— Прыдзе час — будзеце пісаць. Што ж зробіш,— давядзецца пакуль пачакаць. А падшукаем іншага чалавека — адпусцім... Толькі ўмова, Ціхан Сяргеевіч,— да той пары працаваць па-сапраўднаму. Ніякай скідкі на тое, што мала вопыту ў кіраванні, не будзе. Не дадзім спуску!
— Ну, ды ўжо, калі ўзяўся... то колькі здолею!
У гэты час у пакой ступіў чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў. Ён быў вельмі запылены,— відаць, чалавек прышоў сюды проста з дарогі. Падарожны адразу накіраваўся да Тураўца.
— Міхалап, — адрэкамендаваўся ён, сочачы за выразам твару Тураўца: — помніць ці не?
Туравец успомніў, узрадавана, ад душы паціснуў руку.
— Які вецер занёс сюды?! З партызан? Не, ты нешта больш нібыта на ваеннага падобны...
— Ваенны. Са шпіталя паслалі ў распараджэнне ЦК КП(б) Беларусі, а адтуль — сюды... За наступаючымі войскамі, можна сказаць, з другім эшалонам. А ты?
— А я? Ат, што я! У лесе ўсё быў...
— Ну-ну, па-ранейшаму ўсё любіш скромнічаць?.. Ага, — успомніў Міхалап,— дарэчы кіламетраў восемдзесят падвёз твой сын...
Туравец узрушана пачаў распытваць, дзе гэта было і што сын расказваў, і якім здаўся ён Міхалапу ў вайсковых абставінах. Туравец быў вельмі шчаслівы, чуючы, што сына таварышы паважаюць...
Потым ён запытаўся, дзе давялося быць Міхалапу за гады вайны. Ён слухаў расказ пра гэта з захапленнем: слаўны шлях прайшоў зямляк: абараняў Севастопаль і Сталінград, вызваляў многія гарады. Біяграфія яго, Тураўца, у гады вайны куды бяднейшая...
Вось каму даручыць кіраваць вялікім, амаль дашчэнту зруйнаваным станказаводам, дзе патрэбен асабліва моцны чалавек. Такі, можна спадзявацца, наладзіць справу!.. Ён зайшоў да Малініна, каб параіцца з ім пра гэта, але сакратар захацеў сам пазнаёміцца з Міхалапам.
Аб чым гаварыў Малінін з Міхалапам, Туравец не чуў, бо яго чакалі наведвальнікі, і ён адразу вярнуўся ў свой пакой. Жанчына год трыццаці,— яна да вайны была настаўніцай біялогіі, — камечачы ў руках даўно паблеклы капялюшык, гаварыла няўпэўнена:
— Я да вас, таварыш, за парадай: што рабіць? Хутка верасень, а ў нас у школе ніводнай парты, ніводнага падручніка ці кнігі.
Тураўцу было радасна, што настаўніца непакоіцца пра тое ж, што і ён. Відаць, насумавалася па любімай справе, зачакалася!
— Так, верасень ужо блізка... Праляціць паўтара месяца — і зноў малыя натоўпамі, з кніжкамі, са сшыткамі паплывуць, як ручайкі ў рэкі, да школ. Зазвіняць званкі... Даўно, даўно я не чуў гэтых званкоў. Прыду першага верасня да школы, спецыяльна прыду, стану і буду слухаць званок!..
— Дык, значыцца, першага верасня... пачнецца?
— Абавязкова. Гарком зробіць усё, каб пачаць у час. Перадайце гэта ўсім настаўнікам... Скажыце, што нам — і дзецям — патрэбна ваша дапамога, настаўнікаў. Якая? Зараз скажу... У школах будзе пакуль, відаць, цяжка з падручнікамі: каб надрукаваць іх, патрэбен час. Адразу не надрукаваць тысячы, праўда?
— Праўда, — кіўнула настаўніца.
— Таму трэба наведаць вучняў і сабраць, у каго ўцалелі, кнігі... У хуткім часе будзем рабіць улік дзяцей школьнага ўзросту. Тут мы таксама папросім настаўнікаў...
— Ды я... ды мы — хоць сёння! — не ўтрывала настаўніца.
Голас яе задрыжаў: — Я столькі чакала гэтага!.. Аж не верыцца... што зноў усё...
Ашчасліўленая, яна раптам устала і пачала хутка развітвацца, быццам некуды спяшаючыся.
Пасля яе ўвайшоў стары мужчына, які пытаўся, куды пісаць, каб даведацца пра лёс сваіх сыноў... З якімі толькі пытаннямі ні прыходзілі ў гэтыя дні ў гарком!
4...
Наведвальнікаў больш не было. Толькі што пайшоў да сябе на завод запылены Міхалап: Малінін адобрыў выбар загадчыка аддзела кадраў.
Туравец прайшоўся па пакойчыку, заўважыў раптам свой мяшок з рэчамі, які яшчэ ляжаў каля дзвярэй, і, адчыніўшы пустую нямецкую шафу, паклаў яго туды.
Акно каля стала было адчынена, і ў пакой плыў цёплы летні вецер, з якім час-ад-часу ўрываўся то стук капыт, то гурчанне вайсковага грузавіка.
Прышла золатавалосая знаёмая, якую ён спаткаў тут першай. Пасміхваючыся па-дзіцячаму шырока, яна напомніла Тураўцу:
— Нічыпар Паўлавіч, пра масы ты не забыўся? Не? Не трэба адрывацца ад мас. Масы чакаюць вашага слова...
— Гэта я з прыемнасцю. Хоць зараз,— адказаў Туравец,— Толькі скажы, куды? Вядома, не на фабрыку і не ва ўстанову?.. Здагадваюся: мусіць, проста — на вуліцы?
— Ты адгадаў — проста там, дзе трапіцца дзесятак — два мінчан...
— Як у першыя дні рэвалюцыі! Ажывае гісторыя...
Так, яму трэба выступіць проста на вуліцы, там, дзе на той час збяруцца групкай людзі...
Читать дальше