Усвядомiўшы сваю поўную плягу, ён спынiў доследы i захварэў так, што ледзь не памёр.
20
У яго пачалася моцная гарачка, першымi днямi з вялiкiм паценнем, а потым, калi перасталi функцыянаваць поры ў скуры, усё цела пайшло нарывамi. Гэтыя барвовыя пухiры абсыпалi яго з ног да галавы. Некаторыя лопалiся i вывяргалi сваё вадзянiстае змесцiва, каб потым нарваць зноў. Другiя распухалi да памераў фурункулаў, брынялi, барвовелi i выбухалi, як кратэры, сачылiся мярзотным гноем i вылiвалi разведзеную жоўтымi пацёкамi кроў. Неўзабаве Грануй стаў падобны на пакутнiка, прабiтага камянямi з сярэдзiны, зняможанага сотнямi гнойных ран.
Бальдзiнi, вядома, затрывожыўся. Было б вельмi недарэчы страцiць такога каштоўнага вучня пад той момант, калi ён толькi-толькi намерыўся пашырыць свой гандаль за межы горада i нават усёй краiны. I не дзiва, не толькi з правiнцыi, але i з-за мяжы, ад асоб, наблiжаных да двара, усё часцей iшлi заказы на тыя модныя пахошчы, ад якiх вар'яцеў Парыж; Бальдзiнi насiўся з iдэяй задаволiць гэты попыт i адкрыць фiлiю ў Сэнт-Антуанскiм прадмесцi, сапраўдную маленькую мануфактуру, адкуль найбольш хадавыя духмянасцi, змяшаныя en gros*, налiтыя ў далiкатныя маленькiя флаконiкi i ўпакаваныя чароўнымi маленькiмi дзяўчаткамi, будуць рассылацца ў Галандыю, Англiю i Германскую iмперыю. Праўда, такi iнтэрас быў бы не зусiм законны ў аселага ў Парыжы рамеснiка, але ж з нядаўняга Бальдзiнi даступiўся да высокай ласкi, заўдзячаючы ёй сваiмi рафiнаванымi духамi; апекаваўся мэтрам не толькi Iнтэндант, але i такiя ўплывовыя асобы, як пан Даглядаты парыжскай мытнi цi Член каралеўскага фiнансавага кабiнета i лепшы прыяцель эканамiчна расквiтнелых прадпрыемстваў пан Фэйдо дэ Бру. Гэты памянёны нават намякаў на магчымасць атрымаць каралеўскi прывiлей -- найлепшае, пра што можна было марыць: гэты прывiлей дазваляў абысцi ўсе дзяржаўныя i цэхавыя завалы, азначаў канец усiм цярпенням у камерцыi i вечную гарантыю надзейнага, недатыкальнага дабрабыту.
Апрача таго быў i яшчэ адзiн план, якi выношваў Бальдзiнi, яго неадчэпная iдэя, нейкi антыпод праекту мануфактуры ў Сэнт-Антуанскiм прадмесцi -- вытворчасць тавараў хай не масавага, але ўсё ж даступнага ў лаўцы любому i кожнаму.
Ён хацеў бы стварыць персанальныя духi ўсiм выбраным з высокай i найвышэйшай клiентуры: каб духi як пашытая па мерцы вопратка пасавала толькi адной пэўнай асобе, каб толькi гэтая асоба мела права карыстацца iмi i даваць iм сваё найсвятлейшае iмя. Ён уяўляў сабе: парфума "Маркiза дэ Сэрнэй", "Маршал дэ Вiяр", "Герцаг д'Эгiён" i г.д. Ён марыў пра духi "Мадам маркiза дэ Пампадур" i нават пра духi "Яго Вялiкасць Кароль" у грацыёзным гранёным гранатавым флаконе i аправе з залатой чаканкай, а ўсярэдзiне на донцы будзе выгравiраваны сцiплы надпiс: "Джузэпэ Бальдзiнi, парфумнiк". Каралеўскае iмя i iмя ягонае, Бальдзiнi, на адным прадмеце. Вось у якiх вышынях лунала фантазiя Бальдзiнi! I раптам Грануй захварэў. А Грымаль жа, царства яму нябеснае, бажыўся, што хлопец нiколi не хварэе, што яму ўсё -- дармо, што нават чорная чума яго не бярэ. А ён вось узяў i як бы знехаця захварэў мала не да смерцi. А калi памрэ? Жах! Тады разам з iм памруць i ўсе мары пра мануфактуру, цудоўных маленькiх дзяўчатак, прывiлей i духi Караля.
Таму Бальдзiнi рашыў зрабiць усё, каб уратаваць дарагое жыццё свайго вучня. Ён загадаў перасялiць яго з нараў у майстэрнi на верхнi паверх дома, у чыстую пасцель. Ён загадаў абцягнуць пасцель дамастынам. Сваiмi рукамi дапамагаў ён заносiць угору вузкi тапчан, хоць яго аж на ванiты брала, калi ён бачыў пухiры i гнойныя нарывы. Ён загадаў жонцы гатаваць хвораму курыны булён з вiном. Ён запрасiў самага моднага ў квартале доктара, нейкага Пракопа, якому-- заплацi наперад за адну толькi згоду на вiзiт.
Доктар прыйшоў, падняў вострымi пальцамi прасцiну, кiнуў толькi позiрк на цела Грануя, якое сапраўды выглядала так, быццам яго прастрэлiлi сто куль, i выйшаў з пакоя, нават не адчынiўшы сумкi, якую ўвесь час цягаў за iм памочнiк. Выпадак абсалютна ясны, заявiў ён Бальдзiнi. Гаворка iдзе пра сiфiлiтычны падвiд чорнай воспы з давескам гнойнага адзёру in stadio ultimo***. Лячэнне не мае сэнсу ўжо таму, што нельга як след зрабiць кравапусканне: адсоска не ўтрымаецца ў целе, бо яно распадаецца i падобнае больш на труп, чым на жывы арганiзм. I хоць характэрны гэтай хваробе чумны пах яшчэ не пранюхваецца -- што ўжо само па сабе дзiва i ў навуковым аспекце ёсць пэўны кур'ёз,-- няма нiякага сумнення, што хворы памрэ ў блiжэйшыя сорак восем гадзiн. Гэта Ясна, як i тое, што яго завуць доктар Пракоп. Потым ён яшчэ раз спатрабаваў дваццаць франкаў ганарару за вiзiт i складзены прагноз -- з iх ён абяцаўся вярнуць пяць франкаў у тым выпадку, калi яму аддадуць труп з класiчнай сiмптаматыкай дзеля дэманстрацыйных мэтаў,--i адкланяўся.
Читать дальше