Людзі, якія жылі каля чыгункі, перабіраліся ў цішэйшыя раёны. Многія на ноч зусім выходзілі за горад, дзе можна было б адчуваць сябе спакайней. Мацеры неслі на руках ці вялі дзяцей, амаль заўсёды людзі валаклі з сабой і каляскі з дамашнім набыткам, бо хто мог ведаць, што, вярнуўшыся, убачыць сваю хату цэлай.
Але за горадам таксама было трывожна. Там час-ад-часу паяўляліся групы немцаў, якія падыходзілі да ўскраін і нават пранікалі ў горад. Цішыню ночы яшчэ нярэдка будзілі чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак.
У адну ноч аўтаматная страляніна ўзнялася ў гарадскім парку. Па бліжніх да парку вуліцах паляцела трывожная вестка: «Немцы ў парку!» Хтосьці пусціў чуткі, што гітлераўцы наступаюць і занялі частку горада.
У парк сапраўды пранікла вандроўная групка варожых аўтаматчыкаў. Яна была неўзабаве акружана і разбіта.
У горадзе доўга не ўціхалі пажары. Да вогнішчаў, якія ўзнікалі пад фашысцкімі бамбардзіроўшчыкамі, далучаліся пажары ад выбухаў будынкаў, замініраваных гітлераўцамі пры ўцёку мінамі замаруджанага дзеяння. Адзін з такіх выбухаў разбурыў левае крыло Дома Чырвонай Арміі.
Дзе-ні-дзе яшчэ гарэлі будынкі, падпаленыя да 3 ліпеня, — іх не маглі тушыць: у горадзе было мала вады.
Дымы ўздымаліся ўгару то чорнымі кіпучымі, шалёнымі клубамі, то празрыстымі згасаючымі струменямі. На вуліцах тхнула горкім і едкім пахам гары.
Разбураныя будынкі ў многіх месцах завалілі вуліцы. Цэлыя горы сцэментаваных глыб, пакручаных, пакарэжаных вялізных бэлек і ўсялякага друзу перагароджвалі шлях машынам, якія вымушаны былі шукаць абходных дарог.
Таму першыя дні многім мінчанам давялося брацца не за які-небудзь іншы занятак, а расчышчаць вуліцы. З гэтага ў іх пачыналася новае жыццё...
4 ліпеня на адной з вуліц сярод жанчын і мужчын, якія расчышчалі завал, можна было бачыць Клаву Сняжко. Яна яшчэ не паправілася пасля ўсяго перажытага, пасля ранення, вельмі хутка стамлялася; даволі далёкая дарога ў Мінск, якую яна прайшла пазаўчора, таксама далася ёй у знакі.
Ляжаць бы ёй, ляжаць ціха, ды патроху правіцца дома, — але хіба магла Клава ў такія дні сядзець спакойна ў хаце! Да таго ж у хаце яе пякло горкае гора: тут усё напамінала пра нябожчыцу-маці.
Амаль палову мінулай ночы Клава не заплюшчвала вачэй, бо на горад прарываліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі; выгнаўшы з хаты, яна бачыла, як у небе бегаюць зялёныя нажы пражэктараў і рвуцца снарады зенітак...
А вось цяпер, паспаўшы гадзіны дзве і памыўшыся халоднай вадой, вышла на вуліцу. Яе пабудзілі Сяргей і Вася Крайко, які, зрабіўшы жартаўліва-важны выгляд, назваў сябе ўпаўнаважаным па расчыстцы вуліц.
— Ого, якая рэдкая прафесія! — мімаволі пакпіла з яго Клава.
— Цудоўная прафесія! Можаце не кпіць, ну, праўда — такой другой больш ніколі не будзе... Пры гэтым, улічыце, — мне дадзены асобыя правы... Я не проста ўпаўнаважаны, а спецыяльна ўпаўнаважаны, ясна?— І пачуўшы, што ўсё ясна, Вася папрасіў яе сабраць на працу людзей, якія жывуць па суседству.
Яна неўзабаве прывяла на завал шаснаццаць чалавек.
— Каманда прышла. Што загадаеце, таварыш упаўна... спецыяльна ўпаўнаважаны?..
— Узяцца за справу...
— Ёсць. Зараз пачнем...
Але працаваць ёй у гэты дзень амаль не давялося. Ледзь яна толькі падняла некалькі каменняў, як у яе закружылася галава.
Штохвіліны падымаць каменні станавілася ўсё цяжэй. І ўсё больш хіліла да зямлі — легчы, спачыць... «Не, не трэба пра гэта думаць. Не трэба паддавацца».
Але неўзабаве яна ўсё-ткі апусцілася на каменную глыбу. Калі б Клава не села, то, напэўна, упала б,— так было ёй млосна. Да яе падбеглі некалькі ўстрывожаных жанчын.
— Нічога. Нічога, усё пройдзе... — паспрабавала ўсміхнуцца яна. — Штосьці галава кружыцца. Мусіць, ад таго, што не выспалася.
Ёй прышлося вярнуцца дамоў. Легчы...
2...
Туравец зірнуў у твар капітана, які сядзеў за тым жа сталом, насупраць. У капітана рука была на бялюткай, яшчэ не запыленай, не заношанай марлевай касынцы: відаць, перавязку яму рабілі зусім нядаўна. Акрамя Тураўца і капітана, у пакоі нікога не было.
— Ёсць тут у мяне падпольшчыца, якая была разам з Нінаю ў адной камеры. Толькі яе вывезлі з турмы раней за Ніну... — сказаў Туравец.
— Хто гэта?
— Клава Сняжко... Яна вельмі добра ведае Ніну, гаворыць, што яны там — у камеры — нават пасябравалі. Але — я яе ўжо аб гэтым пытаўся — пра далейшы лёс Ніны, дружа мой, ёй нічога невядома. Гэта я табе адразу кажу. Не буду таіць... На адно ў мяне надзея, што яна можа знайсці людзей, якія сустракаліся з Нінай. Клава, здаецца мне, такая, што, калі толькі можна знайсці іх, то яна знойдзе...
Читать дальше