Праўда, сяды-тады ўзнікала разумная і лагічная думка: трэба ісці ў бальніцу, класціся, калі спатрэбіцца, на аперацыю, і на нейкі час рабілася лягчэй. Аднак ці то сорам, ці то страх перад магчымай аперацыяй, а мо і тое, і другое, перашкаджалі зрабіць рашучы крок, і яна ўсё адкладвала з дня на дзень сваё рашэнне...
Яна ўбіла сабе ў галаву, што нікому не патрэбная, хоць і ведала, што, мусіць, гэта не так: яна яшчэ не старая, больш за сваіх равесніц захавала прыгажосць і прывабнасць, не такія яшчэ выходзяць замуж, аднак ніхто не рабіў і намёкаў на заляцанні, чаго яна тайна жадала і чаго баялася. Баялася, разумеючы: наўрад ці каго яна зможа палюбіць, душа была пустою і халоднай, як склеп, яе каханне, мусіць, назаўсёды забраў з сабою ў магілу Віктар. Нават у тыя тры месяцы, калі была блізкай з Аляксеем, не пакідала адчуванне граху, сваёй віны перад Віктарам, здавалася, ён увесь час сочыць, нізашто не даруе. I тады з жахам думала: а ці не звіхнулася?!
Пасля таго як прагнала Аляксея, заўважала, што адбыўся нейкі зрух і ў яе пачуццях да Віктара. Дагэтуль ніколі, ні ў чым яна не вінаваціла Віктара, цяпер накаплялася і пакаплялася нейкая горыч і крыўда, разабрацца ў якой пакуль што не магла. Якое права ён меў так бязглузда рызыкаваць, так па-дурному паміраць? З якой гэта ласкі ён будзе даймаць яе ўсё жыццё?!I калі заявіўся Міхась, з парога прапануючы выходзіць за яго замуж, магчыма, яна не задумалася б, адразу ж згадзілася, каб было так, што ён проста развёўся з жонкай: ну, не сышліся характарам, ну, яшчэ што-небудзь, а тут... Нешта нядобрае, брыдкае стаяла за гэтым разводам...
Hi тады, ні праз дзень, ні праз тыдзень не магла сказаць ні «так», ні «не». Яна думала, думала да бяссонніцы, то ўжо, здавалася, рашыла, то зноў пачынала вагацца. I ўвогуле было дзіўнае ўражанне, быццам яе ўнутранае «я» раздваілася, размежавалася, як святло і цемень, як плюс і мінус, і кожнае хоча перасіліць, прыцягнуць на свой бок.
Плюс, прыстойненькі, як анёлачак, абураўся: «Ты што, звар’яцела? Падумай толькі: забраць у калекі мужа, у дзіцяці бацьку! Да скону дзён табе не будзе спакою».
Нячысцік-мінус ставіў пытанне рубам: «Ну і дурная! Што ты траціш? Табе і траціць няма чаго. Не ўпускай апошні шанц,— і здзіўлена разводзіў рукамі: — Чаму ты ўсё жыццё павінна быць нешчаслівая? Не забывай, што некалі не ты ў яе, а яна ў цябе яго забрала...»
«Шчасце...— скептычна ўсміхаўся анёлак.— Ён колісь здрадзіў табе, потым у цяжкую хвіліну здрадзіў жонцы, дачцэ. Захацела шчасця, замешанага на здрадзе. Не бывае такога шчасця».
«А што табе засталося? Чаго дачакаешся? — хіхікаў чорцік і сцвярджаў: — Нічога не засталося! Ісці ў бальніцу, лячыцца, спакушаць новага Аляксея? Ха-ха-ха! Ды без законнага мужа нават у той бальніцы будзеш белаю варонай. Табе патрэбны законны муж, хоць на месяц, хоць на паўгода, але патрэбны. Грызе сумленне перад былой Міхасёвай жонкай? А ў чым ты вінавата перад ёю?
Ты ж яго не кахаеш. Шлюб без кахання — амаральна».
«Ха-ха-ха...— па-мефістофельску рагатаў нячысцік.— Хто верыць у гэтую лухту? — і здзекліва дадаў: — Зрэшты, твая справа — заставайся адна ў сваёй кватэры, дзе нават рэха, як у труне...»
«Лепш ужо адной векаваць, чым такое замужжа »
«I знойдуць некалі, як Антолю...»
***
«Так, пэўна, няма на свеце цяжэйшай спрэчкі, як спрэчка сама з сабою — сябе не падманеш,— думала Люба.— Канечне, можна хапацца, як тапелец за саломінку, спадзявацца, што ўсё абыдзецца, сцерпіцца-злюбіцца, аднак, у рэшце рэшт, мусіць, заўсёды наступае расплата за той падман, за кампраміс з сумленнем...» Гэтая думка апякала яе. Разгублена агледзелася па баках, нібы шукаючы нейкага ратунку. Але ратунку не было...
Госці сяк-так цягнулі знаёмую старую вясельную песню, памалу здымалася скаванасць са свата, гаманілі нешта дружкі з др у жкамі, старая Ступакевічыха выплакала свае слёзы. Выпітая гарэлка брала сваё. Люба ліхаманкава глядзела ў адны, другія, пятыя, дзесятыя вочы — і не знаходзіла таго, чаго так хацелася знайсці — спагады ці хоць якога разумення. Вочы былі то затуманеныя хмелем, то чужыя, няласкавыя, усё тут было чужым, недарэчным, і яна адчула. такую жуду, такую адзіноту, якой яшчэ ніколі не адчувала.
***
Старая Ступакевічыха была, бадай, адным чалавекам, хто не ўзяў яшчэ ні кроплі гарэлкі, таму магла глядзець на ўсё цвярозымі вачыма. Яна ўвогуле не п’е, а каб і магла выпіць — нельга, яна гаспадыня. Гасцям гуляць, а яе справа клапаціцца, каб не было пуста на сталах, каб залагодзіць кожнага. Такая ўжо гаспадыньская доля...
Читать дальше