— Ясна, што за нас ніхто не зробіць...
— Ды ці ж мы не хочам працаваць? Рукі просяцца самі да працы...
І пачаліся тут роспыты — куды ісці, што рабіць? Што рабіць швейніцы, якая да вайны на фабрыцы працавала? А куды пайсці трамвайшчыку? Ці хутка будзе аднаўляцца трамвай? А ці ёсць ужо работы слесару-сантэхніку. А што таму, у каго няма спецыяльнасці? «Я да вайны вучылася у восьмым класе». Туравец, адказваючы ім, адчуваў, што ім сапраўды вельмі хочацца працаваць...
З ім развіталіся, як з добрым другам.
— Дзякуй вам вялікае. Не забывайце нас, зноў заходзьце сюды... Сцежка вядомая!
— Проста сюды, да помпы!
— Дзякуй, зайду...
Туравец правёў яшчэ адзін такі збор-мітынг каля лістоўкі з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пра вызваленне Мінска, дзе сабралася два дзесяткі чалавек.
Ён вяртаўся назад весялейшым. Цяпер, калі ён ішоў па Савецкай ці па вуліцы Энгельса, ішоў нейкі радасны і нібы дужэйшы, жахлівая спусцеласць вуліц і руіны здаваліся не такімі страшнымі. «Думаеш, не падымемся! — сам сабе, у думках, заспрачаўся Туравец з тым, хто разбурыў і спаліў усё. — Не падымемся? Эх ты, гадаўё фашысцкае!..»
Спускаючыся ўніз, каля Дома Чырвонай Арміі, ён падумаў, што вось ужо і ўвайшоў у той чаканы мірны свет. Адразу.
1...
Лейтэнант Клямт яшчэ па той бок Бярэзіны прыстаў да адной невялікай адступаючай часці, якая хутчэй нагадвала натоўп.
Трэба сказаць, што такіх часцей у немцаў тады было ўжо нямала. Знявераныя, дэмаралізаваныя, салдаты часта адставалі ад сваіх падраздзяленняў, стыхійна далучаліся да першага вайсковага натоўпу або паходнай кухні. Такія групы ўвесь час абрасталі новымі спадарожнікамі і гублялі іх пры кожным баі. Склад гэтых натоўпаў увесь час змяняўся, і цяпер у дывізіях часта былі не толькі салдаты, а і афіцэры з самых розных часцей, розных родаў зброі.
Але ў гітлераўцаў былі яшчэ і вельмі моцныя групы, добра ўзброеныя і дысцыплінаваныя. Па дарогах рушылі часамі цэлыя дывізіі амаль у поўным складзе.
Пасля здарэння ў лесе, калі Трэйдэ здрадзіў лейтэнанту і хацеў выдаць яго рускім, Клямт стаў адносіцца да сваіх спадарожнікаў недаверліва і насцярожана. Хоць ён трымаўся разам з групай, яму цяпер нярэдка прыходзілася душыць у сабе спакусу кінуць усіх і прабівацца аднаму.
Клямту ў гэтыя дні пашанцавала. Тады, калі ён ужо не мог ісці далей — былі да крыві сцёрты ногі,— яму пашчасціла выпадкова на ўзлессі натрапіць на вандроўнага каня. Клямт, хаваючыся за дрэвамі, непрыкметна падабраўся да яго і ўчапіўся ў рудую грыву. Калі лейтэнант праехаў некалькі кіламетраў, пяцёра салдат неспадзеўкі напалі на яго, намерваючыся сцягнуць на зямлю і адабраць каня.
Лейтэнанту ледзь удалося адбіцца. Каб не застацца зусім без каня, Клямт, добра разважыўшы, уступіў яго аднаму обер-лейтэнанту. Ехалі па чарзе.
На ўскраіне адной вёскі калону спынілі. Тут стваралі новую часць. Лейтэнант, патупаўшы, пацёршыся сярод незнаёмых, каторых затрымалі тут раней, нечакана спаткаў свайго ефрэйтара Келера, пра якога ўжо даўно, мусіць, дзён пяць, нічога не чуў і не ведаў. Ён чамусьці вельмі ўзрадаваўся спатканню з Келерам, і калі Клямту далі ўзвод, папрасіў, каб ефрэйтара накіравалі да яго. Як-ні-як, Келер быў смелы ваяка, і што там ні кажы, хоць і з «грашкамі», але ўсё ж «свой». Акрамя яго, ва ўзводзе не было ні аднаго знаёмага салдата.
Камандаваў часцю аднавокі, магутнага росту маёр. Сабраўшы афіцэраў у садзе, ён люта гаварыў, што трэба зараз жа, не шкадуючы нікога, устанавіць парадак і дысцыпліну, ён здаўся Клямту вельмі моцным і настойлівым чалавекам.
Пад вечар маёр загадаў прывесці ў роту, у якой знаходзіўся ўзвод Клямта, дэзерціра і пастроіць салдат. Ён сам выступіў перад строем, называючы ўцекача здраднікам і баязліўцам.
Салдаты слухалі панура. Скончыўшы прамову, маёр навёў сваё адзінае вока на Клямта і, павольна змерыўшы яго з галавы да ног, спакойна загадаў расстраляць уцекача. Лейтэнант казырнуў, падышоў да салдата, на хаду вымаючы з кабуры пісталет, і, амаль не цэлячыся, стрэліў у патыліцу. Салдат, ірвануўшыся напаследак, упаў тварам у зямлю. Клямт наском бота грэбліва пакратаў яго, памацаў пульс: уцякач быў мёртвы. Другой кулі не спатрэбілася. Аднавокі павярнуў сваё вялізнае цела да салдат і сказаў:
— Так я распраўлюся з кожным, хто не будзе выконваць мае загады.
Але падзея гэта, як заўважыў потым Клямт, не зрабіла таго ўражання, якога чакаў і на якое разлічваў маёр. Салдаты сталі толькі больш насцярожанымі і панурымі.
Читать дальше