Нечакана ён заўважыў, што да поплаву ідзе жанчына. У мутных вачах звера бліснула занепакоенасць,— ён адразу ўскочыў і адбег у кусты. Жанчына падышла да хлапчука і, убачыўшы мёртвага, закрычала:
— Сыночак! Сыночак!
Яна пачала будзіць яго, варушыць, не верачы сваім вачам, прыпала да яго, цалуючы і плачучы. Потым Клямт пачуў роспачнае галошанне:
— Зверы, нелюдзі! За што яны цябе, сыночак?! Сонейка ты маё яснае, зорачка ты мая адзінокая!..
На гэты лямант падышло яшчэ трое жанчын і адзін мужчына. Яны аб нечым пачалі раіцца, паказваючы ў той бок, дзе схаваўся Клямт. Потым адна жанчына пабегла некуды, напэўна, у вёску, можа, склікаць людзей. Мужчына і дзве іншыя жанчыны сталі абшукваць кусты.
Клямт адчуў, што справа становіцца небяспечнай, і, выскачыўшы з кустоў, пабег да лесу, але яго заўважылі і сталі крычаць услед пагрозы. Азіраючыся, Клямт бачыў, што мужчына, размахваючы дручком, кінуўся наўздагон за ім. Аднак, калі лейтэнант дабег да лесу, мужчына спыніўся. Ён, відаць, думаў, што Клямт не адзін.
Лейтэнант, не марнуючы часу, стараўся як мага хутчэй адыйсці ад гэтага месца.
Яму ўдалося выратавацца. Але становішча з цягам часу ўсё пагаршалася, — ён быў так знясілены ад голаду і стомы, што амаль страціў здольнасць ратавацца і баяцца. Ім апаноўвала абыякавасць да ўсяго.
Адзін раз, разумеючы, што няма іншага выхаду, як пайсці ў палон, ён наблізіўся да вёскі, намерваючыся аддацца на волю пераможцы, але яму насустрач папаліся жанчыны. Клямт у гэтыя дні больш за ўсё баяўся жанчын. Лейтэнанту здавалася, што ад іх яму няма чаго іншага чакаць, акрамя смерці.
На трэці дзень уранні ён натрапіў на поле бою. У бульбяніку, перакапаным выбухамі мін, між пасечанага і дзе-ні-дзе патаптанага бацвіння, валяліся трупы немцаў. Яго гэта спачатку прымусіла ўстрывожыцца, але трывогу адразу заглушыла радасць.
Можна пажывіцца! І праўда, аблазіўшы трупы, абшукаўшы кішэні, ён знайшоў некалькі яшчэ не чэрствых кавалкаў хлеба і дзве банкі кансерваў. Зняў па прывычцы з аднаго ефрэйтара залаты пярсцёнак. Калі ён трымаў у руцэ гэтую бліскучую рэч, у яго галаве праплыла цьмяная думка, што золата цяпер ужо не мае ніякай каштоўнасці. Якая карысць з яго?
Гэта напомніла аб багацці, да якога ён увесь час імкнуўся. Багацце?! Мары разбагацець у Расіі! Усё руйнуецца, ідзе к д'яблу!.. Ён, вылаяўшыся, размахнуўся, каб кінуць са злосцю пярсцёнак, але стрымаўся,— хоць і без якой-небудзь радасці паклаў яго ў кішэню.
Падсілкаваўшыся, ён стаў мацнейшым і пайшоў прутчэй.
Праз некалькі кіламетраў ён убачыў каля дарогі падрыхтаваныя да бою нямецкія кулямёты і гарматы з абслугай, а далей на ўзлеску — пад галлём — грузавікі, каля якіх хадзіла многа нямецкіх салдат. Спрактыкаваным вокам ён адзначыў, што тут сапраўдная дысцыплінаваная часць. Афіцэр даваў загад некалькім салдатам, і тыя стаялі, як свечкі, іншыя з кацялкамі спяшаліся да кухні...
«Фронт?! Няўжо я вышаў з акружэння?» — падумаў узрадавана Клямт і заспяшаўся да салдат, крычучы, каб яны не стралялі. Прышлося хутка расчаравацца: першы ж вартавы, затрымаўшы яго, сказаў, што гэта яшчэ не лінія фронта.
І ўсё ж выгляд такога войска падбадзёрыў яго. Ён даведаўся, што перад ім салдаты некалі грознай 78-й штурмавой дывізіі. Клямт многа чуў пра камандзіра дывізіі Траута, які лічыўся адным з самых баявых нямецкіх генералаў. Лейтэнант ажыў, — цяпер ён, напэўна, праб'ецца-такі да сваіх.
3...
4 ліпеня рэшткі цэлага рада гітлераўскіх дывізій — 78 штурмавой, 25 механізаванай, 260 пяхотнай, а таксама штаб 27 армейскага корпуса, сабраліся ў адным месцы, у двух дзесятках кіламетраў ад Мінска. У гэтай групе апынуўся і генерал Баумволь.
Часці гэтыя былі моцна пабіты ў нядаўніх баях. Нават у 78 штурмавой дывізіі засталося цяпер толькі каля чатырох тысяч чалавек разам з прыданым ёй разбітым палком з іншай часці. Ва ўсёй дывізіі мелася крыху больш за сто машын і чатыры гарматы. Амаль усю артылерыю, у тым ліку і самаходную, дывізія страціла.
Усё-ткі тры дывізіі, сабраныя разам, мелі немалую сілу — у іх было больш за пятнаццаць тысяч салдат і афіцэраў. Праўда, становішча групы пагоршвала тое, што ў яе бракавала гаручага і боепрыпасаў. Два дні назад нямецкія транспартныя самалёты скінулі ў раён размяшчэння корпуса некалькі бочак з гаручым, але яго не хапіла і для паловы тых машын, што яшчэ былі ў часцях.
Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Камандаванне групы войск абяцала прыслаць дапамогу, але гэта пакуль былі толькі абяцанкі. З кожным днём надзеі на дапамогу нават з паветра слабелі.
Читать дальше