— Іван харошы чалавек. Можа, праўда, гаварыць складна не ўмее... Дык жа з завода, як і я — з вёскі. Ніхто нас не вучыў...
Ён сумна ўсміхнуўся, прыгладзіў далонню ўскудлачаныя валасы, і яму раптам захацелася сказаць нешта такое, што б здзівіла, уразіла яе, прымусіла глянуць на яго, як ка чалавека незвычайнага, моцнага, рашучага. Ён паказаў ёй скрутак газет:
— Вось мы чытаем у нашай роце. І іншым даём.
Галасоўская здзіўлена ўзяла газеты, прачытала загаловак:
— «Звезда», — прачытала подпісы пад артыкуламі: — Алёша... Мартуні... — сказала: — Нейкія ж дужа дзіўныя прозвішчы ў аўтараў, як вулічныя мянушкі.
Потым глянула на Кузьму:
— Але ж гэта бальшавіцкія газеты...
— А мы і ёсць бальшавікі, — смела і радасна сустрэў яе погляд Кузьма. — І я, і Юшкоў, і Пчалаводаў, і Лусковіч з Беламесных.
Яна пабялела, трошкі замялася, чамусьці дакранулася пальцамі да сваіх вуснаў:
— Кожны мае права на барацьбу. Была б яна толькі разумная і карысная.
Кузьма не заўважаў яе разгубленасці, гаварыў далей, узбуджана, весела, і быў падобны на глушца на такавішчы, што, захапіўшыся ўласнай песняй, нічога не бачыць наўкола.
— Барацьба наша разумная і правільная. У нас ужо з Мінскам сувязь ёсць, з бальшавіцкім камітэтам. А там людзі талковыя сядзяць...
Галасоўская слухала яго, спакайнеючы, паліваючыся ружовасцю ў твары, і раптам сказала:
— А вы дрэнны канспіратар.
Кузьма не зразумеў гэтага слова, на імгненне разгубіўся, але толькі на імгненне, і зноў загаварыў:
— Помніце палкавы мітынг у Нясвіжы? Як камітэт выбіралі? Я вас тады на трыбуне ўбачыў, з чырвоным бантам на грудзях. Такая вы былі прыгожая, уся нейкая светлая, шчаслівая. Быццам толькі што на свет нарадзіліся. З Юшковым схапіліся спрачацца, а твар у вас вясёлы, мірны. Я і падумаў тады, што такім людзям, як вы, новы свет будаваць, дзе ўсё будзе добрае і ўсе будуць добрыя...
Яна слухала яго ўважліва, ёй, як жанчыне, было, вядома ж, прыемна чуць такія словы, словы непрыхаванага захаплення. І гаварыў такія словы не Жорж Суханаў, далікатны генеральскі сынок, не Іосіф Васкрасенскі, маладзенькі пышнабароды попік, які на бацькавай дачы пад Петраградам у кампаніі «залатой моладзі» выклікаў духаў продкаў: гаварыў іх просты салдат, учарашні мужык, з прамымі сялянскімі валасамі, з шэрымі разумнымі вачамі, з цёмным ад загару круглявым тварам, на якім рэзка, як чорныя дугі, вылучаліся бровы і левае брыво было, чамусьці значна шырэйшае і даўжэйшае за правае.
З лазарэта Кузьма вярнуўся ў сваю роту, і адразу ж бурная плынь падзей, нібы трэску, падхапіла яго і закруціла ў сваіх магутных вірах. Ужо праз дзень ці два яму не верылася, што быў калісьці лазарэт, цішыня, ад якой звінела ў вушах, прыгожы жаночы твар, што ў забыцці хваробы, нібы маладзік, узышоў над яго ложкам.
Іхні полк рыхтаваўся да наступлення. Толькі крывёй, новай крывёй, можна было змыць памяць аб трупах, што гнілі пад Соламі і Баранавічамі. Толькі крывёй можно было заліць полымя нездавальнення і гневу, што шугала ў арміях, у салдацкіх сэрцах. Салдаты, якія яшчэ зусім нядаўна вялі ціхае жыццё ў сваіх вёсках, былі прыдаткам сахі, былі паслухмянымі і маўклівымі, нібы зямля, не хацелі болей паміраць, бо ў жыцці, як блакітная прасветліна ў цёмных хмарах, з'явіўся сэнс, з'явілася надзея на заўтрашняе шчасце. У поспех наступлення ніхто не верыў: ні акопнікі, ні генералы ў Стаўцы ў Магілёве.
Паручнік Стахееў, напіўшыся, крычаў у афіцэрскім бліндажы:
— Што ж, калі не атрымаецца, загінем як героі. Няхай пераходзяць у наступленне немцы. Трэба, як кажуць маракі, адчыніць кінгстоны, і пруская вада затопіць гэты вар'яцкі карабель.
Але «карабель» не хацеў ісці на дно. Новыя лоцманы былі ўжо ў яго, новыя капітаны.
Кузьма адразу ж трапіў на ротны мітынг.
— Не пойдзем у бой. Хай ідуць афіцэры, — стомлена і злосна гаварыў Бугроў, нізкарослы белабрысы салдацік. Ён стаяў на скрынцы з-пад снарадаў, у расхрыстаным, заляпаным рудой гразёю шынялі і раз-пораз, не хаваючыся і не саромеючыся, тонкай бруднай рукой чухаў сабе то грудзі, то галаву. Салдаты стаялі і сядзелі наўкола, курылі, грызлі сухары, чысцілі вінтоўкі, сушылі анучы і падтрымлівалі Бугрова крыкамі:
— Правільна!
— Хай ваююць афіцэры!
— Хопіць ім віно жэрці!
— Дадому хочам!
Жабрэеў, разгублены і раззлаваны, таксама быў на мітынгу, усё парываўся нешта сказаць, але ніхто не слухаў яго, усе незадаволена, пагрозна гулі і нават шкуматнулі яго за крысо шыняля, калі ён хацеў пасля Бугрова ўзлезці на скрынку з-пад снарадаў.
Читать дальше