— Так што скажы сваім, каб былі напагатове. Можа быць цёплая справа... — Малодшы лейтэнант чамусьці ніколі не гаварыў «гарачы бой» ці «гарачая справа».
Юрый, які адразу стаў хуткім, прыбегшы ў аддзяленне, крыкнуў сваім байцам падрыхтавацца да бою, праверыў, ці ўсе на месцах.
На батарэі артылерысты выгуквалі каманды; наводчыкі стаялі наўколенцах каля панарам, жорлы гармат цікавалі яшчэ нябачную цэль.
Юрый, звёўшы чорныя бровы, углядваўся ўдалеч, дзе дарога ўзыходзіла на пагорак. Адсюль да самага таго пагорка цягнулася поле, маўклівае, спякотнае, на якім ціха варушыліся жыты. Поблізу расла паласа даспелага ячменю. Недзе ў ячмені, быццам папярэджваючы пра надыход бою, трывожна затуркала перапёлка.
Колькі там іх? Юрый ведаў, што ў «катле» ёсць вялікія і вельмі моцныя групы; баючыся страшнага для іх акружэння, ірвучыся да сваіх, яны могуць біцца ашалела, з упартасцю смяротнікаў...
Раптам Юрый убачыў у полі непадалёк двух чалавек. Яны вышлі з-за ляска, дзе была вёска, і цяпер ні то гуляючы, ні то аглядваючы поле, брылі ў жыце. У адной постаці лёгка было пазнаць жанчыну, — яна ішла спакойна і, здаецца, слухала мужчыну, які, размахваючы рукамі, штосьці гаварыў і паказваў...
Хто гэта? Не падобна, каб гэта былі пераапранутыя немцы, бо людзі ішлі вельмі ж ужо бестрывожна ды і з боку Паплавоў, дзе былі нашы байцы. Але чаго гэтыя дзве постаці вышлі ў поле ў такі час?
Юрый загадаў Шарыфутдзінаву даставіць іх сюды.
— Чаго ходзіш тут, чалавек — галава, два вухі?!— накінуўся салдат на Жывіцу. Ён ці зрабіў выгляд, што не пазнае «старшыню», ці і сапраўды не пазнаў. — Страляць будзем тут!
Не даўшы Жывіцы слова сказаць, Шарыфутдзінаў загадаў ісці следам. Як толькі незнаёмыя, — цяпер было ясна, што гэта свае, мабыць, з Паплавоў, — былі прыведзены, сержант, не распытваючыся ні аб чым, паслаў іх з Шарыфутдзінавым да Праворнага.
Каля Праворнага, які праціраў вочка бінокля, быў якраз камандзір партызан Дрозд і яго сувязны, малы Шабунёк.
Тут адбылося незвычайнае. Не ўправіўся Шарыфутдзінаў нават пачаць дакладваць камандзіру пра затрыманых, калі сувязны, узрадавана крыкнуўшы: «мамка!», забыўшыся пра сваю дарослую паважнасць, кінуўся да жанчыны. Тая моўчкі, але пяшчотна прыгарнула малога да сябе.
Дрозд, здзіўлена маргаючы выцвілымі вейкамі, утаропіўся ў твар мужчыны:
— Ты — Жывіца? Адкуль ты зваліўся сюды?..
— Не зваліўся, сусед, а прыкаціўся... — узрадавана адказаў Жывіца.
— Хутка ж ты!.. І ўжо на поле? Ах ты, неспакойная твая душа. Ты ж мог у лапы да гітлераўцаў трапіць, ды яшчэ — чорт ты гэтакі!— Аўдоццю завесці.
— Я трапіў бы? Я іх, братачка, за пяць вёрст чую!..
— Бач, які самаўпэўнены, малодшы лейтэнант?
— Такі не трапіць!— заклапочана прамовіў Праворны, сочачы за полем. — Шарыфутдзінаў, можаш ісці назад...
— Ты ведаеш, жыта і ячмень выдаліся нядрэнныя,— адгукнуўся Жывіца.— Вельмі нядрэнныя, сказаць, выраслі. А бульба — гэтая падгуляла. Падгуляла, сусед... Зямля збяднела, карміць яе трэба...
— Трэба!..
Праворны азірнуўся на Дразда і прамовіў ціха:
— Паявіліся!..
2...
Юрый таксама ўбачыў гітлераўцаў — доўгая шэрая калона, узбіваючы хмару пылу, паволі выпаўзала на пагорак. Наперадзе, выставіўшы, нібы шчупальцы, ствалы гармат, асцярожліва сунуліся танк і дзве самаходкі.
Калі яны падышлі блізка, у кустах, зіхнуўшы языкамі-полымем, ударылі гарматы, — абедзве самаходкі некалькімі трапнымі стрэламі былі падбіты. Танк хутка збочыў і пачаў, манеўруючы, часта страляць з гарматы.
Тады калона на полі стала распаўзацца ўшыр, загаварылі нявідныя адсюль нямецкія гарматы і мінамёты. Яны найбольш абстрэльвалі батарэю, каля якой цяпер увесь час не сціхаў грукат.
Калона ішла проста па полі, мнучы і топчучы збажыну. З-за пагорка выпаўзлі яшчэ некалькі танкаў, за якімі варушыліся густыя рады і купкі пехацінцаў, ледзьве бачных у жыце. «Адкуль іх столькі сабралася!» — падумаў здзіўлена і ўстрывожана Юрый. Шарыфутдзінаў штосьці сказаў, але Юрый не разабраў тых слоў, і казах паўтарыў у другі раз:
— Як саранча, кажу... Яны — як саранча!.. Паўзуць. Многа.
Там, каля ўзгорка, было, напэўна, разы ў два больш, як нашых.
— Нічога, мы ўжо бачылі такіх, — Юрый сказаў з ноткай пагарды і знарок спакойна.
— Бачылі! С-саранча...
Юрыю ўжо не раз даводзілася біць гітлераўцаў і бачыць, як яны — няхай часам пасля вялікага бою — уздымаюць паслухмяна рукі. Спрактыкаваным вокам франтавіка Юрый заўважыў, што ў тых, хто хацеў прарвацца, цяпер было менш, як калі-небудзь раней, парадку і зладжанасці...
Читать дальше