... Мне сказалі, што тут жыве Клава Сняжко.
— Так. Гэта я... А па якой вы справе? — Клава здзіўлена зірнула на незнаёмага капітана. Хто ён? Яна, здаецца, яго раней не бачыла.
— Я — Лагуновіч.
— Аляксей?! — вырвалася ў яе.
Дужкі-бровы яе раптам узляцелі. Яна на нейкі міг разгубілася і як бы спалохалася яго, і гэта прымусіла Аляксея насцеражыцца. Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, ён адчуў нядобрае.
— Мне Нічыпар Паўлавіч сказаў, што вы былі разам з Нінаю...
— Так, была... Але чаго мы стаім тут, — схамянулася Клава. Яна падышла да сценкі, дзе стаялі два табурэты: — Сядайце...
Але ні ён, ні яна не селі.
Аляксей заўважыў, што дзяўчыну, хоць яна цяпер і стараецца хаваць гэта, штосьці вельмі непакоіць. Пальцы яе нервова прабеглі па гузіках жакеткі, паправілі за ражкі касынку.
Аляксей моўчкі чакаў. У адрозненне ад Клавы ён здаваўся спакойным.
— Няма яе,— пачуў неспадзявана ён амаль шэпт, амаль стогн. — Няма...
«Каго, Ніны?» — хацелася запытацца Аляксею, але ён маўчаў. У яго ў грудзях адразу ўсё пахаладзела.
— Загінула яна... Пад ранне забралі яе... павезлі за горад...
Читать дальше